Навагодні скачок цэнаў: да чаго рыхтавацца?

Кошты на ежу і тавары першай неабходнасці не вырастуць, а ўсе папярэджанні пра навагодні скачок інфляцыі – гэта ўкіды, якія выклікаюць толькі смех. Такую заяву на дзяржаўным тэлебачанні зрабіў міністр гандлю Аляксей Багданаў. Пры гэтым у суседняй Расеі, да якой нас усё мацней эканамічна прывязвае Аляксандр Лукашэнка, гандлёвыя сеткі рыхтуюцца менавіта да адначасовага навагодняга падвышэння коштаў на харчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі на прылаўку бачыш, што кілбаса ці яйкі падаражэлі – не вер вачам сваім. Міністр антыманапольнага рэгулявання, які ў лукашэнкаўскім урадзе адказвае за манаполію дзяржавы над рэгуляваннем коштаў, заявіў, што за ўвесь 2023-ці год кошты на ежу падняліся на пару капеек – на вараную кілбасу, або зусім упалі, як на бульбу. Каб пацвердзіць афіцыйную статыстыку, Аляксей Багданаў заявіў, што сам купляе харчы ў звычайнай краме ля дому, як і ўсе.

«Усё часцей у асобных інтэрнэт-рэсурсах з’яўляюцца ўкіды, маўляў, пасля бою курантаў інфляцыя рване», – звярнулася да міністра вядоўца праграмы «Наше время» на тэлеканале ОНТ Марына Лаўрукевіч.

«Паверце, гэта ўжо проста смешна. Крытыцы не паддаюцца такія ілжывыя выдумкі, якія ўкідваюць нам увесь час», – адказаў Аляксей Багданаў.

Сістэма дзяржаўнага рэгулявання коштаў, заснаваная на Дактрыне справядлівасці Лукашэнкі, пацвердзіла сваю эфектыўнасць за год, тлумачыць Аляксей Багданаў. З Новага года дзяржаўнае рэгуляванне коштаў застанецца, а прадпрыемствам будуць выстаўляць максімальна дазволеныя падвышкі коштаў.

«Мы кантралявалі рост цаны штомесяц. Такая ж сістэма ўжо зроблена для прагнозу інфляцыі на 2024 год, які ўказаны Прэзідэнтам як 6%», – падкрэсліў Аляксей Багданаў.

Магчыма, у пэўных сталічных крамах, дзе закупаюцца міністры, кошты засталіся на леташнім узроўні. Але практыка з мястэчак паказвае іншую рэчаіснасць. Журналісты выдання «Kraj.by» з Маладзечна ўзялі чэк на пачастункі для святочнага стала за 2022-ы год і параўналі з коштамі на тыя самыя тавары сёлета, у 2023-м.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукты харчавання ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года. Фота: Белсат

«Максімальна нашае “Савецкае шампанскае”. Дык вось, яно падаражэла чамусьці больш чым на 13 %! Стронга-фарэлька, у 150-грамовых пачках, таксама не патаннела, а якраз падаражэла – ужо на 17 %», – параўноўвае кошты на аднолькавыя тавары ў 2022-м і 2023-м бізнесовец, блогер і вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Аляксандр Кныровіч у праграме «Атма$фера» падкрэслівае, што рэпартаж з Маладзечна перадрукавала ў сябе афіцыйная газета Менгарвыканкаму «Мінская праўда», якая вылучаецца сваім градусам пралукашэнкаўскай і антыбеларускай прапаганды з усіх дзяржаўных СМІ. І з «Мінскай праўды» бачна, што афіцыйны рапарт Нацыянальнага статыстычнага камітэту пра гадавую інфляцыю ў 6,3 % не спраўдзіўся.

«Тое, што захавалася ў продажы ў нязменным выглядзе, падаражэла ніяк не на 6 %, а на 9-17 %! Тое ж, што патаннела, – або знікла з продажу, або змяніла склад, або выглядае так, што купляць трэба з заплюшчанымі вачыма», – падкрэслівае Аляксандр Кныровіч.

Больш за тое, як тлумачыць бізнесовец, калі мяжа з Расеяй застанецца намінальнай, то варта чакаць шэрага імпарту і кантрабанду кантраляваных беларускіх харчоў у Расею, дзе цяпер падаражэлі тыя ж курыныя яйкі.

«У нас дзясятак каштуе RUB 180-200 (BYN 6.26-7.65). Дзе і калі былі такія кошты?» – так 14 снежня абуралася, звяртаючыся да «любімага прэзідэнта» Пуціна жыхарка Краснадару Ірына Акопава.

Падчас размовы з грамадзянамі Расеі Пуцін усклаў віну за рост коштаў на ўрад і на грамадзян Расеі, якія рэзка сталі есці больш яек.

«Попыт павялічыўся, а павелічэння вытворчасці не адбылося. Прыношу свае прабачэнні. Збой у працы ўраду», – апраўдваўся Пуцін.

Урад Расеі ў асобе старшыні Цэнтрабанку кажа, што па эканоміцы моцна ўдарылі санкцыі – адключэнне ад міжнароднай сістэмы плацяжоў SWIFT і замарозка актываў.

«Яйкі – гэта адзін з параметраў. Калі тэмп росту цэнаў высокі, у нас увесь час штосьці выстрэльвае. І ёсць спакуса звязаць высокую інфляцыю з нейкім відам тавараў. Але, на жаль, там ёсць агульныя прычыны. Перадусім у нашым выпадку высокі рост попыту апярэджвае магчымасці прапановы», – заявіла ў інтэрвʼю РБК старшыня Цэнтральнага банку Расеі Эльвіра Набіуліна.

У Расеі кошты растуць імкліва. Прэса паведамляе, што ў рэгіёнах прамысловыя тавары падаражэлі ажно на траціну. Пры гэтым адразу пасля навагодняй ночы ў Расеі падаражэюць малочныя харчы, кава, сокі, рыс і кандытарскія вырабы, на 5-22 %. Як паведамляе «Камерсант», вытворцы і дыстрыбʼютары даслалі гандлёвым сеткам адмысловыя лісты аб падвышэнні кошту тавараў. Прычына – даражэе валюта і лагістыка. А значыць, прадаваць беларускае будзе больш выгадна ў Расеі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама