Польшча можа завесці крымінальную справу на Лукашэнку

Павел Латушка першым з беларускіх дэмакратычных палітыкаў даў паказанні польскай пракуратуры як пацярпелы. Мэта працэдуры – выкарыстанне нацыянальнай юрысдыкцыі Польшчы для завядзення крымінальнай справы супраць Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы не спынімся ў тым, каб пакараць вінаватых у гвалце, у рэпрэсіях у Беларусі. І сёння як асоба пакрыўджаная, як сведка, я буду даваць паказанні ў рамках усепольскай пракуратуры ў той справе, што распачатая. Дарэчы, гэтая справа тычыцца і захопу самалёта “Ryanair”, і міграцыйнай вайны, якую распачаў Лукашэнка, таксама і злачынстваў супраць чалавечнасці, што здзяйсняе рэжым Лукашэнкі».

Сённяшняя працэдура сталася наступным этапам адпаведнага звароту ў польскую Нацыянальную пракуратуру, што адбыўся ў 2021 годзе.

«Больш за год спатрэбілася пракуратуры, каб вывучыць пададзеныя тады шматлікія доказы. Расследаванне вельмі аб’ёмнае і ўключае сабраныя факты са жніўня 2020-га да снежня 2021 года», – кажа адвакат Томаш Віліньскі.

Адвакат Томаш Віліньскі пацвярджае, што завядзенне крымінальнай справы на польскім нацыянальным узроўні можа стаць важным складнікам для будучых міжнародных судовых працэсаў.

«У момант, калі будзе пацверджанае хаця б адно са злачынстваў Лукашэнкі, гэта стане падставай для таго, каб выдаць ордар на арышт яго ды іншых выканаўцаў гэтых злачынстваў. Адпаведная пастанова можа тычыцца як асобных людзей, так і цэлых службаў рэжыму, такіх як АМАП, міліцыя і гэтак далей».

У сваю чаргу, Павел Латушка звярнуўся як да цяперашніх сілавікоў у Беларусі, так і да тых, хто яшчэ плануе да іх далучыцца:

«Няхай гэта доўгая дарога, няхай міжнародныя арганізацыі і інстытуты прымаюць вельмі цяжка, марудна ўсе гэтыя рашэнні, але яны прымаюцца. Ідуць, як той каток, які ўкачвае асфальт. І накіроўваецца ў дачыненні вас. І вы мусіце гэта зразумець. Тыя, хто марыць “працаваць” у гэтай сістэме, падумайце, ці варта туды ісці. За якія каштоўнасці вы змагаецеся? Каб збіваць, забіваць людзей, гвалтаваць дубінкамі дзяўчат? Надышоў час выбару для кожнага з вас. І вы мусіце гэта зразумець».

Адным з апошніх дакументаў, што фіксуе стан правоў чалавека ў Беларусі, стала пададзеная ў мінулую пятніцу справаздача Управы вярхоўнага камісара ААН. У ёй гаворыцца, што сістэматычныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, апанентаў, грамадзянскай супольнасці могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама