Беларусь перастае быць лагістычна прывабнай для іншых

Лукашэнка занепакоены: адносіны з эканамічным сябрам Беларусі – Кітаем – могуць пахаладзець.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стасункі з Паднябеснай ён пачаў выбудоўваць даўно. Гэтак, амаль дзевяць гадоў таму ў Светлагорску пры інвестыцыйным падтрыманні Кітаю пачалі наладжваць вытворчасць беленай цэлюлозы. Праўда што, да канца праект усходні партнёр Лукашэнкі не давёў, што прывяло Светлагорскі кардонны камбінат да фінансавай ямы. Але гэта не астудзіла стасункаў між краінамі. Бо ў Беларусі прадпрыемстваў з кітайскім следам – не адное і не два. Бадай, самым маштабным праектам стаўся індустрыйны парк «Вялікі камень».

Вось толькі як бы Лукашэнка не намагаўся стварыць для кітайскага бізнесу спрыяльны клімат, вядзенне справаў у нашай краіне становіцца больш складаным – адчуваецца дзеянне санкцыяў. Кітайскія кампаніі асцерагаюцца рабіцца рэзідэнтамі Беларусі, заходнія – адыходзяць, а сам праект перанакіроўваецца на супрацу з Расеяй.

«Трапіць пад другасныя санкцыі ніхто не хоча. Нават кітайскія кампаніі», – зазначыў нам палітычны аглядальнікі радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Затое еўрапейскія абмежаванні ніяк не паўплывалі на гандлёвыя стасункі. Дзякуючы кітайскім таварам удалося замяніць падсанкцыйнаю заходнюю прадукцыю. Частку транзіту беларускага калію гэтаксама перанакіравалі праз Паднябесную.

«За мінулы год імпарт з Кітая ў Беларусь склаў каля 6 млрд. долараў. З Беларусі ў Кітай было пастаўлена прадукцыі на 1,6 млрд. Беларуская эканоміка перафарматуецца з Захаду на Усход», – зазначае экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзін Пін. Крыніца: president.gov.by

Пекін дазваляе Лукашэнку, які трапіў у поўную міжнародную ізаляцыю, заставацца гульцом на сусветнай арэне.

«Кітай згодзен прымаць Лукашэнку адзін-два разы перад ежай. І ўсім так добра: і Кітай незалежную палітыку ад Захаду праводзіць, і Лукашэнка мае пэўную шчылінку, каб выбрацца за мяжу», – кажа эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Раней Беларусь цікавіла Паднябесную як частка транзітнага маршруту «Адзін пояс – адзін шлях» – лагістычны праект для дастаўкі тавараў у Еўропу па сушы і моры. Часткова ён праходзіць і праз нашую краіну. Але абмежаванні, уведзеныя Польшчай і Літвой на межах, сур’ёзна пагражаюць рэалізацыі лагістычнай задумы. Гэта падчас афіцыйнага візіту ў Пекін падкрэсліў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.

«Я падрабязна абмеркаваў сітуацыю з бяспекай і перадаў яе спадару Старшыні: якая нашая пазіцыя, якія нашыя асцярогі звязаныя з расейскай агрэсіяй на Украіну і гібрыднай атакай з боку Беларусі на польскую мяжу. Я таксама казаў пра трагедыю, якую мы перажылі ў сувязі з забойствам польскага салдата на мяжы», – зазначыў ён.

Але, відаць, перспектыву спынення транспартавага злучэння Захаду з Беларуссю кітайскі лідар Сі Цзінь Пін дальнабачна прадугледзеў.

«На гэта паказвае тое, што літаральна ў пачатку чэрвеня сёлета было падпісанае пагадненне з Узбекістанам і Кыргызстанам наконт будаўніцтва новага шляху чыгункі, які будзе праходзіць праз дадзеныя дзяржавы, а потым – праз Турцыю ў Еўропу», – дадае Настасся Лузгіна.

Такім чынам, калі Польшча і адважыцца замкнуць мяжу з Беларуссю, як пра тое ў канцы мінулага тыдня заявіў кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі, то на транзіт кітайскіх тавараў гэта не моцна паўплывае. Найбольш пацярпяць беларусы, для якіх акно на захад практычна зачыніцца.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама