Чаго не стае Украіне, каб абараніць неба?

«Бахнула так, што сцены задрыжалі. Пабачыла полымя вышэй за пяты паверх», – так жыхарка Кіеву Ірына апісвае расейскую атаку баявымі дронамі. Беспілотнікі, імаверна, узляцелі з узбярэжжа Азоўскага мора і ўдарылі па Кіеўскай і Мікалаеўскай вобласцях, паведамляюць украінскія медыі. Але энергетыкі сцвярджаюць, што ўдары наносіліся па ўсёй Украіне.

«Станам на 11:00 19 снежня ў энергасістэме Украіны склалася цяжкая сітуацыя: усю ноч варожыя беспілотныя лятальныя апараты намагаліся прарвацца на энергааб’екты па ўсёй краіне. Дзякуючы прафесійнай працы Паветраных сілаў абароны, вораг сваёй мэты ў поўным абʼёме не дасягнуў, але, на жаль, ёсць некалькі траплянняў у абʼекты інфраструктуры», – паведамляе «Укрэнерга».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, сілы супрацьпаветранай абароны Украіны збілі не меней за 30 дронаў тыпу «Шагэд». Гэтыя апараты маюць невысокую хуткасць, іх можна збіваць нават са стралковай зброі. Таму расейскім войскам даводзіцца запускаць іх у вялікай колькасці.

«Калі ўжываецца адначасова 15-20 дронаў, то яны збіваюцца практычна ўсе. Калі болей, то некалькі штук маюць шанец праляцець і кудысьці пацэліць», – кажа вайскова-палітычны аглядальнік Ігар Леўчанка.

Масіраваных ракетных удараў уначы, імаверна, не было. Паводле Рады нацыянальнай бяспекі Украіны, ракеты ў Расеі заканчваюцца.

«Калі лічыць на вялікія атакі, якія ў нас ужо адбыліся, то ў іх засталося максімум на дзве-тры, можа, на чатыры наскрабуць. Але тады яны застануцца зусім без ракетаў, што недапушчальна, бо ў іх могуць зʼявіцца зусім іншыя выклікі і яны мусяць хоць нейкі запас пакінуць», – заявіў Аляксей Данілаў, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

Аднак цешыцца пакуль рана, адзначае ўкраінскі вайсковы эксперт Паўло Лакійчук. Бо ў Расеі тэарэтычна ёсць магчымасць папоўніць свае запасы.

«Гэта могуць быць пастаўкі ракет, іншай зброі ад расейскіх партнёраў. Мы кажам пра Беларусь і Іран. Патэнцыйна гэта яшчэ могуць быць Паўночная Карэя і Кітай», – кажа Паўло Лакійчук.

Украінская супрацьпаветраная абарона за час поўнамаштабнай вайны набыла вялікі досвед і асвоіла заходнюю зброю. Але гэтага недастаткова, каб зрабіць неба над Украінаю бяспечным, адзначае эксперт.

«Слабым месцам застаецца пакуль авіяцыя, у якой мы адстаём ад расейцаў мінімум на адно пакаленне», – мяркуе Паўло Лакійчук.

Украінскія паветраныя сілы маюць патрэбу ў сучасных знішчальніках. Але заходнія партнёры пакуль не гатовыя перадаць Украіне баявыя самалёты. Таму ўкраінцам, калі ўдарамі з паветра знішчаецца інфраструктура, даводзіцца закупляць генератары. Сёлета іх імпартавалі больш як паўмільёна штук. Людзі, з якімі мы размаўлялі на вуліцах Кіева, кажуць, што здавацца не збіраюцца.

Сённяшняе свята – папулярны ва Украіне Дзень святога Мікалая – украінцы сустракаюць з паветранымі трывогамі ды аварыйным адключэннем святла. На вуліцах няма ранейшай багатай ілюмінацыі. Навагоднія ялінкі на плошчах гарадоў ёсць, але часта сціплыя, як, напрыклад, у Хмяльніцкім. Затое падстаўка сімвалічная – з абломка расейскай ракеты. Колькі іх яшчэ ўпадзе на ўкраінскія гарады, не бярэцца прадказаць ніводзін эксперт.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама