Прыехалі бронеаўтамабілі вагнэраўцаў

У лагеры вагнэраўцаў пад Асіповічамі ўжо стаіць прынамсі 750 адзінак тэхнікі. Напярэдадні ў Беларусь заехала 11-я з арганізаваных калонаў гэтых баевікоў, на гэты раз з бранятэхнікай. Пры гэтым з самой Групы Вагнэра прыходзяць супярэчлівыя звесткі: і пра адпачынкі для часткі байцоў, і пра нарошчванне кантынгенту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Урад Вялікай Брытаніі прапусціў рост уплыву групы Вагнэра ў розных краінах свету і зацікавіўся вывучэннем расейскіх наймітаў занадта позна – на пачатку 2022 года. Такую выснову зрабіў Камітэт міжнародных справаў Палаты грамадаў брытанскага парламенту ў адмысловай справаздачы для ўраду пад назвай «Зброя наўзамен золата. Выкрыццё сеткі Вагнэра». Дакумент у 82 старонкі аналізуе дзейнасць узброенай структуры перадусім ва Украіне, Сірыі, Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы, Судане, Лівіі, Мазамбіку і Малі.

«З улікам таго, што сетка групы Вагнэра працягвае існаваць, і не гледзячы на тое, што група Вагнэра не можа цалкам выконваць сваіх абяцанняў, урады краінаў могуць звяртацца да групы Вагнэра ў пытаннях аховы, хоць і высокім коштам: зверствы, карупцыя і рабаванне натуральных рэсурсаў. Існуюць сур’ёзныя пагрозы нацыянальнай бяспецы Вялікай Брытаніі і яе саюзнікаў, калі яны дазволяць квітнець гэткім шкодным ПВК, не кажам ужо пра разбуральныя наступствы для людзей», – робіць выснову Камітэт міжнародных справаў Палаты грамадаў брытанскага парламенту.

Пра Беларусь у адмысловай справаздачы брытанскага парламенту амаль не ўзгадваюць. Але дакумент – рэакцыя на з’яўленне групы Вагнэра ля межаў саюзнікаў Брытаніі па блоку NATO, тлумачыць палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст:

«Прычым гэтая пагроза павялічылася месяц таму. Я не думаю, што гэта рэакцыя на заявы Лукашэнкі ў Пецярбурзе: яны хочуць у Варшаву і Жэшаў. Не, працэдуры падрыхтоўкі дакументаў не такія хуткія. Так не бывае, што ўчора Лукашэнка сказаў, а сёння Міністэрства абароны падрыхтавала справаздачу для Парламенту».

База Вагнэра ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі стала крыніцай небяспекі не толькі для суседніх дзяржаваў, кажуць эксперты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сумесныя вучэнні інструктараў ПВК Вагнэра і беларускіх вайскоўцаў. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Варта звярнуць увагу на тое, што адбывалася з вагнэраўцамі дэмабілізаванымі ці тымі, хто ўцёк у Расею, што яны рабілі ў Расеі. Рабаванні, разбой, забойствы і гэтак далей», – нагадвае спецыяліст у нацыянальнай бяспецы, палітолаг Аляксандр Казак.

Група Вагнэра вядомая сваім ультра-гвалтам. Паводле даследчай суполкі «Sentry», у Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы вагнэраўцы вучылі мясцовых сілавікоў методыкам допытаў і катаванняў, каб задушыць любы супраціў мясцовага насельніцтва.

Але такая ўзброеная група нясе рызыкі і для дзяржавы, бо яшчэ з калумбавых часоў менавіта дзяржава мела манаполію на гвалт, тлумачыць Юрый Дракахруст. І Лукашэнка імкнуўся не дапускаць самадзейнасці ў гэтым пытанні.

«А тут зʼяўляецца нейкае ўтварэнне, якое як бы яму не падпарадкоўваецца. Якое зброю ў руках трымае, але гэта нейкае баронства, герцагства ўнутры яго сістэмы. Можа быць, яно будзе да яго лаяльным, як бывалі бароны і герцагі лаяльныя сваім сіньёрам. А бывалі і нелаяльныя», – тлумачыць Юрый Дракахруст.

Расследавальны праект «All eyes on Wagner» высветліў, што групоўкай Вагнэра ў Беларусі кіруе найміт з пазыўным «Піянер», нараджэнец Украіны Сяргей Чубко. Як даведалася «Наша Ніва», Сяргей Чубко – сын савецкага вайскоўца, які ў складзе расейскай арміі ваяваў у Чачэніі. Абодва мужчыны працавалі ў расейскіх прыватных ахоўных структурах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама