Чаму ўлады не любілі Васіля Быкава?

Стасункі Быкава з уладамі ніколі не былі простымі. Ягоныя першыя літаратурныя поспехі суправаджаюцца ўдарамі з боку савецкай крытыкі. Маўляў, героі зусім не гераічныя, а самі творы – гэта «ідэалагічная дыверсія». «Органы» праслухоўваюць тэлефон і кватэру, чытаюць лісты пісьменніка. Яго даймаюць начнымі званкамі, аднойчы збіваюць. Ягоныя «нездаровыя палітычныя настроі» адзначае асабіста Андропаў – усемагутны шэф КДБ СССР. Быкаў ціск вытрымаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта ягоная непахіснасць у абароне свайго права на праўду, на прыстойнасць, на супраціў, на права быць самім сабой. У гэтым у яго не было кампрамісаў. Ён, відаць, меў такі Божы дар – сілу не здрадзіць самому сабе», – кажа журналіст, пісьменнік Аляксандр Лукашук.

Напаўдысідэнцкае жыццё Быкава змяняецца прызнаннем і ўзнагародамі ад савецкай улады. Цэнзура, аднак, не знікае. Гэтак, быкаўскі «Знак бяды» ўдаецца апублікаваць толькі пасля асабістага ўмяшання Гарбачова.

Перабудова, жнівеньскі путч, крызіс савецкай улады. Быкаў шмат выступае як публіцыст. Піша прамову да нашумелага артыкулу Зянона Пазняка пра Курапаты. Далучаецца да Беларускага Народнага Фронту.

«Васіль Уладзіміравіч стаў на пазіцыю Фронту, на пазіцыю Адраджэння, на пазіцыю змагара супраць камунізму і камуністычнай сістэмы. Гэта вельмі вялікі быў выбар, вельмі важны. Бо гэта вялікі аўтарытэт, ён лічыўся сумленнем нацыі», – зазначае Зянон Пазняк.

Васіль Быкаў з іншымі ветэранамі пад бел-чырвона-белым сцягам. Крыніца: Pačvarny / Pinterest

«Ён фактычна стаў духоўным натхняльнікам Беларускага Народнага Фронту. І так, з імем Быкава ўдалося тое, чаго не ўдавалася раней шмат якім пакаленням – дасягнуць незалежнасці Беларусі. Роля Быкава ў гэтай справе была надзвычай значная», – дадае журналіст Сяргей Навумчык.

На першых выбарах прэзідэнта перамагае Аляксандр Лукашэнка, які пачынае змаганне з парламентам. Яно заканчваецца збіццём дэпутатаў-апазіцыянераў. Пасля гэтага Быкаў з дакладнасцю прадказвае будучыню Беларусі.

«Ён чалавек праўды. Жорсткай праўды. Ён ніколі не баяўся казаць тое, што думае. Ён і Лукашэнку казаў, наколькі кепская дыктатура, наколькі кепска тое, што ён робіць», – кажа канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэту Аляксандр Мілінкевіч.

Не дзіва, што з цяперашнім рэжымам стасункі ў празаіка не склаліся. Творы Быкава перасталі друкаваць. Пісьменнік распавядаў, што ягоныя лісты не даходзілі да адрасатаў, а размовы праслухоўваліся. Плюс мізэрная пенсія і праблемы са здароўем. Пісьменнік эміграваў. На чужыне працягнуў пісаць і даваць інтэрв’ю.

На радзіму Быкаў вярнуўся толькі перад смерцю. Ягонае стагоддзе дзяржаўныя медыі ўзгадваюць, але маштабных святкаванняў не відаць.

«Яны баяліся Быкава і жывога. Яны баяліся Быкава, што адышоў у іншы свет. Ён (Лукашэнка) баіцца яго і да гэтай пары. Быкаў для яго пагроза. Нават нягледзячы на тое, што яго не сустрэнеш на вуліцы Танка ў Менску», – лічыць кіраўнік НАУ, былы міністр культуры Павел Латушка.

«Зараз у Беларусі час так пасунуўся назад, у 30-я гады, у час сталінскага фашызму, што любое слова Быкава – было яно публіцыстычным ці мастацкім – яно настолькі наперадзе, яно як святло, як маяк, на які трэба старацца ісці і не збочваць», – мяркуе Аляксандр Лукашук.

«За свабоду думкі» – так называлася прэмія імя Быкава, якую цягам адзінаццаці гадоў уручалі на ягонай радзіме ў Бычках. У год юбілею пісьменніка яе плануюць аднавіць – пакуль за межамі Беларусі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама