Ці пойдуць краіны ЕЗ на поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю?

Усё менш магчымасцяў прайсці мяжу з Еўразвязам. Літоўская Рэспубліка зачыніла два пункты пропуску – «Шумскас» і «Твярачус».

Вось што пра гэта кажуць жыхару літоўскага Шумску:

«Гэта вельмі дрэнна. Могілкі, дзе пахаваны мой дзед, яны з таго боку, цяпер мы не зможам туды паехаць».

«Нічога добрага ў гэтым няма. Тут жа заробак для людзей, сям’я, бізнес. Я супраць – мы не можам сустрэцца з нашымі суседзямі!»

«Вядома, могуць быць сітуацыі з вагнэраўцамі. Калі мяжа закрытая, гэта больш бяспечна».

Пад канец лета ўлады Польшчы, Літвы і Латвіі абмяркуюць магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў.

«Я думаю, што закрыццё граніцы – гэта тое, чаго вельмі баіцца Лукашэнка. Гэта закране інтарэсы рэжыму. Але гэта будзе вялікі дыскамфорт для людзей у Літве і Беларусі. Цяжка сказаць, ці такое рашэнне будзе прынятае. Я думаю, што не», – кажа Томас Тамілінас, дэпутат Сойму Літоўскай Рэспублікі.

Прычына абмеркаванняў – не толькі прысутнасць у Беларусі баевікоў групы Вагнэра, але і штодзённыя нелегальныя спробы мігрантаў прайсці мяжу. Таксама краіны Еўразвязу патрабуюць вызвалення палітвязняў, у прыватнасці, Польшча закрыла пераход «Баброўнікі» адразу пасля незаконнага выраку журналісту Анджэю Пачобуту. Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юры Дракахруст мяркуе, што Лукашэнка тэарэтычна мог бы пайсці насустрач паводле спецыяльнай формулы:

«Леанід Ільіч [Брэжнеў] таксама быў не самы слабы палітык. Але пасадзілі Салжаніцына на самалёт, які прыляцеў у Бон. Салжаніцына выштурхнулі на трап, самалёт развярнуўся і паляцеў. Ніякае не вызваленне, нічога. Проста быў чалавек у СССР – і няма яго ў СССР. Могуць так з Анджэем паступіць».

Поўнае ж закрыццё межаў моцна паўплывае на штодзённае жыццё ў Беларусі, адзначаюць эканамісты. Цэны на прадукты вырастуць, а замежная садавіна і гародніна будзе пастаўляцца ў кепскім стане, праз малы тэрмін прыдатнасці.

«Усё, што прыходзіла ў Еўрапейскі Звяз, у Беларусі спачатку знікне, потым зʼявіцца, але нашмат даражэйшым. Яно пойдзе нашмат даўжэй, праз Расею, Каўказ», – звяртае ўвагу эканаміст Алесь Чайчыц, вядоўца тэлеграм-каналу «RADYJO ČAJČYC».

У Беларусі ўзмоцняцца праблемы з медычным абсталяваннем, відаць, моцна падаражэюць лекі. Закрыццё мяжы з Еўразвязам можа падарваць айчынную аграгаспадарку – Беларусь дагэтуль імпартуе з Захаду насенне і харчовыя дадаткі для жывёльных кармоў. А пытанне транзіту тавараў можа непакоіць Кітай, працягвае Юры Дракахруст:

«Лукашэнку з Пекіну маглі сказаць, што даводзіць да спынення транзіту, каб кітайскія тавары не маглі ісці ў Еўропу, а еўрапейскія – у Кітай, гэта нядобра. Трэба зрабіць так, каб гэтага не было».

На думку аналітыка, гэта аспект сапраўды хвалюе Лукашэнку.

Пакуль жа ўзурпатар не робіць ніякіх рэальных крокаў для паляпшэння сітуацыі – у Беларусі працягваюць здзек з палітвязняў, а мігранты атакуюць межы Еўрапейскага Звязу. Суседнія ж краіны чарговым разам папярэджваюць рэжым Лукашэнкі пра наступствы ягоных дзеяў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама