Чаго чакаць ад саміту АДКБ у Менску?

У Беларусі мае адбыцца саміт АДКБ: ён пачнецца дваццаць другога лістапада. Пры гэтым адная з краінаў дамовы – Арменія – адмовілася ад удзелу. І нават папрасіла саюзнікаў зняць пытанне дапамогі Ерэвану з парадку дня сустрэчы. Што адбываецца з гэтай арганізацыяй? Чаму сярод саюзнікаў няма адзінства? Ці залагодзіць саміт праблемы, што паўсталі перад АДКБ?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні саміту АДКБ, што адбудзецца ў Менску, завітаў генеральны сакратар арганізацыі Імангалі Тасмагамбетаў. На афіцыйным відэа сустрэчы гучных заяваў не было. Постсавецкая прастора перажывае няпросты перыяд, адзначыў Лукашэнка. І прамовіў дзяжурныя фразы пра неабходнасць супрацы.

Між тым ад удзелу ў саміце адмовіўся армянскі прэм‘ер-міністр Нікол Пашыньян. Арменія таксама папрасіла зняць з парадку дня сустрэчы дакумент пра дапамогу Ерэвану, распавёў Тасмагамбетаў у Лукашэнкі. Арменія можа выйсці з АДКБ – заяўляў Пашыньян у траўні. Бо арганізацыя не рэагавала на просьбы выслаць у краіну маніторынгавую групу на фоне канфлікту вакол Карабаху. Ці будзе абмяркоўвацца магчымы выхад Арменіі на саміце ў Менску?

«Гэта можа быць у тым ліку рытуальная сустрэча. Акрамя таго, яны могуць вызначацца, як функцыянаваць далей, але наўрад ці гэтая размова прывядзе да нейкіх глабальных вынікаў», – мяркуе спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.

АДКБ сапраўды не ўмяшалася ў канфлікт Арменіі і Азербайджану. Абавязкі саюзнікаў у гэтай арганізацыі не прапісаныя так выразна, як у Паўночнаатлантычнай дамове, што рэгулюе дзейнасць NATO, тлумачыць спецыяліст у бяспецы ў Цэнтральнай Азіі Рустам Бурнашаў.

«Саюзніцкія стасункі размытыя. Ідэя пра тое, што партнёры арганізацыі прыйдуць на дапамогу свайму саюзніку неадкладна, узнікла адносна нядаўна і практычна не была задзейнічаная», – кажа Рустам Бурнашаў.

На момант узнікнення NATO краіны блоку мелі дакладна акрэсленага непрыяцеля, чаго не было падчас стварэння АДКБ, тлумачыць эксперт. Акрамя таго, шэраг краінаў-удзельніц заяўляюць пра сваю шматвектарную палітыку і не шукаюць канфлікту з Захадам.

Саміт АДКБ у Маскве, Расея. 16 траўня 2022 года. Фота: president.gov.by

«Для Казахстану АДКБ як саюзніцкая арганізацыя, што магла бы ўцягнуць краіну, напрыклад, у супрацьстаянне ЗША і Расеі, была б непрымальная. Гэтаксама, думаю, і для Таджыкістану і Кыргызстану. У значнай ступені і для Арменіі. З Беларуссю і Расеяй – асобная сітуацыя», – мяркуе Рустам Бурнашаў.

Пакуль адзіная сітуацыя, калі задзейнічалі сілы АДКБ, – пазалеташнія пратэсты ў Казахстане. Дый афіцыйна паведамлялася, што войскі саюзнікаў займаліся аховай аб’ектаў, вызваліўшы ад гэтага мясцовых сілавікоў. Каб тыя маглі заняцца пратэстоўцамі.

«На вялікі рахунак, мы не бачылі нейкага вельмі істотнага або лёсавызначальнага ўжывання кантынгенту АДКБ хоць неяк. Манеўры, сустрэчы, парады. Арганізацыя фактычна сябе зжывае. У ёй няма сэнсу», – мяркуе Аляксандр Казак.

Няма ўнутры АДКБ адзінства і ў пытанні расейска-ўкраінскае вайны. Гэтак, сёлета на Генасамблеі ААН Казахстан галасаваў за рэзалюцыю з асуджэннем агрэсіі Расеі. Таджыкістан і Кыргызстан устрымаліся. Улады ж Беларусі выступілі ў гэтым канфлікце на баку Крамля.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама