Як Шакуцін у беларусаў 100 мільёнаў долараў забраў

Буйны беларускі бізнесовец? Значыць, набліжаны да Лукашэнкі. Разам з ім Аляксандр Шакуцін збіраў бульбу, ездзіў да цешчы Лукашэнкі і нават лётаў адпачываць у Кітай, Венесуэлу, Катар і Арабскія Эміраты. Лукашэнка запрасіў яго на таемную інаўгурацыю 2020 года, у 2016-ым даў грошы на шматфункцыйны комплекс каля Драздоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Так, вінен – але беларусам. Больш за 20 гадоў ён валодае холдынгам «Амкадор». Пасля таго, як Шакуцін выкупіў кантрольны пакет прадпрыемства, яно пайшло ў мінус. У 2021 годзе Лукашэнка выдаў указ, якім даў бізнесмену пазыку амаль на паўсотні мільёнаў долараў на дзесяць гадоў.

«Амкадор» ужо 20 гадоў як цалкам прыватнае прадпрыемства. У гэтым выпадку за гэтыя грошы, за гэтыя дзясяткі мільёнаў долараў ратуюць інтарэсы аднаго-адзінага прадпрымальніка», – абураецца бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Яшчэ адна кампанія Шакуціна і ягонага сына, наадварот, прадэманстравала рост. Фірма «Лагекс» рээкспартавала кветкі ў Расею. Схему падтрымаў Лукашэнка сваім указам, якім вызваліў рээкспартавальнікаў ад аплаты падатку на дададзеную вартасць у бюджэт краіны.

«Гэта ж не адна кампанія Шакуціна гэтым займалася. Але ў гэтым канкрэтным выпадку мы кажам прыкладна пра 60 мільёнаў долараў, што не даплацілі ў бюджэт», – паведамляе Аляксей Карпека, журналіст Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

Разам з пазыкаю «Амкадору» – гэта каля ста мільёнаў долараў. Зарабляе бізнесовец і ў Еўропе, хаця ягонае імя і ў санкцыйным спісе. Фірма «SV MASCHINEN» у Нямеччыне пастаўляе агратэхніку ва Усходнюю Еўропу і ў 2020 годзе зарабіла тры з паловаю мільёны еўраў чыстага прыбытку. Рэч у тым, што сярод уладальнікаў – фармальна Шакуціна няма. Ёсць Валянцін Ягораў і літоўская кампанія «EM SYSTEM».

«Кампанія літоўская валодае 60 % нямецкай кампаніі. А ў гэтай літоўскай кампаніі ўжо Шакуцін валодае толькі 50 %. У выніку атрымліваецца, калі прыкладна падлічыць, у яго толькі 30 % долі ў нямецкай кампаніі. Астатняе належыць ягоным бізнес-партнёрам, якія не пад санкцыямі», – тлумачыць Аляксей Карпека.

Таму, лічыць журналіст расследавальніцкага цэнтру, Нямеччына не адрэагавала на кампанію. Затое Літва замарозіла актывы і прыбытак літоўскае кампаніі Шакуціна.

«Я не веру, што Нямеччына робіць гэта адмыслова. Я веру, што ў Нямеччыне настолькі шмат сваіх справаў, настолькі шмат сваіх нейкіх прадпрыемстваў, што папросту не дайшлі рукі. І калі Нямеччыне дапамагчы, неяк звярнуць увагу, то яна будзе выкарыстоўваць усе тыя санкцыйныя механізмы, што існуюць сёння», – упэўнены Аляксандр Кныровіч.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр спадзяецца атрымаць рэакцыю нямецкага ўраду, каб зразумець, як працуе санкцыйны механізм менавіта ў Нямеччыне. На тое, каб бізнес Шакуціна ў гэтай краіне закрылі, расследавальнікі пакуль не разлічваюць.

Яна Шэк, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама