Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў з палітыкамі, дэпутатамі, грамадскімі актывістамі ў Нямеччыне

У Бундэстагу створаная «Група сяброў Беларусі». Да яе далучыліся каля 30 дэпутатаў парламенту Нямеччыны. Мэта – наладзіць кантакты з апазіцыйнымі палітыкамі і з грамадзянскай супольнасцю нашай краіны, а таксама арганізаваць дзейсную падтрымку беларускага грамадства. Гэта адзін з вынікаў візіту ў Берлін абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай. Яна правяла шэраг сустрэчаў з палітыкамі, дэпутатамі, грамадскімі актывістамі. Напрыклад, з дзеячамі ініцыятывы «Разам», што прадстаўляе беларусаў у Нямеччыне, а таксама з недзяржаўнымі арганізацыямі, што працуюць для Беларусі ў розных напрамках.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Такія сустрэчы – гэта як адкрыццё дзвярэй, – распавяла Святлана Ціханоўская. – Я абмяркоўваю пытанні, якія вельмі важныя для Беларусі. А ўжо потым, на працоўных узроўнях гэтыя пытанні дапрацоўваюць, накіроўваюць у адмысловыя аддзелы, якія будуць далей працаваць з беларусамі».

У Бундэстагу Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі ейнай каманды дамовіліся пра стажы ў нямецкім парламенце для маладых беларусаў-дэмакратаў. Іх будзе праводзіць акурат «Група сяброў Беларусі». Ішла размова і пра тое, каб кожны дэпутат з групы ўзяў апеку над беларускім палітвязнем. Абмяркоўвалі рэзалюцыю наконт Беларусі, у якой будуць акрэсленыя ўсе праблемы беларусаў і механізмы іх залагоджвання. Пачалі выпрацоўваць стратэгію нямецка-беларускай супрацы з кабінетам Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйнаю радаю.

«Была размова пра фармалізацыю, інстытуцыялізацыю адносінаў паміж Беларуссю і Нямеччынай, як гэта мы зараз робім са Злучанымі Штатамі, – дадаў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. – У канцы года будзе запушчаны стратэгічны дыялог, падобны мы хацелі б зрабіць з Берлінам. Каб мы сустракаліся сістэмна, выпрацоўвалі стратэгію, запускалі кампаніі, адкрывалі трыбунал па Лукашэнку».

Падчас гэтага двухдзённага візіту ў Нямеччыну Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі ў справе бяспекі, сустрэлася з Нямецкай эканамічнай камандай, з парламенцкай групай «За дэмакратычную Беларусь» і з так званымі хроснымі беларускіх палітвязняў.

Падчас свайго выступу на Альянц-форуме абраная прэзідэнтка Беларусі нагадала, што нельга дапусціць размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі. Не абмінула яна і тэмы расейскае акупацыі.

«Без пераможнай Украіны не можа быць вольнае Беларусі, – абвясціла Святлана Ціханоўская. – Украінцы штодня змагаюцца за сваю незалежнасць. І я маю гонар сказаць, што беларусы змагаюцца з імі побач. Беларусы адназначна прадэманстравалі, што яны – за ўкраінцаў і не падтрымліваюць вайны».

Святлана Ціханоўская і ейная каманда мелі размовы з міністрам фінансаў Крыст’янам Лінднэрам і дзяржаўным сакратаром Андрэасам Міхаэлісам. Вялося пра фінансавую дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі і пра магчымасць атрымаць гуманітарную візу беларусам у Менску.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, аднак, зазначыў, што галоўныя нямецкія палітыкі, якія сёння шмат у чым вырашаюць лёс, з Ціханоўскай гэтым разам не сустракаліся: канцлер і віцэ-канцлер, міністры замежных справаў і абароны. Тым не менш, каманда Святланы Ціханоўскай не выключае, што такая сустрэча адбудзецца. Сёлета чальцы Офісу абранай прэзідэнткі Беларусі наведаюць Нямеччыну яшчэ двойчы. Адзін з візітаў запланаваны на ўручэнне Міжнароднай прэміі Карла Вялікага Уладзіміру Зяленскаму з удзелам нямецкага канцлера Оляфа Шольца і старшыні Еўрапейскай камісіі Урзулі Фон дэр Ляен.

«Тое, што мы ездзім, сустракаемся, робім такую справу, – дало тое, што нас не запісалі ў адну сметніцу з Расеяй. А гэта магло адбыцца, – падкрэсліў Франак Вячорка. – То бок, цяжкая сітуацыя, але не крытычная, няма нічога невырашальнага. Бундэстаг прызначыў спецпрадстаўніка па адносінах з Беларуссю».

За два гады Святлана Ціханоўская выпраўлялася ў міжнародныя паездкі каля 90 разоў. Яна сустракалася з дзясяткамі прэзідэнтаў і прэм’ераў, з каралямі і топавымі палітыкамі.

Марына Яновіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама