Год вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны

Роўна год таму Расея пачала адкрытае ўварванне ва Украіну. Паўднёвая суседка Беларусі выстаяла, але ваенны канфлікт не заціхае. А нашая краіна па-ранейшаму фактычна застаецца суагрэсарам. Як паўплывала вайна на еўрапейскі выбар украінцаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Словы памежніка з вострава Змяінага прагучалі роўна год таму і сталі лозунгам супраціву. Украінскі ваяр – вось ад каго цяпер залежыць, ці захаваецца Украіна як дзяржава, адзначыў прэзідэнт Зяленскі, калі сёння ўручаў узнагароды вайскоўцам. Дванаццаць месяцаў цяжкіх баёў, бамбаванняў гарадоў, тысячы забітых і закатаваных акупантамі мірных грамадзянаў. Падзенне эканомікі на траціну. Але пуцінскі бліцкрыг праваліўся.

«Для мяне галоўны вынік году вайны ў тым, што нашая дзяржава існуе. Што мы выстаялі, мы змагаемся. І сёння ў нас ёсць усе шанцы, каб аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць», – кажа вайсковы эксперт, палкоўнік запасу ЗСУ Алег Жданаў.

«Украіна цягам гэтага года давяла ўсяму свету, што яна адбылася як дзяржава. А яе грамадзяне гатовыя за гэтую дзяржаву не толькі паміраць, але і забіваць захопнікаў. Сёння, я думаю, ужо ніхто не скажа, што незалежнасць Украіны ўпала нам з неба ў 1991 годзе», – кажа ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Не ўдалося Крамлю і раскалоць Захад. Міжнароднае падтрыманне Украіны і салідарнасць з ёю аказаліся беспрэцэдэнтнымі. Для лідараў заходніх дэмакратыяў стала, бадай, прыкметай добрага тону завітаць у Кіеў, нягледзячы на рызыку абстрэлаў. Гэта не толькі пытанне каштоўнасцяў, але і бяспекі, кажа палітычны аглядальнік Юры Дракахруст.

«Калі Расея зможа зламаць Украіну, то думаю, што Захад будзе наступным. Нават калі Крэмль цяпер такіх мэтаў перад сабой не ставіць. Жыццё іх перад Крамлём паставіць», – мяркуе Юры Дракахруст.

Менавіта падчас вайны Украіне надалі статус кандыдата ў Еўрапейскі Звяз. Паводле сацыялагічнай групы «Рэйтынг», больш за 80 адсоткаў апытаных грамадзянаў цяпер за далучэнне да Еўразвязу і NATO. Таксама ўкраінцы ў пераважнай большасці супраць саступак агрэсару.

Меркаванні беларусаў наконт вайны раздзяліліся, сведчыць апытанне Беларускай аналітычнай майстэрні. Частка грамадзянаў следам за рэжымам Лукашэнкі падтрымлівае дзеянні Расеі і прысутнасць расейскіх войскаў. Але бяспекі ва Усходняй Еўропе не будзе, пакуль захоўваецца такі стан рэчаў, заявіла Святлана Ціханоўская падчас мюнхенскай канферэнцыі ў справах бяспекі.

«Не можа скончыцца вайна, вось гэтая нашая рэгіянальная, пакуль Беларусь не стане дэмакратычнай. З лукашэнкаўскім рэжымам, з тым уплывам, які Пуцін мае на яго, не будзе ніякага міру і бяспекі ў нашым рэгіёне», – кажа Святлана Ціханоўская.

Тым часам украінскае войска рыхтуецца пераламаць сітуацыю на фронце. Паводле вайсковага эксперта Алега Жданава, у найбліжэйшыя месяцы ўкраінцы дасягнуць парытэту з расейцамі ў агнявой магутнасці. А кіраўнік украінскай выведкі Кірыла Буданаў прагназуе пералом у вайне ўвесну.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама