Пайшоў на працу і не вярнуўся

На Менскім трактарным заводзе на вытворчасці загінуў 36-гадовы майстар кавальскага цэху Аляксандр Трушчанка.

Мужчына спрабаваў выправіць паломку дзвярэй драбільнай машыны. Паведамленне аб няшчасным выпадку прыйшло ў МНС 20-га жніўня а палове на пятую. У Аляксандра засталіся жонка і адзінаццацігадовы сын.

«Каб не спыняць вытворчасці, ён залез у гэтую драбільную машыну і папрасіў аператара, каб націскаў на кнопкі, каб паглядзець, што там адбываецца. У гэты момант дзверы спрацавалі. А дзверы – гэта велічэзная масіўная канструкцыя. Яго проста заціснула, як у мясакрутку», – распавядае прадстаўнік Беларускага аб’яднання рабочых, былі працаўнік МТЗ Сяргей Дылеўскі.

Паводле Сяргея Дылеўскага, з пачатку года на МТЗ загінулі тры чалавекі, дзевяць атрымалі траўмы. І гэта толькі тое, што зафіксавалі афіцыйна. Галоўная праблема – старое абсталяванне і нізкі ўзровень тэхнікі бяспекі.

«Тэхніка бяспекі на трактарным заводзе на самым нізкім узроўні. На яе мала звярталі ўвагі. Толькі калі сур’ёзныя траўмы ці са смяротным вынікам», – падкрэслівае былы працаўнік МТЗ Эдуард Свянтэцкі.

На іншым гіганце айчыннай прамысловасці – «Беларуськаліі» – сітуацыя ня лепшая. Поводле Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, толькі за гэты год тут загінулі тры чалавекі.

«Траўмаваных у шахце вельмі шмат, але не ўсе фіксуюцца і належным чынам афармляюцца. Адміністрацыя зацікаўленая ў памяншэнні статыстыкі», – распавядае Дзмітрый Будзілевіч, была працаўнік «Беларуськалію».

Адзін з пакупнікоў беларускіх калійных угнаенняў – нарвежская «Яра», якая апошнім часам трапіла пад шквал крытыкі за супрацу з беларускім вытворцам, – дэкларуе захаванне правоў працоўных ня толькі на ўласных заводах, але і ў сваіх пастаўнікоў. Цяпер прадстаўніца «Яры» праводзіць на «Беларуськаліі» маніторынг парушэнняў тэхнікі бяспекі, забеспячэння працоўных інструментамі і спецвопраткай. Паводле вынікаў гэтага маніторынгу нарвежцы будуць вызначацца ці працягваць працу з беларускім гігантам.

«Так, яна, можа, робіць смешныя для каго заўвагі, наконт спецвопраткі, наконт сродкаў індывідуальнай абароны. Але гэтыя пытанні ёсць, яны простыя, яны навідавоку. Таму яна і задае гэтыя пытанні: дзе бірушы, дзе нармальная вопратка. А пытанні спецвопраткі на такім гіганце, як «Беларуськалій», ёсць. І гэтыя пытанні трэба развязваць», – упэўнены намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч.

Няшчасныя выпадкі здараюцца ня толькі на буйных прадпрыемствах. 2-га жніўня ў Цэнтральным барысаўскім шпіталі памерла 21-гадовая дзяўчына, якая атрымала траўму на адным з заводаў Барысава. Паводле Дзяржаўнай інспекцыі працы, за першае паўгоддзе ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці ад траўмаў пацярпелі 852 працоўныя, 56 з іх загінулі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама