Казахстан дапамагае Лукашэнку абысці заходнія санкцыі

У беларуска-казахскім гандлі адбываецца ажыўленне. Рэзка выраслі пастаўкі з Казахстану ў Беларусь электронікі, акумулятараў, падшыпнікаў ды іншых тавараў побытавага і прамысловага прызначэння. Прычым рост па некаторых пазіцыях – у дзясяткі і нават сотні разоў. Найбольш імаверна, што такім чынам у Беларусь трапляе прадукцыя, якую краіны Захаду прадаваць у нашую краіну забаранілі. То бок рэжым Лукашэнкі з дапамогай Казахстану, магчыма, абыходзіць санкцыі. Чаму казахскія ўлады даюць зялёнае святло гэткім схемам? І ці ў стане Захад перакрыць каналы паралельнага імпарту?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Экспарт з Казахстану ў Беларусь у шэрагу пазіцыяў не проста вырас, а падскочыў. Паводле свежых звестак казахскага Бюро нацыянальнай статыстыкі, акумулятараў адтуль вязуць амаль у чатыры разы болей, камп‘ютараў – ці не ў 20 разоў, а смартфонаў – у 286 разоў. Калі параўноўваць першыя кварталы гэтага і мінулага гадоў. Гаворка пра паралельны імпарт у Беларусь падсанкцыйнай прадукцыі, мяркуе эканаміст Алег Мазоль.

«Фінансавыя даходы ад абыходу санкцыяў для трэціх краінаў перавышаюць палітычныя дывідэнды ад далучэння да міжнароднай санкцыйнай палітыкі. Я нават мяркую, што існуе свайго кшталту канкурэнцыя сярод краінаў ЕАЭС за выкарыстанне іх юрысдыкцыяў і кампаніяў для абыходу санкцыяў», – кажа эканаміст Алег Мазоль з «BEROC».

Падобна, бізнес будзе пашырацца на фоне новых забаронаў Злучаных Штатаў пастаўляць у Беларусь і Расею шэраг амерыканскіх тавараў: ад электронікі да алкаголю і медычнай тэхнікі. Агулам больш за тысячу дзвесце пазіцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: aa.com.tr

Беларусь не можа цалкам абысціся без замежнай прадукцыі. Гэта не толькі смартфоны, але і высокатэхналагічнае прамысловае абсталяванне, запчасткі да яго і камплектавальныя для вытворчасці. Напрыклад, з Казахстану сёлета сталі імпартаваць помпы і падшыпнікі. Вязуць з Казахстану і легкавыя аўтамабілі. Чаго раней не было. А ў Беларусі прапануюць спрасціць працэдуру іх паралельнага імпарту.

Казахскія ўлады каналаў абыходу санкцыяў не перакрываюць. У той жа час статыстыку рээкспарту не ўтойваюць і пры неабходнасці гатовыя ісці на кантакт з заходнімі краінамі ў гэтым пытанні, кажа фінансіст Расул Рысмамбетаў.

«Ёсць такі добры англійскі выраз “talk to me” – размаўляй са мной. Калі ёсць прэтэнзіі – абавязкова будуць разглядаць. Наколькі я ведаю, прыязджалі людзі з ЗША, з Еўразвязу, з Вялікай Брытаніі. Казалі: вось тое і тое нам не падабаецца, давайце думаць над механізмамі», – адзначае Расул Рысмамбетаў.

Цяжар выканання санкцыйных абмежаванняў не павінен класціся на Казахстан, мяркуе Расул Рысмамбетаў. Па-першае, гэта вымагае ад краіны вялікіх выдаткаў. Па-другое, пытанні трэба задаваць вытворцам падсанкцыйных тавараў.

«Урадам-ініцыятарам санкцыяў трэба працаваць са сваім карпаратыўным сектарам. Чамусьці там ніхто не дзівіцца, чаму Казахстан стаў у сто разоў болей купляць айфонаў. Ніхто не дзівіцца, усе спакойна гандлююць. Чаму?» – кажа Расул Рысмамбетаў.

Відаць, вайна вайной, але прыбыткі – прыбыткамі. Ці магчыма прыкрыць паралельны імпарт? Як варыянт, увесці санкцыі супраць структураў, што яго легалізуюць, кажа Алег Мазоль.

«На мой погляд, найбольш уразлівымі да другасных санкцыяў ёсць нацыянальныя сістэмы сертыфікацыі. Гэта арганізацыі, якія выдаюць сертыфікаты адпаведнасці і пра паходжанне тавару. То бок гандлёвыя або гандлёва-прамысловыя палаты. Яны непасрэдна легалізуюць абыход санкцыяў», – мяркуе Алег Мазоль.

Некалі і беларускія кампаніі добра пагрэлі рукі на падобных схемах, якія раскрылі журналісты-расследавальнікі. Забароненыя заходнія харчы завозілі ў Расею пад выглядам беларускіх: напрыклад, крэветкі і садавіну з гароднінаю.

Цяпер, падобна, з’явіліся казахскія смартфоны. То бок пакуль лагістычныя шчыліны не будуць прыкрытыя, заходнія тавары ў Беларусі, імаверна, не знікнуць.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама