У Беларусь прыбыла новая партыя вагнэраўцаў

Новая партыя баевікоў Вагнэра прыбыла ў Беларусь – інфармацыя з’явілася ў тэлеграм-канале «Беларускага Гаюна». Паведамляецца, што цяпер у нашай краіне можа перабываць некалькі сотняў прыгожынскіх наймітаў. Таксама ў Беларусі чарговы раз заўважылі самалёт Прыгожына. Якую небяспеку можа ўяўляць ПВК Вагнэра для краінаў-суседзяў і для саміх беларусаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусь прыехала чацвёртая калона вагнэраўцаў – паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Паводле яе, на тэрыторыі краіны ўжо не менш за 600–700 баевікоў. Іх размяшчаюць у лагеры каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну. Абстаноўка спакойная – адказваюць раённыя ўлады на пытанні журналістаў аб бяспецы мясцовых жыхароў.

«Лукашэнка нават у вачах свайго электарату наўрад ці выйграе, бо рэпутацыя ў вагнэраўцаў, мякка кажучы, спецыфічная. І насельніцтва ўжо, відавочна, напружылася, чакаючы, што тыя будуць паводзіцца ў адпаведнасці са сваімі норавамі», – кажа палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

70 % нашых гледачоў, апытаных праз сацсеткі «Белсату», адназначна лічаць, што вагнэраўцы пагражаюць бяспецы беларусаў. Лукашэнка, падобна, усведамляе настроі ў грамадстве і спрабуе супакойваць народ.

Непакояцца і суседзі. Прэзідэнты Польшчы, Літвы ды Латвіі звярнулі ўвагу партнёраў з NATO на небяспеку, якая сыходзіць з Беларусі пасля размяшчэння вагнэраўцаў.

«Гэта фактар рызыкі. Але ў такім выглядзе, у якім вагнэраўцы цяпер у Беларусі, – з лёгкаю зброяй, без тэхнікі – яны не могуць сурʼёзна паўплываць на нашую архітэктуру бяспекі», – мяркуе Лаўрынас Кашчунас, кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы.

Літоўскі бок працягне маніторыць сітуацыю, кажа парламентар. Бо далейшыя планы вагнэраўцаў невядомыя.

«Лукашэнка мае зразумець: калі ПВК Вагнэра пачне дзейнічаць супраць краінаў NATO або Украіны – гэта будзе адказнасць самога Лукашэнкі», – сцвярджае Лаўрынас Кашчунас.

Ці здольная група Вагнэра стварыць рэальную ваенную пагрозу для краінаў NATO і Украіны? Вагнэраўцы больш прыдатныя для гібрыдных аперацыяў, а не для паўнавартаснай вайны, мяркуе вайсковы аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

«Як толькі яны бяруць удзел у вайсковым функцыянале, то адбываецца, як у Бахмуце: дзясяткі тысячаў вагнэраўцаў кінулі ў мясарубку, пад нож. І які вынік? Такі, што яны нават горад толкам не маглі захапіць за 10 месяцаў», – тлумачыць Аляксандр Каваленка.

Прапаганда, аднак, імкнецца пашырыць думку, што вагнэраўцы могуць падзяліцца з беларускім войскам нейкім карысным досведам.

Злева – найміт ПВК Вагнэра на трэнаванні тэрытарыяльнай абароны пад Асіповічамі. Скрыншот відэа: «ВоенТВ» / Telegram

«Дыверсійная дзейнасць, тэрарыстычная дзейнасць, дзейнасці ў фармаце дыверсійна-выведвальных групаў – тут сапраўды ёсць чым падзяліцца. Але дзе беларуская армія будзе ўжываць навыкі вядзення гібрыдных баявых дзеянняў?» – разважае Аляксандр Каваленка.

Ці можа Лукашэнка выкарыстаць ПВК Вагнэра дзеля патрэбаў уласнай бяспекі на выпадак новых народных хваляванняў або прыходу ў Беларусь атрадаў узброенай апазіцыі?

«У Лукашэнкі цвіком сядзіць думка, што калі яны здрадзілі Пуціну, то і мне яны ў любы момант могуць здрадзіць. У Пуціна было болей грошай: ён сам прызнаўся, што плаціў мільярды вагнэраўцам. Але яны яму вернымі не засталіся. А ў Лукашэнкі такога “залатога запасу” відавочна няма», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Аналітык прагназуе, што вагнэраўцы, імаверна, будуць шукаць сабе працы за межамі Беларусі. Там, дзе яны могуць разлічваць на той заробак, да якога звыклі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама