У Нью-Дэлі адбываецца саміт міністраў абароны краінаў ШАС

Пакуль расейцы бамбяць украінскія гарады, у Індыі ваенныя міністры краінаў ШАС абмяркоўваюць вайскова-тэхнічную супрацу. Віктар Хрэнін у Нью-Дэлі сустрэўся з калегамі з Ірану і Кітаю. Сустрэчы былі не анансаваныя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Віктар Хрэнін паляцеў у Нью-Дэлі. У сталіцы Індыі сёння адбываецца саміт міністраў абароны краінаў, якія ўваходзяць у Шанхайскую арганізацыю супрацы або запрошаныя, як назіральнікі. Сярод генералаў, якіх прымае індыйскі міністр абароны Раджнатх Сінг, вайсковыя міністры з Кітаю, Казахстану, Кыргызстану, Расеі, Таджыкістану, Узбекістану і Ірану.

Шанхайская арганізацыя супрацы мае ў дэклараваных мэтах умацаванне стабільнасці і бяспекі на шырокай прасторы і развіццё эканамічных стасункаў. Але, як падкрэслівае эксперт, абаронныя пытанні там выходзяць на першы план.

«Гэта не ваенна-палітычны саюз, як АДКБ ці NATO. Гэта хутчэй міжнародная арганізацыя, пляцоўка, клуб, дзе рэгулярна збіраюцца ці на вышэйшым узроўні, ці на ўзроўні міністраў, як цяпер міністраў абароны», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

У індыйскай сталіцы Віктар Хрэнін сустрэўся з іранскім калегам Магамадам-Рэзой Аштыяні і абмеркаваў кірункі развіцця вайсковых стасункаў з Іранам – пакуль без падрабязнасцяў. Яшчэ пазаўчора міністра абароны Ірану прымаў у Маскве Сяргей Шайгу, разам з калегамі з Турцыі і Сірыі.

«Я мяркую, што Хрэнін тут выконвае нейкую самастойную ролю, выконвае нейкія даручэнні Лукашэнкі. Магчыма, ёсць супольная праца і супольныя праекты паміж Расеяй, Беларуссю і тым жа Іранам, гэтага я не выключаю», – кажа Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч нагадвае, што Іран пастаўляе свае дроны-камікадзэ ў Расею. А потым расейцы абстрэльваюць гэтымі «Шахедамі» украінскія гарады.

Тры дні таму выданне The Wall Street Journal паведаміла са спасылкай на афіцыйных асобаў на Блізкім Усходзе, што Іран перадаў Расеі за апошнія паўгода больш за 300 тысячаў артылерыйскіх снарадаў і мільён патронаў.

Таксама Іран мае моцную ракетную праграму, цікавую і для Менску.

А вынік супрацы Беларусі з Кітаем у галіне рэактыўнай артылерыі ўжо ёсць. Гэта дальнабойная рэактыўная сістэма залпавага агню. Але пакуль невядома, што канкрэтна абмяркоўваў Віктар Хрэнін падчас сустрэчы з міністрам абароны Кітаю Лі Шан Фу.

«Падчас перамоваў падкрэслены высокі ўзровень беларуска-кітайскіх двухбаковых стасункаў, якія маюць статус усебаковай стратэгічнай супрацы пры любым надворʼі», – паведаміла міністэрства абароны Аляксандра Лукашэнкі.

З асаблівым гонарам міністэрства абароны Лукашэнкі паведамляе, што сустрэча Лі Шан Фу з беларускім калегам – другая пасля яго прызначэння на пасаду. Спачатку была паездка ў Маскву да Пуціна.

«Пасля майго прызначэння міністрам абароны першае месца візіту – менавіта Расея, каб прадэманстраваць усяму свету высокі ўзровень развіцця стасункаў кітайска-расейскіх і дэманстраваць цвёрдую рашучасць узмацнення стратэгічнага ўзаемадзеяння Узброеных сілаў Кітая і Расеі», – заявіў міністр абароны Кітаю Лі Шан Фу ў Маскве 18 красавіка.

«Каардынацыя нашых намаганняў на міжнароднай арэне аказвае стабілізуючы ўплыў на абстаноўку ў свеце. Спрыяе зніжэнню канфліктнага патэнцыялу», – адказваў яму Сяргей Шайгу.

Афіцыйны Пекін спрабуе стаць галоўным міжнародным пасярэднікам у справе перамоваў між Расеяй і Украінай. Але мірны план, прапанаваны Кітаем, не прадугледжвае вяртання акупаваных расейцамі ўкраінскіх тэрыторыяў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама