Сітуацыя з ковідам у Беларусі: «У самога Мінздароўя няма рэальных лічбаў»

Беларускія шпіталі і лекары ледзь спраўляюцца з каронавіруснымі пацыентамі, не хапае месцаў для ўсіх хворых, а беларускія ўлады зноў ігнаруюць праблему і скасоўваюць уведзены раней масачны рэжым.

У Рэчыцы ад каронавіруса памёр Алег Шабетнік, кіраўнік Гомельскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі «Гавары праўду», сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён хварэў менш за два тыдні, апошнія два дні правёў у рэанімацыі.

«Рэзка стала дрэнна, перавялі ў рэанімацыю. А ў рэанімацыі месцаў не хапала адразу, і таму чакалі, пакуль вызваляцца. І нават перавялі ў іншы шпіталь, каб у рэанімацыю ён трапіў», – распавяла адна з лідарак «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Паводле медсястры шпіталю, дзе ляжаў Алег Шабетнік, толькі цягам адной ночы ў гэтай медычнай установе памерлі 10 чалавек. Жахлівыя сведчанні наступстваў ковіду штодня з’яўляюцца і ў сацсетках.

Аўтары аднаго з допісаў сцвярджаюць, што ў Воршы на Віцебшчыне магілы капаюць адразу ў некалькі шэрагаў, каб паспець пахаваць усіх памерлых. Паводле сведчанняў у сацсетках, у моргах не стае месцаў, а ў больніцах ложкі ставяць нават у сталоўцы. Нашая ананімная глядачка-медык з Магілёва пацвярджае, што ў верасні пачаўся лавінападобны рост захворванняў.

«Людзей стаяла бітком, чакалі і ў калідорах, і каля ліфту, і на двары. Большая частка – людзі ад 40 гадоў і маладзейшыя. Ішлі семʼямі. Былі розныя сітуацыі, гублялі пацыенты прытомнасць, клаліся на калідоры ў чаканні чаргі. Горш пераносяць маладыя мужчыны. Такое было толькі ў лістападзе 2020 года і цяпер вось. Вакцынаваныя пераносяць хваробу лягчэй», – піша наша глядачка.

Іншая нашая глядачка, з невялікай вёскі ў Камянецкім раёне, адзначае, што лекараў у раённай паліклініцы не стае, а ў сельсавеце і ўвогуле няма. А ў раённы шпіталь не ўзялі ейную сталую аднавяскоўку з мікраінсультам.

«Прыехала хуткая, сказалі, што старасць, мікраінсульт, але забраць у больніцу яе не маглі, бо больніца закрытая. Сказалі, закрыта, нікога не бяром. Ну, гэта, напэўна, значыць, што закрыта на ковід», – кажа наша глядачка з Камянеччыны.

На ковід перахварэла палова жыхароў вёскі, кажа Іна, але афіцыйна гэта ніяк не пацвярджаецца, бо тэстаў хворым ніхто не рабіў.

Статыстыка ж Міністэрства аховы здароўя выглядае штодня аднастайна. Так, цягам мінулых содняў у Беларусі афіцыйна зафіксавалі 2082 новыя выпадкі інфекцыі, колькасць новых смерцяў не перасягае двух дзясяткаў.

«У самога Мінздароўя няма рэальных лічбаў, бо фальсіфікацыі адбываюцца на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад моманту прыняцця рашэння: рабіць аналіз чалавеку – або не рабіць. І далей у ланцужку ўся статыстыка заніжаецца», – кажа каардынатар фонду медычнай салідарнасці Андрэй Ткачоў.

Дзяржава ж не зрабіла высноваў з папярэдніх хваляў ковіду, не палепшыла тэхнічнага абсталявання больніцаў і праваліла кампанію вакцынацыі, лічыць Андрэй Ткачоў:

«У нас няма карціны з кожнай установы, дзесьці сітуацыя лепшая, дзесьці горшая, але ўсе, з усёй краіны медыкі кажуць, што калапс сістэмы аховы здароўя вось-вось адбудзецца – і нам вельмі пашанцуе, калі яны пратрымаюцца месяц-два».

Памылкаю ўладаў лічыць лекар апошнія пастановы Міністэрства аховы здароўя аб скасаванні ранейшых зменаў санітарных нормаў, звязаных з COVID-19. Пасля негатыўнай рэакцыі Лукашэнкі ў Беларусі скасавалі абавязак насіць маскі ды трымаць сацыяльную дыстанцыю. У Менску цалкам скасавалі пастанову, прынятую тыдзень таму, знялі абмежаванні з працы музеяў, бібліятэк, храмаў. Ізноў няма абавязковай вакцынацыі для шэрагу катэгорыяў працаўнікоў, якія кантактуюць з людзьмі. Нядоўга пратрымаліся і жорсткія антыковідныя захады ў Бабруйску. Лукашэнка ж працягвае называць інфармацыю пра распаўсюд інфекцыі «фэйкамі».

«Яны будуць пісаць, што дзясяткі там, сотні гінуць у больніцах, што не стае кіслароду, што не стае лекаў, лячэння ды іншае. На злобу я кажу, што 99,8 адсоткаў – падман. Але ўсе павінны разумець, што любая інфармацыя правяраецца», – казаў сёння падчас нарады з урадам Аляксандр Лукашэнка.

Лекары ж лічаць, што чым больш людзі будуць ведаць, тым сурʼёзней паставяцца да прафілактыкі. І нястомна раяць усё ж выконваць цяпер ужо неабавязковыя захады – прышчапіцца, надзець маску і захоўваць дыстанцыю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама