Новыя магчымасці для паступлення ў ВНУ для медалістаў і алімпіяднікаў агучылі ў Міністэрстве адукацыі. Згодна з імі, зрабіцца беларускім студэнтам будзе лягчэй.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Чарговыя змены ў адукацыі – гэтым разам для выпускнікоў – анансавала адказнае ведамства. Найперш новаўвядзенні датычаць цэнтралізаваных тэставання і экзамену. У наступным годзе яны пройдуць у адныя і тыя ж дні – з 27-га да 30-га траўня. Трэцяга чэрвеня дадаткова на тэставанне запросяць тых, хто плануе атрымаць вышэйшую адукацыю.
Гэтак, мяркуе экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч, ведамства паступова набліжаецца да ўвядзення адзінага іспыту.
«Неяк інтуітыўна там нешта адчуваюць, што трэба нешта мяняць. І кіруючыся гэтай інтуіцыяй, пачынаюць эксперыментаваць. А тое, што гэта эксперыменты над людзьмі, мала каго хвалюе. У гэтай сітуацыі менш за ўсё думаюць пра людзей, пра абітурыентаў, пра іхную перагрузку», – кажа незалежная экспертка.
Таксама пашырыцца колькасць ліцэяў, выпускнікі якіх змогуць залічацца ў ВНУ без іспытаў. Калі сёлета гэта толькі тры ўстановы – ліцэй БДУ, Беларуска-Расейскі і Палескі ўніверсітэты, то налета да іх далучацца ліцэі БНТУ і ВДУ. Пры гэтым выпускнікі ўстановаў мусяць мець ацэнкі не ніжэйшыя за восем балаў, а па профільных прадметах – дзевяць. Увядуць мінімальны парог і для мэтавікоў – мінімум 7 балаў па кожным прадмеце.
«Сем балаў – гэта нішто. Працуе праграма мінімум. Уводзіцца нейкі мінімальны парог, які, як мяркуюць, павінен стымуляваць фармаванне вось гэтых стасункаў паміж будучым працадаўцам і абітурыентам», – мяркуе Святлана Мацкевіч.
Збіраюцца падтрымаць урадоўцы медалістаў і рэспубліканскіх алімпіяднікаў. Яны змогуць паступіць без іспытаў на любую спецыяльнасць. Праўда, толькі ў рэгіянальныя ВНУ, сталічныя ж будуць браць на «запатрабаваныя эканомікаю спецыяльнасці».
Сярод іх – педагогі дашкольнай адукацыі, фізікі-матэматыкі, філолагі і тэхнічныя спецыялісты.
«Выпускнікі 2024 года – гэта людзі, якія атрымалі досыць добрую адукацыю, і яна канкурэнтаздольныя, у тым ліку для замежных ВНУ. Дзяржаве хочацца, каб гэтыя людзі заставаліся ў Беларусі. Бо цяпер праблема ад’езду беларусаў. І перш за ўсё – маладых», – кажа былая выкладчыца БДУ Ірына Сідорская.
Павялічаць налета і прыём спецыялістаў у галінах з нястачаю працаўнікоў: на 15 адсоткаў на педагагічныя, на 10 адсоткаў – медычныя, і на 5-7 – інжынерна-тэхнічныя кірункі.
Наста Печанькова, «Белсат»