Сілавікі працягваюць сваё паляванне на незалежных журналістаў, якія не глядзячы на ўсе рызыкі выходзяць на пратэстныя акцыі дзеля сваіх прафесійных абавязкаў.
На некалькі гадзінаў затрымалі дзвюх рэдактарак TUT.BY, а таксама фатографа, рэдактара і рэпарцёра «Нашай Нівы». Ператрусы ў дамах гарадзенскіх журналістаў. Пасля допыту і ператрусу ў Следчы ізалятар пасадзілі вядоўцу «Белсату» Паўла Мажэйку. Чым далей, тым мацнейшыя абвінавачанні і большыя тэрміны пагражаюць журналістам.
Пад затрыманні каля сталічнай плошчы Бангалор трапілі і журналісты. Спачатку стала вядома, што ў аўтазак завялі рэдактарак парталу Тут.бай Ганну Калтыгіну і Галіну Уласік. Пазней з‘явілася інфармацыя пра затрыманне каля Бангалору галоўнага рэдактара газеты «Наша Ніва» Ягора Марціновіча і фатографа Надзеі Бужан – іхны аўтамабіль спыніла ДАІ. Там жа затрымалі рэпарцёрку «Нашай Нівы» Кацярыну Карпіцкую.
А гэтай ноччу ў Горадні пасля допыту і ператрусу ў Следчы ізалятар пасадзілі Паўла Мажэйку. Журналіста і тэлевядоўцу «Белсату«, кіраўніка гарадзенскага «Цэнтру гарадскога жыцця» зрабілі фігурантам крымінальнай справы аб рэабілітацыі нацызму разам з вядомым мастаком Алесем Пушкіным. Нагодаю стала дэманстрацыя на выставе партрэта Яўгена Жыхара, камандзіра антыкамуністычнага партызанскага атраду. У вёсцы Бобр, дзе жыве Алесь Пушкін, прадстаўнікі Следчага камітэту разам са спецназаўцамі правялі ператрусы, у майстэрні мастака знішчылі карціны і пабілі шкло.
«Гэта справа палітычная, і як з любой палітычнай справай, я разумею, што спадзявацца на логіку, здаровы сэнс ці права не варта. Тут дзейнічае загад».
Адвакат перадаў, што Павел Мажэйка пачуваецца ўпэўнена, жывы-здаровы. Сведкам у справе праходзіць журналістка і рэдактарка спецпраектаў парталу Hrodna.life Ірына Новік, у яе прайшоў ператрус. Таксама стала вядома пра ператрус у Сяргея і Вольгі Верамеенкаў, але пакуль не вядома, ці ў сувязі з гэтай справай. Верамеенкі – уласнікі гарадзенскай крамы «Адметнасць», ледзь не апошняй, дзе прадаецца нацыянальная сімволіка Беларусі. Паўлу Мажэйку і Алесю Пушкіну пагражае да 12-ці гадоў пазбаўлення волі.
«Мая дачка, калі я прыйшла пасля ўсіх ператрусаў дадому, а гэта было за поўнач, запыталася мяне, калі тата вернецца. Я ёй сказала: тату арыштавалі, пасадзілі ў турму, незаконна, злыя людзі. Тата вернецца, калі ў Беларусі пераможа закон. А калі ён пераможа, залежыць ад усіх нас».
Такую ж крымінальную справу – аб распальванні нацыянальнай варожасці – распачалі супраць Анджэя Пачобута. Гарадзенскага журналіста, былога палітвязня і актывіста непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў перавялі ў следчы ізалятар у Менску. Сёння ў Беларусі 13 журналістаў застаюцца ў няволі паводле крымінальных справаў. Сярод іх аператарка «Белсату» Дар‘я Чульцова і журналістка Кацярына Андрэева, асуджаныя на 2 гады калоніі за вядзенне жывога рэпартажу з разгону пратэстаў на плошчы Пераменаў. У жодзінскай турме Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобу, «схільную да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». А ва ўліковай картцы напісалі слова «змагарка» .
«Яна будзе заставацца на асаблівым кантролі ў турэмнай адміністрацыі. На яе камеры будзе карычневая картка, гэта сведчанне таго, што ў камеры чалавек, схільны да экстрэмізму. Ёй вызначылі месца ў камеры, дзе яна мусіць быць, калі туды заходзіць наглядчык. Ну і перыядычна яе будуць выклікаць на прафілактычныя гутаркі», – распавёў Ігар Ільяш, муж і суаўтар Кацярыны Андрэевай.
На такі ж «экстрэмісцкі» улік адначасова паставілі і Дар’ю Чульцову. Статус захаваецца і пасля этапу.
«Насамрэч гэтае рашэнне – не ініцыятыва адміністрацыі жодзінскай турмы, а хутчэй загад зверху, пэўная інструкцыя, як трэба паводзіць сябе з палітычнымі, якія метады ціску на іх можна выкарыстоўваць», – упэўнены Ігар Ільяш.
Як адзначае Ігар Ільяш, адмысловая турэмная камісія не прадставіла нават фармальных падставаў для свайго рашэння.
Яраслаў Сцешык, «Белсат».