Вагнэраўцы і ядравая зброя ў Беларусі

Кіраўнік тэрарыстычнай групоўкі Вагнэра Яўгеній Прыгожын зарэгістраваў фірму ў Асіповіцкім раёне. Адпаведная інфармацыя з’явілася ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Канкорд Менеджмент і Кансалтынг». Такая назва беларускай фірмы Яўгенія Прыгожына. Яе статутны фонд – усяго 200 рублёў. Адрас – вёска Цэль, дзе якраз стаіць намётавы лагер баевікоў. Пазначаны ў выпісцы Міністэрства юстыцыі і тэлефонны нумар арганізацыі. Тэлефануем:

«- Чым будзе кампанія займацца?

– Мммм, не, я вам не магу ніякія каментары з гэтай нагоды даць.

– А хто можа?

– Па-першае сёння выходны.

– А вы атрымліваецца там як дырэктар, сакратар, хто?

– Я не дырэктар і не сакратар. Проста аператар на тэлефоне. Таму тэлефануйце ў працоўны час.

– Гэта значыць, у працоўны час нейкую інфармацыю ад вас можна будзе атрымаць?

– Я не ведаю, я нічога не магу вам сказаць. Тэлефануйце ў працоўны час».

Беларуская фірма Прыгожына – дачка ягонай расейскай кампаніі з такою ж назваю. Асноўным жа відам яе дзейнасці заяўленае, цытата, «кіраванне нерухомай маёмасцю». Існуюць дзве прычыны, навошта вагнэраўцам на тэрыторыі Беларусі патрэбная юрыдычная асоба. Першая – каб Прыгожын мог сам фінансаваць дзейнасць сваіх баевікоў. А другая:

«Для рэжыму важна казаць людзям, што на тэрыторыі Беларусі нейкая арганізацыя застаецца легальна і дзейнічае ў прававым полі. Тое, чым насамрэч будуць займацца гэтыя людзі, вядома ж, другаснае і не будзе падавацца ў паблік», – кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

З дадзеных Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, станам на дваццаць другога ліпеня ў Беларусі застаюцца прыкладна 5000 наймітаў групы Вагнэра. Павелічэнне колькасці тэрарыстаў у вёсцы Цэль зафіксаваў і спадарожнік «Мэксар». Старэйшы дырэктар гэтае кампаніі Стывэн Ўуд адзначае, што ў намётавым мястэчку размешчаныя сотні адзінак транспартных сродкаў.

«Пуцін 16.06 за тыдзень да путчу Прыгожына абвясціў аб тым, што ядравая зброя ўжо знаходзіцца ў Беларусі, гэта значыць у Асіповічах. Роўна праз тыдзень, вось пасля гэтага путчу, вагнэраўцы адчыняюць лагер. Дзе? Менавіта ў Асіповічах. Вось гэта ўсё ў комплексе яно дае магчымасць казаць аб тым, што расейцы тамака нешта задумалі», – сцвярджае палкоўнік контрвыведкі Украіны ў адстаўцы Міхайла Прытула.

Тым часам CNN апублікавала матэрыял, у якім прадстаўнік выведнай управы Мінабароны ЗША кажа, што ў ведамстве, цытата, «не маюць падставаў сумнявацца» у словах Пуціна пра тое, што расейская ядравая зброя ўжо ў Беларусі. А 23 ліпеня Лукашэнку выклікалі да прэзідэнта Расеі.

«Рызыку таго, што ядравая зброя можа быць прымененая з тэрыторыі Беларусі ў адносінах да суседніх краінаў я расцэньваю, як надзвычай высокую. І я мяркую, што Лукашэнка і Пуцін ні перад чым не спыняцца», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Пагрозу бачаць і лідары дэмакратычных сілаў.

«Можа, варта ўжо рэагаваць не пастфактум, а рабіць дзеянні дзеля таго, каб гэты факт не наступіў? А нам, беларусам, трэба зразумець, што гэта ўсё адбываецца таму, што мы застаёмся ў так званай саюзнай дзяржаве. І вайна, і ядравая пагроза, і «Вагнэр» – гэта ўсе вынікі нашага «саюзніцтва» з Расеяй», – заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка.

Цікавым застаецца і той факт, што візіт Лукашэнкі ў Расею адбудзецца ў нядзелю. Паводле Дзмітрыя Балкунца, гэта можа сведчыць пра пільнасць справы, якую будуць абмяркоўваць Лукашэнка і Пуцін.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама