Ці баіцца Лукашэнка прыгожынскага сцэнару ў Беларусі?

«Калі абрынецца Расея – мы загінем», – заявіў Лукашэнка падчас раздачы генеральскіх пагонаў, каментуючы мяцеж Прыгожына. Але запэўніў, гэткага бунту ён не спужаўся, быў гатовы ісці на дапамогу Пуціну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Больш за тое, пацвердзіў, што Прыгожын ужо прыехаў у Беларусь. А як прыедуць баевікі – загадаў скарыстацца з такой магчымасці, каб беларуская армія пераймала іхны досвед. Пасля бязлітаснага расейскага бунту Лукашэнка мог пабачыць, у каго сапраўдная сіла.

«Калі краіна – велічэзная краіна – пачынае вайну з суседняй краінай і не можа абараніць сваю тэрыторыю, сваю ўладу, то як яна можа дапамагчы самому Лукашэнку», – разважае палітычная аглядальніца Таццяна Ашуркевіч.

А бараніць ёсць ад каго. Лукашэнка чарговы раз прыгадаў беларускіх добраахвотнікаў. Якія нібыта пачалі рыхтаваць збройнае ўварванне ў Беларусь пад шумок вагнэраўскага мяцяжу.

«Нагэтулькі звар’яцелі так званыя “каліноўцы”. Іх жа на фронт загналі, ваююць. А тут пачулі: у Беларусі ледзь не рэвалюцыя. Ірванулі адтуль, а загараджальныя атрады: “Назад, хлопцы, яшчэ не час”», – заявіў Лукашэнка.

Адметна, што пра ўзброеную апазіцыю загаварылі таксама сілавікі ды прапагандысты. Калі лукашэнкаўцы не баяцца каліноўцаў, то чаму так часта пра іх гавораць?

«Полк Каліноўскага бярэ актыўны ўдзел у баявых дзеяннях ад сакавіка мінулага года. І досвед удзелу ў баявых сутыкненнях яны маюць каласальны», – кажа ўкраінскі вайсковы эксперт Уладзіслаў Селязнёў.

Яўген Прыгожын. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Таму перайманне досведу вагнэраўцаў можа быць сапраўды не лішнім для войска Лукашэнкі. Але стала дыслакавацца ў Беларусі яны не будуць, як і не зʼявіцца іхных пунктаў вербавання – вынікае з заяваў самаабвешчанага кіраўніка краіны.

«Наўрад ці Лукашэнка дапусціць сітуацыю, калі ваенізаваная групоўка яму не падпарадкоўваецца», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Беларусам перспектыва знаходжання на тэрыторыі краіны фармавання баевікоў не даспадобы. Гэтак, 96 адсоткаў апытаных намі ў сацыяльных сетках гледачоў выказаліся катэгарычна супраць. Зрэшты, не ў курсе пра пераезд у Беларусь ПВК апынуліся і ў расейскіх вярбовачных цэнтрах, куды тэлефанавалі журналісты парталу «Зеркало».

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама