Урад Віктара Орбана блакуе антываенныя санкцыі

Вугоршчына блакуе санкцыі супраць атамнай галіны Расеі, каб не пашкодзіць інтарэсам дзяржаўнай карпарацыі «Росатом». Падчас круглага стала ў Люксембурзе міністр замежных справаў Петэр Сіярта заявіў, што гэта пашкодзіць вугорскім нацыянальным інтарэсам. Атамныя санкцыі ўваходзяць у 11-ты пакет, які менавіта цяпер узгадняе ўвесь Еўразвяз у Вялікім Герцагстве – маленькім Люксембурзе. Абмежаванні маюць закрануць і Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Грамадзянская вайна ў Судане, непавага Кітаю да незалежнасці постсавецкіх краінаў, 600 млн з 1 мільярду еўраў на год – на боепрыпасы для Украіны, акупаваныя Расеяй тэрыторыі Грузіі і Малдовы – такія праблемы і задачы разглядалі сёння міністры замежных справаў Еўразвязу ў Люксембурзе. На тэматычных круглых сталах прысутнічалі іх калегі з Кіеву і Тбілісі. Але чаканы 11-ты пакет санкцыяў, які ўдарыць і па рэжыме Лукашэнкі, яшчэ не гатовы.

«Сёння мы не гатовыя канчаткова падрыхтаваць новы пакет санкцыяў супраць Расеі. Дыскусія працягнецца», – заявіў на пачатку круглага стала кіраўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу Жузэп Бурэль.

У 11-ты пакет з папярэдняга перакачавала дзяржаўная карпарацыя «Росатом». Раней яна трапіла пад санкцыі Украіны і ЗША як крыніца валюты і рычаг замежнага ўплыву Крамля.

«Калі казаць пра ядравае паліва, шмат якім краінам Еўразвязу яно патрэбнае для працы атамных электрастанцыяў. І вельмі няпроста замяніць яго. Але альтэрнатыва расейскім пастаўкам будзе знойдзеная, і мусіць быць знойдзеная, бо гэта магутная крыніца прыбыткаў для Расеі», – перакананы еўрадэпутат Міхаэль Галер з Камітэту замежных справаў Еўрапарламенту.

Але санкцыі Еўразвязу блакуе Вугоршчына, якая будуе разам з кампаніяй «Росатом» атамную электрастанцыю «Пакш-2».

«Вугоршчына ні ў якім разе не пагодзіцца ні на якія санкцыі супраць ядравай прамысловасці ў той ступені, у якой гэта пашкодзіць вугорскім нацыянальным інтарэсам», – заявіў у панядзелак міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта.

2 тыдні таму, падчас сустрэчы Петэра Сіярты з прадстаўніком Лукашэнкі Сяргеем Алейнікам у Будапэшце быў падпісаны мемарандум аб вугорска-беларускай супрацы ў ядравай галіне пад агульным парасонам «Росатаму». Пры гэтым у Будапэшту няма асобнай стратэгіі ў супрацы з рэжымам Лукашэнкі, тлумачыць Каміль Клысіньскі.

«Стасункі Будапэшт-Масква – гэта галоўны фактар, які вызначае крокі Вугоршчыны ў бок Беларусі. Яны глядзяць на Беларусь, як на саюзніка Расеі, у звязцы. Магчыма, яны хочуць сыграць ролю пасярэдніка між Расеяй, Беларуссю і Захадам, можа, яны маюць такія мары», – тлумачыць эксперт у сферы Беларусі з Цэнтру ўсходніх даследаванняў, Польшча.

З іншага боку, беларускі амбасадар у Вугоршчыне ў інтэрв’ю дзяржаўнаму каналу ОНТ наўпрост называў урад Віктара Орбана «антысанкцыйнымі лабістамі рэжыму Лукашэнкі».

«Таксама ёсць гульні вакол калію, наколькі мне вядома. Ёсць краіны, якія аргументуюць, што трэба змагацца з голадам у свеце, дапамагаць галадаючым, спрыяць пастаўкам беларускага калію», – нагадвае Каміль Клысіньскі.

Паводле экспертаў, у Еўразвязе ўсё менш прыхільнікаў палітычнай канструкцыі, збудаванай Уладзімірам Макеем, што Аляксандра Лукашэнку трэба паберагчы ад санкцыяў, каб ён нібыта абараніў суверэнітэт Беларусі ад паглынання Пуціным.

«Возьмем хаця б адно пытанне: дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей, якіх везлі ў Беларусь. Гэта само па сабе злачынства, якое мусіць быць расцэненае, як сурʼёзны аргумент для дадатковых санкцыяў», – падкрэслівае еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус, які ўваходзіць у дэлегацыю Еўрапарламенту ў справах Беларусі.

Антываенны ўдар санкцыямі рэжымы Пуціна і Лукашэнкі сёння атрымалі не з Захаду, а з Усходу. Паўднёвая Карэя ўзмацніла кантроль за экспартам шэрагу прамысловых тавараў у Расею Беларусь. Цяпер пад адмысловы кантроль ураду ў Сеуле трапяць пастаўкі хімікатаў, паўправаднікоў, электронікі, запчастак, аўтамабіляў і шмат чаго яшчэ – амаль 800 пазіцыяў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама