Мінула 300 дзён з пачатку вайны Расеі супраць Украіны

24 лютага, пятая гадзіна раніцы паводле Кіева. Жыхары Украіны прачнуліся ад выбухаў. За некалькі хвілінаў да гэтага Пуцін аб‘явіў пра так званую спецыяльную ваенную аперацыю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расея атакавала з поўначы, усходу і поўдня. Першыя танкі ўвайшлі з тэрыторыі Беларусі, часова акупаваных Крыму, Луганску і расейскіх гарадоў: Варонежу, Курску і Белгараду. Выбухі раздаваліся паблізу Адэсы, Дняпра, Марыупалю, Краматорску, Івана-Франкоўску і Кіева. Дальнабойнай артылерыяй білі па Харкаве. Ударамі варожыя сілы паспрабавалі вывесці са строю аэрапорты ў Барыспалі, Азёрным, Кульбакіна і Чугуеве, Краматорску і Чарнабаеўцы. Усяго 24 лютага Расея выпусціла па Украіне больш за сто ракетаў, у тым ліку марскога базавання, адзначае Мінабароны ЗША. Уладзімір Зяленскі паведамляе пра 137 загінулых украінскіх вайскоўцаў і 316 параненых. Забітыя больш за 30 мірных жыхароў.

Крывавую вайну ва Украіне Пуцін для ўсяго свету апраўдваў міфічнымі мэтамі: нейкім вызваленнем краіны ад так званых нацыстаў, якія ўсе гэтыя гады нібы не давалі разгарнуцца частцы расейскамоўнага насельніцтва. Маўляў, кіроўныя ўлады зневажалі расейскую культуру і жорстка распраўляліся з тымі, хто ішоў ім наперакор. Зразумела, ключавым складнікам так званай спецаперацыі была ліквідацыя гэтай улады. Расея разлічвала на хуткі захоп украінскай сталіцы. Сустрэла жорсткі адпор і была вымушаная адступіць. Нейкі час у Кіеве было ціха. Але з надыходам зімы атакі на сталіцу ўзмацніліся.

«Кіеў і прэзідэнт Зяленскі – гэта сімвал усяго таго супраціву, які ёсць ва Украіне, і рэжым Пуціна гэтага не чакаў. Гэта, як раз, злуе і раз‘юшвае Пуціна і рэжым. Яны, я думаю, не пакінуць у спакоі Украіну, пакуль Зяленскі будзе галоўнакамандуючым Украіны і яе прэзідэнтам, пакуль Украіна будзе стаяць. А Украіна будзе стаяць, і пераможа», – кажа былы афіцэр спецыяльных сілаў Літвы Аўрымас Навіс.

Акупацыя Украіны пачалася яшчэ ў 2014 годзе. Пасля акупацыі часткі Данбасу і Крымскага паўвострава 8 гадоў Расея нарошчвала сілы для поўнамаштабнага ўварвання. З 24 лютага ўкраінскія ўлады рэгулярна папаўняюць спіс часова акупаваных тэрыторыяў. За 300 дзён вайны ў гэты спіс траплялі населеныя пункты дзевяці вобласцяў: Данецкай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Сумскай і Чарнігаўскай.

Цяжкай сітуацыя застаецца ў Данецкім рэгіёне. Вядзецца зацяты бой за Бахмут. Калі ў яго ўвойдуць расейскія войскі, гэта адрэжа шлях да забеспячэння ЗСУ і адцягне вызваленне Крэмінной, Лісічанску і Севераданецку.

«Бахмуцкі кірунак – ключавы. Горад трымаем, хоць акупанты робяць усё, каб там не засталося ніводнай цэлай сцяны. Запарожская вобласць, Херсонская, поўдзень у цэлым – паступова памяншаем патэнцыял акупантаў. Мінус склады, мінус лагістыка расейскай арміі», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Супрацьпаветраная абарона – адзін з галоўных элементаў абароны Украіны, падкрэслівае Уладзімір Зяленскі. Зенітна-ракетныя комплексы «Patriot» у хуткім часе павінны паступіць ад ЗША. Яны дазволяць збіваць аб’екты, якія ляцяць са звышгукавою хуткасцю. Спіс дзяржаваў, якія перадаюць зброю Украіне, вялікі – больш за 15 краінаў свету. Сярод якіх далёка не блізкія суседзі, такія як Японія, Паўднёвая Карэя ці Аўстралія. Сярод лідараў – краіны Еўразійскага кантыненту: Польшча і Вялікая Брытанія.

«Практычна, усё тое, што мы зараз маем з паступленняў бранятанкавай тэхнікі і сістэм артылерыйскага ўзбраення, тое, што дазволіла нам вызваліць практычна цалкам Харкаўскую вобласць, вызваліць правабярэжную Украіну і паспяхова адлюстроўваць наступ ворага ў тых гарачых кропках, якія зараз ёсць», – кажа вайсковы эксперт Мікола Саламаха.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі Украіна вызваліла больш за палову захопленых тэрыторыяў – амаль 78 тысяч квадратных кіламетраў. Адною з апошніх такіх перамог быў Херсон. Сляды злачынстваў арміі Крамля ўкраінцы знаходзяць да гэтага часу.

Вайна будзе зацяжной. Спасылаюцца на словы Пуціна аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны. Гэта разумеюць і ва Украіне.

«Мы разумеем, што Расея зараз ставіць на кон ужо нават сваё існаванне ў тым выглядзе, у якім яно зараз ёсць, і свае палітычныя амбіцыі, і свае імперскія амбіцыі. Ну а нам дзявацца няма куды. Мы ці пераможам, ці знікнем», – кажа Саламаха.

Вайна забрала жыцці 450 дзяцей, 863 – атрымалі раненні, паведамляюць у Генпракуратуры Украіны. Паводле апошніх звестак ААН, не менш як 6 з паловаю тысяч мірных жыхароў забітыя, больш за 10 тысяч параненыя.

Надзея Бельская, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама