Што будзе з індывідуальнымі прадпрымальнікамі?

Колькасць прадпрымальнікаў у Беларусі можа значна скараціцца. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікавалі змены ў законы аб пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Дакумент усталёўвае канчатковы тэрмін, калі ў краіне можа знікнуць само паняцце ІП.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі прадугледжваецца толькі дзве катэгорыі тых, хто займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы.

Да юрыдычных асобаў адносяцца малыя арганізацыі з колькасцю працоўных да 100 чалавек. Сярэднімі лічацца арганізацыі, якія маюць да 250 працаўнікоў, буйнымі – звыш 250 чалавек. У катэгорыю фізічных асобаў уключаныя рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзібаў, самазанятыя і, пакуль яшчэ, індывідуальныя прадпрымальнікі.

«Мы стварылі каласальны афшор, дзе людзі нічога не плацяць, а ўжо ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі. Ад журналістаў, прыкладаў мора, да чыноўнікаў», –  кажа Лукашэнка.

Згодна з новым законам, весці справу дазволяць толькі тым прадпрымальнікам, чый від дзейнасці ўвойдзе ў спіс Савету Міністраў. Міністэрства эканомікі апублікуе праект пераліку відаў дзейнасці і вынесе яго на грамадскае абмеркаванне 15 траўня. Урад абяцае зацвердзіць спіс да 1 ліпеня.

Некаторы час таму, прыкладна год-паўтара, было сказана з высокай трыбуны, што нам не трэба гэтыя індывідуальныя прадпрымальнікі, бо яны плацяць вельмі мала падаткаў. Трэба, каб яны пераходзілі ў іншыя юрыдычныя формы, каб гэтых падаткаў было больш», – распавядае прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Беларускія прадпрымальнікі пратэстуюць у Менску супраць карупцыі і высокіх падаткаў. 1 лютага 2000 года. Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Новых індывідуальных прадпрымальнікаў з дзейнасцю па-за гэтым спісам перастануць рэгістраваць сёлета з першага кастрычніка. А ўсе раней зарэгістраваныя ІП абавязаныя будуць да пачатку 2026 года стварыць юрыдычную асобу. Наўзамен улады абяцаюць спрошчаны парадак пераходу ў камерцыйныя арганізацыі.

«З гэтых скарочаных рэгістрацыяў потым могуць узнікнуць нейкія праблемы з аўтарскімі правамі, нейкімі ідэнтычнымі назвамі і гэтак далей. Потым могуць адбыцца канфлікты інтарэсаў паміж гэтымі юрыдычнымі асобамі», – паведаміў доктар навук, дарадца ABBA Яраслаў Кот.

Таксама пашыраецца права на атрыманне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб’ектам сярэдняга бізнесу. Раней гэты інструмент быў даступны толькі малому бізнесу.

Па стане на 1 красавіка ў краіне амаль 86 тысяч прадпрымальнікаў працуюць у аптовым і рознічным гандлі, а таксама займаюцца аўта- і мотарэмонтам. Гэта самая вялікая група. На другім месцы – перавознікі, курʼеры і занятыя ў лагістыцы. Іх налічваецца 37,5 тысяч. У сектары прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці каля 26 тысяч, у будаўніцтве – амаль 20 тысяч, у прамысловасці крыху больш за 14 тысяч прадпрымальнікаў. Усяго ў Беларусі на пачатак красавіка налічвалася амаль 250 тысяч ІП.

«У нас хутка будзе індывідуальных прадпрымальнікаў 12 мільёнаў. У нас народу столькі няма, але будзе 12 мільёнаў прадпрымальнікаў», – удакладніў Лукашэнка.

«Лукашэнскаўская дзяржава заўсёды глядзела, каб зарабіць. Як у тым анекдоце: як забраць апошнія 100 долараў, дзе яны іх бяруць і як іх адабраць? Ён не глядзіць, каб людзі зараблялі і добра жылі, ён глядзіць, дзе з іх яшчэ ўзяць грошай», – працягвае Яраслаў Кот.

За апошнія два гады ў Беларусі сваю дзейнасць прыпынілі 20 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле прагнозаў Міністэрства эканомікі, пасля новаўвядзення іх можа паменець яшчэ амаль на 50 тысяч.

Павел Алейнікаў, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама