У Беларусі прайшлі масавыя затрыманні

Праваабаронцы б’юць у званы: цягам дня сілавікі затрымалі прынамсі 37 асобаў. Агулам пад пераслед трапілі блізу 60-ці. Гэта вынік дзеянняў КДБ, які правёў рэйды па месцах жыхарства родных палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ты палітвязень, не варта сядзець на тэрыторыі Беларусі – цябе ўсё роўна затрымаюць. Рана, позна, некалькі месяцаў пройдзе, усё роўна затрымаюць. Добра, калі гэта будзе адміністратыўная адказнасць, горш, калі новая крымінальная справа», – кажа прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша.

На ягоную думку, сілавікі адпрацоўваюць алгарытм маштабных затрыманняў напярэдадні нейкай падзеі. Напрыклад, гэтак званага адзінага дня галасавання.

Між тым праваабаронцы справаздачацца: афіцыйнаю падставаю для сённяшніх затрыманняў чэкісты называюць фінансаванне і ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях.

«Аперацыя была выкліканая хутчэй за ўсё аналізам інфармацыі, якую КДБ атрымаў ад фінансавых установаў, банкаў. Яны бачаць трансакцыі, якія праходзяць праз беларускія банкі, – мяркуе прадстаўнік «BYPOL», былы супрацоўнік ГУБАЗіКу Станіслаў Лупаносаў. – Я думаю, гэтае мерапрыемства не разавае, яно будзе яшчэ паўтарацца».

Сярод затрыманых – вернік сталага веку Барыс Хамайда, а таксама актывіст Аляксей Раманаў. Раманаў раней адсядзеў амаль год нібыта за абразу Лукашэнкі. Былы палітычны вязень хварэў на рак і перанёс некалькі складаных аперацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ведомости

«Ім усё роўна – хворы ты, не хворы, сталага ўзросту ці ёсць у цябе нават узнагароды ад гэтай улады. На гэта не трэба звяртаць ніякай увагі. Гэтыя людзі для іх – ворагі нумар адзін», – кажа Алег Кулеша.

Паводле Станіслава Лупаносава, акцыя КДБ – гэта працяг учорашняй кібератакі на сацыяльныя сеткі беларускіх палітыкаў і грамадскіх арганізацыяў, у тым ліку звязаных з дапамогаю палітычным вязням. Ён звяртае ўвагу на неабходнасць захоўваць інфармацыйную бяспеку:

«У першую чаргу не пакідаць лічбавых слядоў на кампʼютарах, у тэлефонах, на іншых мабільных прыладах. Не карыстацца ні банкамі, ні фінансавымі ўстановамі, якія знаходзяцца ў Беларусі ці пад кантролем Беларусі або Расеі. Таксама выклікаюць засцярогі краіны, якія ўваходзяць у АДКБ».

Днямі на МКАДзе зʼявіўся рэкламны банэр з пагрозамі на адрас тых, хто рабіў ахвяраванні ў дабрачынныя фонды і арганізацыі. Адказнасць за яго размяшчэнне ўзяў на сябе Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама