Лукашэнка картуе калоду сваіх чыноўнікаў

Лукашэнка зноў картуе калоду сваіх чыноўнікаў. Нечакана дыктатар пастанавіў змяніць кіраўніка сваёй адміністрацыі і яго намесніка, міністра замежных справаў, міністраў сельскай гаспадаркі і прамысловасці, пасла Беларусі ў Расеі, свайго новага памочніка ў справах Менску і віцэ-прэм’ера ў абаронна-прамысловым комплексе. Чаму Лукашэнка наважыўся на гэткія кадравыя перастановы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мною прыняты шэраг кадравых рашэнняў. І я хацеў бы іх агучыць у прысутнасці службовых асобаў. І адказных. І перш за ўсё прызначаных асобаў», – пачаў прамову дыктатар.

Першым Лукашэнка назваў новага кіраўніка сваёй Адміністрацыі. Ім стаў Дзмітрый Крутой, які дагэтуль займаў пасаду пасла Беларусі ў Расеі.

«Вы прызначаецеся кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта, вы ж адказны за рэалізацыю нашых усіх дамоўленасцей з Расейскай федэрацыяй. Вы як ніхто іншы ведаеце гэтыя праблемы, акумулюеце іх у сабе, як гэта робіць Снапко па Кітаю. Два нашыя асноўныя партнёры – Расея і Кітайская народная рэспубліка», – кажа Лукашэнка.

Цяпер у Маскву адправіцца кіраваць беларускім пасольствам Аляксандр Рагожнік. Да сённяшняга дня ён узначальваў Міністэрства прамысловасці. Лукашэнка і тут патлумачыў свой выбар:

«Чаму міністр прамысловасці? Таму што ў асноўным наш далягляд працы з Расейскай федэрацыяй – гэта праекты, якія мы пазначылі. І яны ў сферы прамысловасці. У нас там пытанняў шмат яшчэ. Няхай займаецца».

«Я бачу логіку: хоць неяк, як мага болей атрымліваць прыбытак ад расейскага рынку ў гэтай сітуацыі. Таму ён думае, што калі даслаць міністра прамысловасці, то будзе больш БелАЗаў купляцца. Так не працуе! Але гэта логіка Лукашэнкі!» – тлумачыць супрацоўнік Фінскага інстытуту міжнародных дачыненняў Рыгор Ніжнікаў.

Самыя ж нечаканыя змены зазнала замежнапалітычнае ведамства. Максім Рыжанкоў стаў міністрам замежных справаў.

«Вы чалавек жорсткі, патрабавальны. МЗС трэба прыводзіць у прытомнасць! Кажу адкрытай мовай! Страсянуць МЗС трэба, каб яно пачало працаваць. Раману Аляксандравічу гэта не ўдалося зрабіць. Таму давайце ўдваіх!» – даў загад Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 27 чэрвеня. Фота: president.gov.by

«Я памятаю вельмі добра, што заўсёды Максім Рыжанкоў ставіўся з вялікім апетытам і амбіцыямі да гэтай пасады. І ён папсаваў кроў многім міністрам, якія былі на гэтай пасадзе, пакуль ён быў у Адміністрацыі прэзідэнта і меў магчымасць кантраляваць, адсочваць, даваць прачуханца для міністраў цэлага шэрагу», – успамінае былы дыпламат і экс-чалец Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

Сяргея Алейніка Лукашэнка адправіў працаваць у Савет Рэспублікі.

«Гэта міністр-фіаска! Той чалавек, які нічога ўцямнага не зрабіў для беларускай дыпламатыі. Ён прадаў беларускую дыпламатыю ў інтарэсах Расейскай Федэрацыі. Поўнасцю», – кажа намеснік кіраўніцы АПК, лідар НАУ Павел Латушка.

Пасаду першага намесніка Адміністрацыі дыктатара аддалі Наталлі Пяткевіч. Яна ўжо працавала ў гэтым фатэлі ў 2010 годзе.

«Пяткевіч – антыбеларускі чалавек, яна выступала заўсёды супраць беларускай мовы, супраць пашырэння беларускай мовы, супраць пашырэння беларускай культуры. Так што тут нацыянальнага нічога мы шукаць не павінны. Яна будзе адказваць за ідэалогію», – разважае Латушка.

Паводле палітыка, раней Наталля Пяткевіч займалася электаральнымі кампаніямі Лукашэнкі, якія «праходзілі для яго без эксцэсаў». Гэтую інфармацыю пацвярджае і Валер Кавалеўскі:

«Наталля Пяткевіч, хутчэй за ўсё, будзе займацца гэткай справай – умацаваннем ці захаваннем улады Лукашэнкі. Тое, што яна рабіла раней у 2004 годзе, калі яна забяспечвала яму магчымасць абірацца без аніякіх абмежаванняў паводле тэрмінаў».

Віцэ-прэм’ерам у пытаннях абаронна-прамысловага комплексу стаў Юры Шулейка, міністрам сельскай гаспадаркі – Анатоль Рыневіч. Дапамагаць у сталічных справах Лукашэнку будзе Юры Фралоў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама