Залегчы на дно ў Расеі: небяспечна ці не заўсёды?

Каля 30 % тых, каго шукаюць сілавікі рэжыму, хаваюцца ў Расеі. Пра гэта адрапартаваў кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Іван Кубракоў у Маскве на супольнай калегіі з расейскімі сілавікамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Асаблівую небяспеку, паводле Кубракова, уяўляюць так званыя экстрэмісты або тэрарысты. У нашай краіне такі статус найчасцей атрымоўваюць апаненты рэжыму Лукашэнкі, якія нярэдка, ратуючыся ад пераследу, уцякаюць на тэрыторыю Расеі. Дзе іх вышукваюць і экстрадуюць у Беларусь.

«Але інфармацыйныя базы ў Беларусі і Расеі ў гэтай частцы цяпер сінхранізаваныя. Таму ні Расея для беларусаў, ні Беларусь для расейцаў не стануць месцам, каб перачакаць ці пазбегнуць пераследу свайго рэжыму», – адзначыў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Сярод найгучнейшых прыкладаў – дужаннік Аляксей Кудзін. Пасля экстрадыцыі яму прысудзілі два з паловаю гады калоніі за супраціў сілавікам падчас акцыі пратэсту ў жніўні 2020-га. Летась расейскія ўлады выдалі беларуску Яну Пінчук. На радзіме ёй пагражае да 19-ці гадоў зняволення паводле пяці крымінальных артыкулаў, у тым ліку – за стварэнне ці кіраўніцтва тэрарыстычнай арганізацыяй.

Экстрадыцыйны працэс, адзначыў адвакат Алесь Міхалевіч, пачынаецца з моманту затрымання. Але яго вынік у гэтым выпадку залежыць ад артыкулу, паводле якога чалавека вінавацяць.

«На жаль, Расея паўтарае за Беларуссю і большасць рэчаў уводзіць у свой крымінальны кодэкс. Калі падобнага артыкулу няма, вялікія шанцы, што будзе адмова на падставе таго, што тэст падвойнай крыміналізацыі не будзе выкананы», – патлумачыў адвакат, сябра Чэшскай палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч.

А таму трэба спрабаваць гэтым карыстацца для абароны.

«Перш за ўсё трэба знайсці мясцовага адваката, папрасіць звязацца з намі і перадаць кейс, каб прааналізаваць яго на прадмет двайной крыміналізацыі ды іншых прычынаў, якія могуць легчы ў аснову адмовы ад экстрадыцыі. Пасля разам з расейскім адвакатам, з якім вы працуеце, паспрабаваць абараніцца ў экстрадыцыйным працэсе», – дадаў Алесь Міхалевіч.

Але падобная выдача не заўсёды адбываецца паводле закону. Нямала выпадкаў, калі людзей, патрэбных рэжыму, проста выкрадаюць з Расеі. Бо паміж КДБ і ФСБ існуе таемная дамова, зазначае Алесь Міхалевіч. Аднак для тэрміновай эвакуацыі ў якасці перавалачнага пункту Расея можа быць не найгоршым варыянтам, мяркуе кіраўнік фонду салідарнасці ««BYSOL»» Андрэй Стрыжак:

«Гэта вельмі вялікая краіна, у якой дастаткова развітыя карупцыйныя традыцыі. І калі можна адкупіцца наўпрост ад мясцовых “мянтоў”, то гэта можна зрабіць. У Беларусі гэта цалкам немагчыма».

Пацвярджае гэта пераслед, які не спыняецца ў нашай краіне. Праваабаронцы паведамілі пра затрыманне як мінімум 10-ці чалавек на дзяржаўных прадпрыемствах Новалукомля. У Гомлі напярэдадні сілавікі правялі чарговую аблаву. Ахвярамі сталіся дзевяць асобаў. Падстава для затрымання – падпіскі на каналы, якія сілавікі рэжыму лічаць экстрэмісцкімі.

Ірына Юр’ева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама