Украіна можа прайграць у вайне?

Сітуацыя на ўкраінскім фронце складаная. Для правядзення актыўных баявых дзеянняў вайскоўцам не стае артылерыйскіх снарадаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння ў войсках ёсць патрэбы. Ёсць праблема з боепрыпасамі. Асабліва гэта датычыць постсавецкіх снарадаў калібрам 122 і 152 міліметры. І сёння гэтыя праблемы існуюць па ўсёй лініі фронту», – заявіў камандуючы аператыўна-стратэгічнаю групоўкаю войскаў ЗСУ «Таўрыя».

Паводле генерала Тарнаўскага, сітуацыю ўскладняе і скарачэнне фінансавай дапамогі Захаду, у выніку чаго ЗСУ вымушана згарнулі некаторыя аперацыі:

«Сёння я не магу сказаць, што вораг нас спыніў. Але на некаторых дзялянках фронту мы перайшлі да абароны. Да пазіцыйнай абароны. Бо на ўсёй лініі фронту мы не можам быць моцнымі. Мы ж не авантурысты. Таму на нейкіх кірунках мы абараняемся, а на нейкіх працягваем наступальныя дзеянні. Шляхам манеўраў, шляхам агню і руху наперад. Мы не адмаўляемся ад сваіх намераў. І мы рыхтуем рэзервы для далейшых маштабных дзеянняў».

Тым часам у Кангрэсу ЗША заканчваецца час для прыняцця новага пакету дапамогі Украіне. Рэспубліканская партыя спалучае падтрыманне Кіева з павелічэннем фінансавання на ахову ўласных межаў. У прыватнасці заканадаўцы хочуць узмацніць ахову памежжа з Мексікай і нават пабудаваць там сцяну.

«Цяпер гэтае пытанне стала асабліва актуальным. Таму што ў першае прэзідэнцтва Байдэна колькасць нелегальных перасячэнняў мяжы паставіла абсалютныя рэкорды ў амерыканскай гісторыі. Больш за паўтара мільёна чалавек за год. То бок, гэтыя лічбы сапраўды вялікія. Таму не дзіўна, што рэспубліканцы актыўна напіраюць на гэтым напрамку. І для электарату гэтае пытанне – даволі важнае», – тлумачыць палітолаг, аўтар тэлеграм-каналу пра амерыканскую палітыку «One Big Union» Ян Весялоў.

Акурат гэткі прагноз агучыў украінскі палітолаг Уладзімір Фэсэнка падчас інтэрв’ю «Белсату» на мінулым тыдні:

«Сітуацыя можа ўскладніцца. З іншага боку, так ці інакш, у студзені давядзецца шукаць кампраміс па бюджэце. Нагадаю, што бюджэт працягнуты ў ЗША толькі на 2 месяцы. У студзені заканчваецца тэрмін дзеяння часовага бюджэту. Гэта значыць, трэба будзе адначасова шукаць і кампраміс па бюджэце, і кампраміс па пакеце бяспекі. А таксама вось па мяжы з Мексікай».

Акрамя адсутнасці вонкавага фінансавага падтрымання, на сітуацыю на фронце паўплывае і прыняты ў самой Украіне бюджэт на 2024-ты год. Згодна з ім, Міністэрства абароны Украіны атрымае на 20 адсоткаў менш грошай, як сёлета. І ў той жа час не ўрэзалі сродкаў на некаторыя іншыя галіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Media Center Ukraine / mediacenter.org.ua

«У той самы час на цэнтральную выбарчую камісію, якая здавалася б, падчас вайны, ну, гэта нейкі мёртвы орган,. Сядзіце паліце бамбук, нічога не рабіце. Наадварот, адтуль можна грошы забраць. Гэта значыць, ім павялічаць фінансаванне. Гэта значыць, я прагназую, што ў наступным годзе цалкам магчымае памяншэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў плюс правядзенне нейкіх выбараў ва Украіне», – кажа экс-працаўнік СБУ і вайсковы эксперт Іван Ступак.

Сёння ж у Кіеве Уладзімір Зяленскі падводзіць вынікі года. І, не зважаючы на тое, што анансавалі збольшага акурат абмеркаванне дапамогі Украіне, без вострых пытанняў, у тым ліку ўнутраных, хіба не абыдзецца.

«Сапраўды, ёсць шмат праблемаў, якія патрабуюць свайго вырашэння. І пра пазіцыю прэзідэнта па гэтых пытаннях грамадства хацела б даведацца. Таму я думаю і спадзяюся, што прэс-канферэнцыя будзе ўдалай у тым плане, што адказы на розныя пытанні будуць дадзеныя», – кажа палітолаг, кандыдат палітычных навук Ігар Рэйтэровіч.

Апошняя вялікая прэс-канферэнцыя Зяленскага адбывалася на гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама