Дэлегацыя Каралеўства Эсватыні прыбыла ў Менск

Рэжым актыўна шукае партнёраў на глабальным Поўдні. Уначы ў Менск прыляцеў прадстаўнік чарговай афрыканскай краіны – прэм’ер-міністр каралеўства Эсватыні Расэл Дламіні. Дыпламатычныя стасункі паміж краінамі ўстанавіліся нядаўна – у пачатку чэрвеня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Не Эсватыні шукала кантактаў з Беларуссю – Эсватыні ўсё роўна ёсць Беларусь ці няма Беларусі. Магчыма, Беларусь, дакладней нават не Беларусь – я б тут персаналізаваў да Аляксандра Лукашэнкі, то бок ягоныя людзі чагосьці там прапанавалі. Таму Эсватыні – даволі-такі спецыфічная дзяржава», – кажа палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык.

Каралеўства Эсватыні – да 2018-га года Сўазілэнд – дзяржава ў Паўднёвай Афрыцы, што месціцца на тэрыторыі 17 тысячаў квадратных кіламетраў, што менш за палову Менскай вобласці. Паводле перапісу, у 2020-ым у каралеўстве жылі каля мільёна чалавек. Пры гэтым кожны чацвёрты – носьбіт ВІЧ.

«Вы зможаце не толькі пераканацца асабіста ў тым, як пабудавана сістэма аховы здароўя ў Беларусі, але і абмеркаваць магчымыя праекты ў сферы абмену досведам паміж медычнымі сектарамі дзвюх краін. Магчыма, па лячэнні грамадзян вашай краіны ў Рэспубліцы Беларусь», – звяртаўся да афрыканскай дэлегацыі прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Шукаць эканамічныя кропкі сутыкнення дзвюх краінаў – складана. Паводле МВФ, за рысаю беднасці ў Эсватыні жыве 69 % насельніцтва. Бальшыня жыхароў каралеўства выжывае на 65 амерыканскіх цэнтаў за дзень.

«З пункту гледжання рынку, з пункту гледжання значэння, гэта адна з найменш значных краінаў Афрыкі і наагул у свеце. Пра эканоміку – гэта адна з найбяднейшых дзяржаваў. Эканоміка вельмі нязначная: там вялікая доля аграэкспарту і недзе ёсць крыху прамысловасці, але гэта ў прынцыпе ні пра што», – зазначае прадстаўнік недзяржаўнага цэнтру «Українські студії стратегічних досліджень» Юрый Алейнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кароль дзяржавы Эсватыні  Мсўаці Трэці. Фота: Dmitry Feoktistov/TASS Host Photo Agency,Image

«Эсватыні зʼяўляецца 4-ай на афрыканскім кантыненце па абʼёме вытворчасці цукру і адпаведнай прадукцыі, звязанай з цукровай прамысловасцю. Адпаведна, у Беларусі магла быць зацікаўленасць у пастаўках сельгастэхнікі для збору ўраджаю. Хаця абʼёмы такой тэхнікі там не будуць вялікімі», – дадае Андрэй Рудык.

Пры надзвычайнай беднасці насельніцтва кароль дзяржавы Мсўаці Трэці не бядуе. У 2009-ым годзе часопіс «Форбс» залучыў яго ў спіс найбагацейшых манархаў свету.

Пасланніка манарха, прэм’ера Расэла Дламіні, у нашай краіне сустракаў намеснік міністра замежных справаў Яўген Шастакоў. На пратакольных здымках можна заўважыць і бізнесоўца, якога называюць гаманцом Лукашэнкі – Аляксандра Зінгмана.

«Ён такі прадстаўнік, які можа гарантаваць, што суседнія дзяржавы будуць больш Эсватыні дапамагаць, бо ёсць моцныя пазіцыі Беларусі ў Зімбабвэ – менавіта праз яго засекі. Суседнія дзяржавы ўсе досыць лаяльныя Беларусі: Мазамбік, Ангола. А Эсватыні з Мазамбікам мяжуюць», – кажа Юрый Алейнік.

У 2011-ым годзе Эсватыні ахапілі пратэсты. Апазіцыя абвінавачвала манарха ў раскраданні дзяржаўнага скарбу для забеспячэння асабістага раскошнага жыцця і дабрабыту сваіх 15-ці жонак. Пратэсты былі разагнаныя, але палітычная сітуацыя ў каралеўстве дасюль нестабільная.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама