Скандальны мундыяль

Трыццаць дзве каманды і сотні мільёнаў заўзятараў па ўсім свеце. Ужо заўтра ў Катары стартуе футбольны чэмпіянат свету.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Скандалы, карупцыя, парушэнне правоў чалавека і зусім нестандартны час правядзення… Ужо менш чым праз содні ў Катары матчам гаспадароў супраць каманды Эквадору стартуе дваццаць другі чэмпіянат свету па футболе.

Звычайна мундыяль праводзяць на пачатку лета. Гэткі час ідэальна ўкладаецца ў футбольны каляндар: абсалютная большасць клубных турніраў закончылася, і гульцы пайшлі ў адпачынак. Аднак летам тэмпература паветра ў Катары сягае нават 50 градусаў, гэткія ўмовы невыносныя і нават рызыкоўныя для жыцця гульцоў і заўзятараў. Цяпер жа ў Катары параўнальна камфортныя 30 градусаў цеплыні. Правядзенне турніру фактычна ўзімку стане сур’ёзнаю праблемаю для найлепшых футбольных клубаў планеты.

«Гэта бурыць календары ўсіх турніраў. Калі прыкладам у фінале згуляюць Германія і Іспанія, то гульцы «Баварыі» ці «Барсэлоны» будуць граць літаральна праз тры дні за свае клубы. Яны будуць выматаныя, могуць «зламацца» – гэта паўплывае на ўвесь працяг сезону», – кажа спартовы журналіст Раман Шаўцоў.

Спёка і нязручны час правядзення турніру – далёка не адзіныя праблемы, звязаныя з краінаю-гаспадыняю турніру. Яшчэ на этапе выбару месца для першынства гучалі абвінавачанні Катару ў подкупе чыноўнікаў FIFA.

«FIFA сцвярджае, што робіць усё, каб прывозіць вялікі футбол у розныя куточкі свету, але на сам рэч справа ў вялікіх грошах Катара, якіх яны не шкадуюць», – сцвярджае былы генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў.

Рыхтаванне інфраструктуры да чэмпіянату суправаджалася тысячамі паведамленняў аб парушэннях правоў працоўных мігрантаў. Згодна са спавешчаннем Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, на будоўлях мундыялю загінулі больш за тысячу чалавек. Да таго ж, Катар вядомы жорсткім заканадаўствам у дачыненні ЛГБТ – аднаполыя стасункі ў краіне забароненыя крымінальным кодэксам, а правы жанчын – абмежаваныя.

«FIFA заплюшчылі вочы на парушэнні. Вялікі спорт – вялікія грошы. Таму месцамі не да каштоўнасцяў», – працягвае Анатоль Котаў.

Заходнія праваабаронцы і актывісты заклікалі да байкоту турніру, але далей за заклікі справа не дайшла.

На арганізацыю турніру арабская краіна выдаткавала 22 мільярды долараў – у 15 разоў больш, чым каштаваў мінулы мундыяль, які праходзіў у Расеі. Улады Катару нават пайшлі на змякчэнне заканадаўства: прадстаўнікоў ЛГБТ падчас чэмпіянату абяцаюць не караць, а заўзятарам дазволяць паводзіць сябе больш разняволена. Пры гэтым, продаж піва на стадыёнах усё роўна будзе забаронены.

«Нават такая паліцэйская дзяржава як Расея ў час чэмпіянату 2018 г. спыніла рэпрэсіі. Катар сваіх паводзінаў не змяняе. Гэта – мусульманская краіна. На стадыёнах нават ня будзе піва. А ў тых зонах, дзе яно будзе прадавацца, будзе вельмі дарагім. Заўзятары з Англіі наракалі, што пінта каштуе 12 фунтаў», – кажа Раман Шаўцоў.

Але, нягледзячы на каляфутбольныя акалічнасці, галоўнымі героямі мундыялю застаюцца найлепшыя футбалісты свету. У групавым этапе на васьмі стадыёнах стартуюць 32 зборныя. Па дзве лепшыя каманды пройдуць у стадыю плэй-оф, якая закончыцца фінальным матчам 18 снежня. Кола фаварытаў сёлета як ніколі шырокае: тут і традыцыйна моцныя зборныя Бразіліі ды Нямеччыны, чэмпіёны свету і Еўропы – суадносна, Францыя і Італія, і Партугалія з Аргентынаю, якіх павядуць за сабою легендарныя Крыштыяну Раналду і Льёнэль Мэсі, што праводзяць хіба апошнія топ-турніры ў карʼеры…

Распачнецца мундыяль традыцыйна матчам гаспадароў. Супрацьстаяць катарцам будзе каманда Эквадору. І зноў скандал: паводле інфармацыі журналіста Амджада Таха, прадстаўнікі Катару заплацілі васьмі эквадорскім гульцам амаль па мільёне долараў за паразу з мінімальным лікам.

Аляксандр Баразенка, Белсат

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама