Дзяржава прапануе «Культурны код»

Што ёсць кодам нацыі? Словы афіцыйнага гімну ці кветкі лёну ў лукашэнкаўскім гербе? «Беларусьфільм» пачаў здымаць стужку пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі. Працоўная назва – «Культурны код».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У іх метадычках напісана, што фільмы добра ўплываюць на мозг людзей – так, будзем рабіць. Як іх рабіць, навошта – яны не разумеюць, таму, па сутнасці, робяць звычайны БТ-матэрыял, які называюць фільмам. Ну так, мастацкі нешта закруцяць», – кажа блогер, аўтар каналу «Реальная Беларусь» Арцём Шапараў.

У аснове сюжэту – гісторыя студэнтаў Акадэміі мастацтваў, які здымаюць дыпломны фільм пра дзяржаўныя сімвалы. Для гэтага бяруць удзел у аўтапрабегу «За Беларусь!», ідуць у Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці і апытваюць мінакоў.

Ідэя выкарыстаць апытанне ў мастацкай стужцы не новая. На паліцах «Беларусьфільму» ляжыць фільм рэжысёраў Змітра Дзядка і Андрэя Грынька «Гэта я, Менск». У фільме выкарыстоўваюцца ўстаўкі з адказамі менчукоў, кім яны сябе адчуваюць. Завершаная ў 2022-ім годзе стужка так і не выйшла на экраны.

«Гэта ўжо вельмі непрыгожа выглядае, бо не толькі прэтэндуюць на грошы падаткаабкладальнікаў Беларусі, але і фактычна крадуць ідэі ў аўтараў, чые фільмы не выйшлі», – мяркуе кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.

Не новая і ідэя зняць кіно пра тое, як студэнты здымаюць фільм. Менавіта такі сюжэт мела стужка «Кіношнікі» – папярэдняя праца рэжысёра Кірыла Халецкага, якога ў паведамленні Міністэрства культуры назвалі залатым хлопчыкам «Беларусьфільму».

«Як бы ні казала сама студыя, што яны запрашаюць моладзь працаваць, бачна, што акрамя Халецкага з моладзі на студыі амаль нікога няма і асаблівага жадання прыходзіць туды таксама я не бачу», – кажа Тарас Тарналіцкі.

На папярэднія стужкі «Беларусьфільму» пра палітычныя або гістарычныя падзеі залы ў кінатэатрах запаўнялі па разнарадцы. Так было летась са стужкаю «На іншым беразе», прымеркаванай да гэтак званага Дня народнага адзінства – афіцыйнага свята, прызначанага на 17-га верасня і заснаванага пасля масавых пратэстаў 2020-га года.

Галоўны корпус «Беларусьфільм». Фота: wikipedia.org

Так сталася і сёлета з фільмам «Час вярнуцца». Стужку выпусцілі да Дня перамогі. Міністэрства культуры хвалілася праглядамі, але ў сетку трапілі лісты міністра да мясцовых уладаў з просьбаю забяспечыць наведванне фільму.

«Каб на самой справе ствараць вялікія творы, трэба пачуваць сябе вольнымі, трэба пачуваць сябе свабоднымі. Не тое што ў бяспецы, а разумець, што ты маеш права на нейкі пошук, на нейкія памылкі, але ў любым разе цябе ніхто не будзе абвінавачваць у няведанні ідэалогіі, здрадзе дзяржавы і гэтак далей», – кажа медыяэкспертка, доктарка навук Ірына Сідорская.

Прапагандысцкія фільмы ды іх фактычна прымусовы прагляд – не адзіная спроба рэжыму ўздзеяць на моладзь. Тут і стварэнне гэтак званых патрыятычных клубаў, і ваенізаваныя імпрэзы. І нават у сцэнары сёлетніх выпускных рэкамендавалася ўвесці тэму 80-цігоддзя вызвалення Беларусі. Важна ў такіх умовах камунікаваць з дзецьмі, падкрэслівае Ірына Сідорская, не аддаваць іхнага выхавання дзяржаве:

«Калі дзіця ці падлетак будуць ведаць, што існуюць розныя погляды, што ёсць такая мадэль а ёсць іншая – гэта ўжо вельмі шмат, бо дзяржава хоча паказаць, што ёсць адзіны правільны бок, адна мадэль, а ўсё астатняе няправільна».

Прэм’еру фільму «Культурны код» абяцаюць сёлета ў верасні.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама