Што чакае беларускую эканоміку: рост ці далейшая стагнацыя?

Трошкі сухой статыстыкі. Летась валавы ўнутраны прадукт Беларусі скараціўся на 4,7%, прычым у снежні – амаль на 4,9%. Падобныя ж тэмпы зніжэння захаваюцца і бліжэйшымі месяцамі, кажуць аналітыкі Еўразійскага банку развіцця.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Людзям нявыгадна займацца бізнесам. Не могуць сябе дазволіць займацца бізнесам – вымушаныя з‘язджаць з краіны. Згортваць свае прадпрымальніцтва. Не могуць знайсці рынку збыту для сваёй прадукцыі», – кажа эканаміст Алесь Чайчыц.

Між тым у Еўразійскім банку развіцця дапускаюць магчымасць, што эканоміка Беларусі бліжэй да лета можа перайсці да росту. Як такое магчыма ва ўмовах каляваеннай турбулентнасці ды заходніх санкцыяў?

«Гэты прагноз варта інтэрпрэтаваць як “расейцы прагназуюць эканамічны рост для Беларусі” і “расейцы маюць намер падтрымаць беларускую эканоміку ў цяперашніх умовах”», – працягвае эканаміст.

Што праўда, ёсць пытанне да трываласці такога падтрымання, бо перспектывы самой расейскай эканомікі даволі сумныя, кажа Алесь Чайчыц. Між тым, беларускія чыноўнікі поўныя аптымізму.

Напрыклад, міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч не перастае радаваць беларусаў новымі абяцаннямі. Кшталту цягам года падвысіць заробкі бюджэтнікаў прыкладна на 200 рублёў – пры спрыяльнай эканамічнай сітуацыі. Праўда, Нацбанк стаўку рэфінансавання на палову пункту панізіў. Паводле эксперткі Анастасіі Лузгіной:

«Чым ніжэй стаўка рэфінансавання, тым танней фінансавыя рэсурсы. У тым ліку рэсурсы банкаў, якія ўкладваюцца ў інвестыцыйныя праекты. Што ў рэшце рэшт павінна прывесці да росту ВУП. Зноў жа, мы павінны разумець, што гэта ўсё добра і выдатна калі мы гаворым пра рынкавую аснову гэтых працэсаў».

А гэта ўжо зусім не пра Беларусь з яе ручным кіраваннем эканомікай, дадае Настасся Лузгіна.

У той жа час сама Касцевіч узгадала пра больш за дзве тысячы прадпрыемстваў, якія летась затрымоўвалі сваім работнікам заробкі. Цяпер жа, маўляў, сітуацыя стабільная, бо чыноўнікі з усім разабраліся. Нашае апытанка ў тэлеграме паказвае, што большасць сапраўды атрымлівае заробкі своечасова. 12 адсоткаў – сутыкаюцца з рэгулярным затрыманнем заробкаў. І толькі адзін адсотак сведчыць, што праблему ўдалося развязаць.

Як зазначае Анастасія Лузгіна, гэта акурат сведчыць пра фінансавыя праблемы на прадпрыемствах. Дадатковыя рызыкі дадае і ўсё большая залежнасць беларускай эканомікі ад расейскай.

«Вось гэтая залежнасць ад аднаго партнёра накладвае дадатковыя рызыкі. Вось пагоршыцца сітуацыя ў Расеі – гэта адразу ж адаб’ецца на беларускай эканоміцы. Адпавена, і на кожным чалавеку, хто пражывае ў Беларусі. Узнікае тады пытанне і з ростам заробкаў, даходаў насельніцтва, уплывае на агульны дабрабыт людзей».

А тым часам Еўрапейскі Звяз абмяркоўвае поўнае эмбарга на продаж у Беларусь тэхнікі так званага падвойнага прызначэння. Напрыклад, элементаў медычнага абсталявання, якія, як выявілася, Расея выкарыстоўвае для вытворчасці сваіх дронаў. Чакаюцца абмежаванні на экспарт у Беларусь электронікі, бытавой тэхнікі, прадметаў раскошы, алкаголю і цыгарэтаў. Пад пагрозай і банкаўская сфера. Новы пакет санкцыяў можа быць уведзены да гадавіны пачатку вайны з Украінай.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама