Беларусаў з ВНЖ іншых краінаў дапытваюць на мяжы

На беларусаў, якія маюць віды на жыхарства іншых краінаў, усё часцей звяртаюць увагу пры выездзе з Беларусі. Прынамсі, у нашую рэдакцыю звярнуліся некалькі чалавек, якім давялося прайсці праз размову з беларускімі сілавікамі на мяжы з Польшчай. У асобным пакоі прадстаўнікі сілавых ведамстваў пыталіся пра ўдзел у акцыях пратэстаў у 20-м годзе, стаўленні да Святланы Ціханоўскай ды бел-чырвона-белай сімволікі. Апроч гэтага ў людзей правяраюць мабільныя тэлефоны. Што шукаюць – не ўдакладняюць. Такога ж кшталту размовы заводзяць і з тымі, хто мае працоўныя візы. З адным удакладненнем, маўляў, чаму ж не жадаеце працаваць у Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Зрэшты, нашыя суайчыннікі, якія мелі легальны дазвол на працу і жыццё на тэрыторыі іншых краінаў, выклікалі зацікаўленасць у сілавікоў і раней. Размовы такога кшталту на мяжы былі. Але калі раней іх праводзілі выбарачна, то цяпер, падобна, узялі за правіла. У памежным жа камітэце Беларусі прычыны патлумачылі проста:

«Ну, глядзяць падставы для выезду за мяжу».

У законе нашай краіны «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь», які дзеіць з канца верасня 2009 года, дакладна прапісана, што для выезду патрэбен пашпарт. У рэкамендацыях Міністэрства замежных справаў Беларусі ёсць пункт пра наяўнасць дазволу на выезд і прыбыццё ў замежную дзяржаву, то бок візы. Аднак ні адзін дакумент не прадугледжвае, што ў вас спытаюць від на жыхарства.

«Гэта звязана з усёй той пратэснай і вайсковай актыўнасцю якая ёсць унутры Беларусі і па-за яе межамі. Такім чынам памежны камітэт спрабуе супрацьстаяць, напэўна, усім тым выклікам, якія ўзнікаюць на сённяшні дзень», – мяркуе юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Аднак у хуткім часе беларусаў абавяжуць інфармаваць пра атрыманне відаў на жыхарства, картаў паляка і грамадзянства іншых краінаў. Змены і дапаўненні ў закон «Аб грамадзянстве» набудуць моц адзінаццатага ліпеня.

«Адказнасці пакуль за гэта ніякай не прадугледжана. Апавяшчаць трэба будзе альбо аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Альбо амбасады, калі знаходзіцеся за мяжой», – распавялі нам у Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі Рэспублікі Беларусь.

Дзеля чаго такая захада, у Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі не ведаюць. А вось палітолаг і спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў мяркуе, беларусам з відам на жыхарства іншай краіны змогуць выстаўляць рахункі, напрыклад, за медычную дапамогу – па цэнах для іншаземцаў. Гэта акрамя жадання дзяржавы кантраляваць усіх людзей краіны.

«Беларуская дзяржава хоча прыраўняць сваіх жа грамадзянаў да замежных грамадзянаў у правах на карыстанне з іх пункту гледжання сацыяльнымі там льготамі, якія дае беларуская дзяржава беларускім грамадзянам», – кажа Андрэй Ягораў.

Якіх наступстваў чакаць тым, хто не падасць звесткі ў адпаведны орган аб наяўнасці дакументаў падвойнага грамадзянства, у законе не пазначана.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама