У Беларусі няма каму працаваць: больш за 111 тысяч вакансіяў на рынку працы

Будаўнікі і кухары, бібліятэкары, сантэхнікі і нават падаткавікі – у Беларусі бракуе больш за 111 тысячаў працаўнікоў. Гэта на 18 тысячаў больш, як год таму. У найбольшым дэфіцыце – кіроўцы і дактары: такіх спецыялістаў не стае амаль па 5 тысячаў. У пяцёрку найбольш запатрабаваных уваходзяць таксама медсёстры, санітары і прыбіральнікі памяшканняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Не хапае людзей, бо прапануюць зачастую цалкам непрымальныя заробкі. Ніжэй за 1000 рублёў ніхто не будзе пагаджацца працаваць. Бо гэта непрымальныя грошы, для сталіцы дык 100 % непрымальныя», – кажа прадстаўнік Рабочага руху Юрый Рававы.

Між тым большая частка прапановаў банку вакансіяў прадугледжвае заробак, меншы за 800 рублёў. Удзельнікі нашага апытання ў сацыяльных сетках пераважна адмаўляюцца працаваць за такія грошы (агулам 63 % адказаў). Але шмат хто зарабляе і менш.

«Мне даплочваюць да мінімальнай заработнай платы. Бракуе пункту: я зарабляю менш за 800 рублёў».

«Я атрымліваю 650 рублёў, з вышэйшай адукацыяй і 30-гадовым стажам працы (працую паводле спецыяльнасці)!», – каментуюць адказы ўдзельнікі апытання.

Нізкія заробкі – не адзіная прычына таго, што людзі кідаюць працу і з’язджаюць з краіны.

«Абавязкі выходзяць за рамкі працоўных адносінаў. Шмат ідэалогіі, шмат праверак, калі людзі павінныя праходзіць атэстацыю на дэтэктарах хлусні, каб атрымаць дазвол далей атрымаць кантракт. Канечне, гэта ўплывае на клімат», – кажа Юрый Рававы.

Беларусы шукаюць лепшых умоваў як на Усходзе, гэтак і на Захадзе. Да прыкладу, летась афіцыйная колькасць беларускіх гастарбайтараў у Расеі склала 174 тысячы чалавек. А лік беларусаў, якія афіцыйна працуюць у Польшчы, толькі цягам мінулага года павялічыўся на 30 тысячаў і склаў 108 тысячаў працаўнікоў.

У Беларусь жа найбольш працоўных мігрантаў прыязджае з Кітаю, Украіны і Туркменістану. Іхная колькасць зменшылася цягам мінулага года на 800 асобаў і складала 6 тысячаў 900 працаўнікоў. Адносна агульнай колькасці занятых у эканоміцы гэтая лічба – на ўзроўні статыстычнай памылкі, кажа навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль. – Наўрад ці знойдзецца шмат ахвотных пераязджаць у краіну, дзе пануе дыктатар, якая за крок да вайны і размяшчэння ядравай зброі, і дзе, паводле ААН, вяршэнства права – на ўзроўні Конга, а паказнік адсутнасці гвалту і палітычнай стабільнасці – на ўзроўні Анголы».

Каб прыцягнуць больш мігрантаў, урад змяніў Закон аб вонкавай працоўнай міграцыі, змены набудуць моц з 1-га ліпеня.

«Важна адзначыць, што скасаваны механізм выдачы дазволаў на прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь замежнай працоўнай сілы (пры прыцягненні больш за 10 працаўнікоў-імігрантаў). Атрымоўваць такія дазволы больш не трэба», – гаворыцца ў каментарах да закону.

Разлічваюць улады і на замежных студэнтаў, якіх, паводле МЗС, у Беларусі больш за 11 тысячаў: пераважна з Туркменістану, Расеі ды Кітаю. І нават на ўкраінскіх дзяцей.

«Яны публічна кажуць, што мы будзем адукоўваць гэтых дзяцей, мы плануем іх пазней выкарыстоўваць на працы на прадпрыемстве “Беларуськалій”. Практычна размова ідзе пра дадатковую працоўную сілу на тэрыторыі Беларусі», – кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Адзін з папярэдніх працоўных крызісаў, калі шмат беларускіх будаўнікоў выехалі ў Расею будаваць абʼекты для Алімпіяды, развязвалі нават праз выкарыстанне даслоўна рабскай працы паўночнакарэйскіх працаўнікоў. Між іншага – для рамонту менскага стадыёну «Дынама».

«Сёмы будтрэст, іншыя будаўнічыя дзяржаўныя арганізацыі заключалі дамову з паўночнакарэйскай амбасадай у Маскве на тое, каб завозіць працаўнікоў на розныя абʼекты ў Беларусі. Гэтыя працаўнікі жылі пад канвоем», – кажа кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

У развітых краінах пытанні дысбалансу паміж вакансіямі і спецыялістамі развязваюцца праз актыўную палітыку на рынку працы. У Беларусі ж фінансаванне зведзенае да мінімуму, адзначае эканаміст Алег Мазоль. Да прыкладу, у 2020-м годзе на рэгуляванне рынку працы прызначылі ўсяго 0,02 % валавога ўнутранага прадукту. Для параўнання, суседняя Польшча выдаткоўвае на гэтыя патрэбы 8 % ВУП.

«Рэжым фінансуе найперш рэпрэсіўны апарат, таму іншыя сферы, у тым ліку рэгуляванне рынку працы, функцыянуюць ва ўмовах хранічнага недафінансавання. Таму дысбаланс на рынку працы будзе захоўвацца і надалей», – кажа Алег Мазоль.

Эканаміст падкрэслівае: урад сёння мае думаць не столькі пра тое, як прыцягнуць мігрантаў з-за мяжы, колькі пра спыненне адтоку кваліфікаваных кадраў з краіны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама