Дэпутаты апынуліся на лаве падсудных

У Лёзне за падробку службовых дакументаў на лаву падсудных трапіў дэпутат мясцовага райсавету Міхаіл Зазіт. Дырэктару сельгаспрадпрыемства «Данукалава-Агра» разам з намесніцай Людмілай Шаторанкай за службовы падлог пагражае штраф, пазбаўленне волі ды права займаць пэўныя пасады. Пасаду дырэктара дэпутат Зазіт займаў амаль 17 гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тут няма розніцы – судзіць тых, хто пратэстуе супраць улады, ці тых, хто нібыта з‘яўляецца часткай яе. Няхай на мясцовым, ці цэнтральным узроўні. Таму што план па выкрыцці карупцыі і эканамічных злачынствах ніхто не адмяняў», – сказаў былы работнік Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі Анатоль Котаў.

Праблемы пачаліся, калі аб прадпрыемстве «Данукалава-Агра» згадалі на нарадзе Лукашэнкі ў лютым. Тады ў гаспадарцы за прыпіскамі ды справаздачамі заўважылі зніжэнне сярэднядзённага росту вагі цялушак на шэсцьдзесят адзін грам, што і прывяло Зазіта і ягоную намесніцу ў суд.

«Немагчыма ў сённяшніх умовах не дапускаць таго, пра што вельмі клапоціцца Генпракуратура Беларусі. То бок падзяжу ската. Адзіны спосаб працягнуць сваё існаванне на пасадзе кіраўніка – гэта прыпіскі, якія ў пэўны час могуць быць выкрытыя», – дадаў Анатоль Котаў.

Раней Зазіта судзілі паводле адміністратыўнай справы за невыкананне пісьмовых прадпісанняў кантрольных органаў. Пасля выкрыцця Лукашэнкам у адной з гаспадарак брудных кароваў.

«З аднаго боку трэба паказваць барацьбу з карупцыяй, што ўлада гэтым неяк займаецца. З іншага боку карупцыянеры – гэта выхадцы з гэтай сістэмы і караць жорстка іх нельга, каб сістэма гэтая не развалілася», – паведаміў прэс-сакратар «BELPOL» Аляксандр Кабанаў.

Толькі на Віцебшчыне з пачатку года крымінальныя справы завялі супраць васьмі дэпутатаў. Акрамя вышэйзгаданага Лёзненскага раёну, судовыя працэсы адбыліся ў Полацкім, Аршанскім, Шумілінскім раёнах і Віцебску. Найчасцей дэпутатаў абвінавачвалі ў крадзяжах, махлярствах, службовых падробках і карупцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Закон і заканадаўства. Фота: Inbusiness.kz

«Пры аўтарытарнай форме кіравання гэта абсалютна заканамернае наступства. Не быць карупцыянерам у сістэме, якую стварыў беларускі кіраўнік немагчыма. Яна заточаная на карупцыю», – заявіў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

Большасць дэпутатаў атрымалі мяккія прысуды: або «хатнюю хімію», або пазбаўленне волі з адтэрмінаваннем на некалькі гадоў.

«Чыноўнік, на якога ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, будзе паслухмяны. Ён будзе на кароткім павадку ў гэтага рэжыму. Ён будзе абсалютна кантралюемым. Таму гэта частка кадравай стратэгіі беларускага рэжыму», – дадаў Анатоль Лябедзька.

Толькі адзін судовы працэс закончыўся рэальным тэрмінам. За паўторнае атрыманне хабару дырэктара Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання Юрыя Заблоцкага асудзілі да пяці з паловаю гадоў і штрафу ў адзінаццаць тысяч рублёў.

Андрэй Сульжыц «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама