МУС падлічыў беларусаў, якія з’ехалі

«Ім грошы калі і даюць, «ціхушкам», «лахушкам», то толькі ўлічваючы, што ў іх там пару тысяч людзей, якія беглі разам з імі», – гэтак Лукашэнка выказваўся летась у студзені. Цяпер жа рэжым апелюе зусім іншымі лічбамі. У Міністэрстве ўнутраных справаў агучылі колькасць беларусаў, якія пакінулі краіну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«За 2021-2022 гады пакінулі тэрыторыю Беларусі больш за 200 тысяч грамадзянаў. Гэта розныя прычыны: або від на жыхарства, або рэлакацыя айцішнікаў і іх сямейнікаў і гэтак далей. Натуральна, гэта багата, бо гэта працаздольнае насельніцтва», – кіраўнік дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

Аднак у пераліку прычынаў масавай эміграцыі беларусаў чыноўнік МУС не агучыў адной з галоўных – пераслед апанентаў рэжыму. Дый лік мігрантаў на фоне палітычнай сітуацыі ў краіне насамрэч можа быць большы. Летась Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ацаніла, што пасля жніўня 2020-га года з краіны выехалі ад 200 да 500 тысячаў чалавек.

«Тое, што гэта бʼе па эканоміцы, па сацыяльнай сферы, улады не моцна хвалявала і тады, не моцна хвалюе і цяпер. Галоўнае – гэта палітычная праблема. Галоўнае, што тыя людзі, якія не любяць Лукашэнку, зʼязджаюць з краіны», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свобада» Валер Карбалевіч.

Тое, што зʼязджае пераважна працаздольнае насельніцтва, адлюстроўвае афіцыйная статыстыка. Паводле Белстату, летась у лістападзе ў эканоміцы краіны былі занятыя больш за 4 мільёны 140 тысячаў чалавек. Гэта амаль на 3 тысячы працаўнікоў менш, чымся ў кастрычніку. А з пачатку 2023-га года іхная колькасць скарацілася амаль на 50 тысячаў. У такой сітуацыі ў Беларусі ўжо запатрабаваныя спецыялісты без працоўнага досведу, а рэжым плануе актыўна прыцягваць працоўныя рукі з-за мяжы.

«У Беларусі самы малы заробак з краінаў, якія знаходзяцца навокал. Калі мы паглядзім на заробак у краінах ЕАЭС, то толькі ў Кыргызстане трохі меншы заробак, чым у Беларусі. Але я не веру, што казахі ці ўзбекі паедуць у далёкую-далёкую Беларусь. Іншых краінаў няма, з якіх маглі прыцягнуць працоўных мігрантаў. Таму гэтая ідэя існуе толькі на паперы», – патлумачыў блогер, прадпрымальнік і вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Чыгуначны вакзал. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года. Фота: Цімур Котаў / Белсат

Такую захаду прадугледжвае праект канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040-га года. Там жа прапісалі і неабходнасць спыніць адток насельніцтва. Аднак якім чынам, аўтары не ўдакладнілі. Пакуль жа рэжым працягвае паляваць на ўладальнікаў карты паляка і пагражае адказнасцю тым, хто не паведаміць пра ВНЖ або грамадзянства іншай краіны.

«Вярнуць усіх назад? Нібыта адныя ведамствы выступаюць за тое, каб вярнуць. Але ствараюць для гэтага камісію, якая складаецца з зусім адыёзных людзей, якія вельмі жорстка адносяцца да тых, хто зʼехаў. Ну і бачым, што шмат людзей, якія прыязджаюць, – тут іх арыштоўваюць», – адзначыў Валер Карбалевіч.

Аднак праблему рэжым бачыць у адтоку не толькі кадраў, але і капіталу. Прынамсі летась за дзевяць месяцаў з краіны вывелі больш за мільярд долараў. Каб змагацца з вывадам грошай у гэтак званыя непрыязныя краіны, трэба рабіць «маланкавыя захады», заявіў напярэдадні Лукашэнка на чарговай нарадзе.

Інвестарам Лукашэнка абяцае адныя з найлепшых, паводле яго, умоваў. А ў МУС – яшчэ і магчымасць атрымаць сталы від на жыхарства. Але для гэтага замежнік мусіць інвеставаць у эканоміку Беларусі да 150-ці тысяч еўраў.

«Я не магу сабе ўявіць таго замежніка, тую краіну, з пункту гледжання якой Беларусь будзе спрыяльнай для таго, каб атрымаць гэты від на жыхарства на падставе інвестыцыяў. Бо шмат якіх краінаў з нармальным урадам, нармальнымі ўмовамі, з незалежным судом маюць шмат лягчэйшыя ўмовы», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

Прыгадаў Аляксандр Кныровіч і нядаўнюю пастанову Савету Міністраў. Згодна з ёй, інвестары з краінаў, якія «здзяйсняюць несяброўскія дзеянні, мусяць атрымаць дазвол на продаж маёмасці ў Беларусі ад мясцовых чыноўнікаў». Ды сплаціць камісію, памер якой мае быць не меншы за дваццаць пяць адсоткаў ад рынкавага кошту адпаведных доляў, акцыяў ці нерухомасці.

Ірына Юрʼева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама