Рэжым Лукашэнкі зноўку палохае тэрактамі

У час, калі ў Расеі ледзь не распачалася грамадзянская вайна, прапагандысты палохаюць грамадзянаў тэрактамі ў Беларусі. Паводле версіі КДБ, небяспеку трэба чакаць з Захаду, нібыта там рыхтуюць сілавікоў дзеля зрынання ўлады ў Беларусі. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Польшча, Літва і Украіна маюць намер здзейсніць узброены захоп улады ў Беларусі. Гэткую інфармацыю далёка не першы раз падае Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Маўляў, спачатку за мяжою рыхтуюць беларускіх добраахвотнікаў для баявых дзеянняў ва Украіне, а затым яны пры падтрыманні сваіх рэгулярных войскаў прыйдуць зрынаць Лукашэнку.

«КДБ фіксуе такія праявы. Мы да гэтых выклікаў гатовыя. На даручэнне кіраўніка дзяржавы мы робім адпаведныя захады. У беглых тэрарыстаў і калектыўнага Захаду, які стаіць за іхнымі спінамі, шанцаў няма», – заявіў намеснік начальніка Следчага ўпраўлення Камітэту дзяржаўнай бяспекі Канстанцін Бычак.

У Беларусь скіраваныя байцы ПВК Вагнэра, а дзяржаўная прапаганда сцвярджае, што баяцца трэба безасабовых баевікоў з захаду. Выглядае на тое, што прапагандысты проста адсталі ад парадку дня і распрацоўваюць старыя задачы, кажа аналітык праекту «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі:

«Абсалютна аднолькавыя дзеянні, якія робяць сілавыя структуры Беларусі або Расеі, падаюцца ў станоўчым ключы, а тое самае, што робіцца загадзя прэвентыўна ці пасля таго, што зрабілі нашыя добрыя гарматы, іхныя кепскія гарматы робяць вельмі кепска».

Гэта стары прыём ваеннай прапаганды, канстатуе Паўлюк Быкоўскі. У дадзеным выпадку байцы ПВК Вагнэра, якіх у 2020 годзе рэжым Лукашэнкі адлавіў у лесе і абвінаваціў у рыхтаванні тэракту, выстаўляюцца «добрымі», а байцы палка Каліноўскага і тыя, хто іх падтрымоўвае, – «злымі».

Ваяры атраду «Атам». Фота: полк імя Кастуся Каліноўскага / Telegram

«Калі кажуць пра батальён Кастуся Каліноўскага, пра харугвы, якія недзе там… Вы ведаеце, яны дзеці ў параўнанні з усімі гэтымі ваярамі, якія знаходзяцца тут. Калі нам толькі радзіма паставіць задачу, мы аб’явім паляванне на іх у нашым памежжы», – падчас апошніх вучэнняў заявіў камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў.

Як заўважыў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, для адной аўдыторыі прапагандысты робяць з палка Каліноўскага вялікую пагрозу для рэжыму Лукашэнкі, а для іншай – кажуць, што палка Каліноўскага ўвогуле не існуе.

«Для іх вобраз ворага такі выразны – гэта полк Каліноўскага. Але ж на самай справе добраахвотнікі і людзі, якія ненавідзяць гэты рэжым і гатовыя самымі радыкальнымі мерамі яго зносіць, яны па ўсёй Еўропе. Я ўжо некалькі раз казаў, гэты бумеранг 20 года, ён да іх яшчэ вернецца», – каментуе намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Паводле Вадзіма Кабанчука, намесніка камандзіра палка Каліноўскага, сілавы варыянт змены ўлады ў Беларусі сапраўды магчымы. Асабліва пры эскалацыі вайны Расеі супраць Украіны.

«У нас адбываецца злачынства, якое расцягнутае ў часе, якое суправаджаецца забойствам і катаваннем людзей. І гэтаму злачынству мае права пакласці канец любы грамадзянін Беларусі, у тым ліку і добраахвотнікі. Мы гэта і зробім. Мы будзем забіраць у іх уладу, мы адновім справядлівасць, у першую чаргу, мы вернем уладу народу, мы запусцім дэмакратычныя працэсы, каб пачалі адбывацца дэмакратычныя выбары», – запэўнівае Вадзім Кабанчук.

А пакуль што рыхтаваннем узброенага захопу ўлады ў Беларусі на дзяржаўным тэлебачанні спрабуюць апраўдаць размяшчэнне тактычнай ядравай зброі на нашай тэрыторыі.

«Ёсць пэўная праблема, бо беларускія прапагандысты хочуць сказаць, што Беларусь ёсць донарам стабільнасці і нават міру ў рэгіёне. Кажуць, што Аляксандр Лукашэнка патрабуе знішчыць усю ядравую зброю ў свеце, і адначасова кажуць, што трэба размясціць нават не тактычную, а стратэгічную ядравую зброю. Праўда, гэта кажа міністр абароны Хрэнін», – лічыць аналітык праекту «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Расейская тактычная ядравая зброя, паводле падпісаных у траўні дамоваў, будзе захоўвацца на тэрыторыі Беларусі ў спецыяльным сховішчы, а кантроль над ёй і рашэнне аб выкарыстанні застаецца за Масквой. У чэрвені першыя ядравыя снарады былі дастаўленыя ў Беларусь, рэшту Пуцін плануе перавезці да канца лета.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама