Ізраіль пачаў анансаваную наземную аперацыю?

Ізраіль актывізаваў наступ на баевікоў «Хамасу». Сілы Цагалю сканцэнтраваліся за межамі Газы і праводзяць рэйды ўглыб сектару. Паведамляецца аб працяглых інтэнсіўных баях на тэрыторыі Газы з выкарыстаннем бранятэхнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Уначы сілы Цагалю ўвайшлі ў паўночную частку сектару Газа і пашырылі наземную аперацыю. У гэтай аперацыі ўдзельнічалі пяхота, бранятанкавыя войскі, інжынерныя войскі і артылерыя / з суправаджэннем інтэнсіўнага агню. Пашырэнне аперацыі служыла мэтам вайны», – паведаміў прэс-сакратар Арміі абароны Ізраілю Даніель Гагары.

Ці сведчыць такая заява пра пачатак анансаванай раней наземнай аперацыі Ізраілю ў сектары Газа?

«Ізраіль, магчыма, вырашыў праводзіць аперацыю ў гібрыдным фармаце, не аб’яўляючы менавіта нейкую вялікую аперацыю. Яны робяць заявы аб асобных дзеяннях і, зноў такі, незразумела, калі гэтыя асобныя дзеянні перарастуць у тое, што можна будзе лічыць той самай поўнамаштабнай аперацыяй», – заявіў палітолаг, прафесар Кіеўскага ўніверсітэту імя Т. Шаўчэнкі Пятро Алэшчук.

Цагаль правёў наймацнейшыя з часу абвастрэння канфлікту атакі з паветра і мора. Знішчальнікі нанеслі масаваныя ўдары па ста пяцідзесяці падземных цэлях у сектары Газа: па тунэлях, баявых памяшканнях і дадатковай інфраструктуры. Паводле Арміі абароны Ізраілю, зліквідаваны кіраўнік паветраных сілаў «Хамасу».

«Прадстаўнікі Ізраілю пастаянна даюць справаздачы аб паспяховай ліквідацыі тых ці іншых лідарах Хамасу. Але мы разумеем, што галоўная мэта, і яна ў прынцыпе задэклараваная Ізраілем недвухсэнсоўна – гэта знішчэнне «Хамасу» як арганізацыі», – дадаў Пятро Алэшчук.

Карэспандэнты BBC пра абстаноўку ў Газе: «Стан панікі, страху і хаосу»

У Газе амаль цалкам адсутнічае электраэнергія, спынілася праца інтэрнэту і тэлефоннай сувязі. Цывільнае насельніцтва фактычна не мае магчымасці кантактаваць з астатнім светам. У Ізраілі заявілі пра пашырэнне гуманітарнай дапамогі.

«Для мірных жыхароў Газы, якія перамясціліся на поўдзень ад Ўадзі-Газы, мы пашыраем гуманітарнае спрыянне. Мы даставім туды яшчэ больш грузавікоў з харчамі, вадою і медыкаментамі. Усе, хто цяпер у гэтай мясціне, бяспечнай мясціне, атрымаюць ежу, ваду і медыкаменты», – заявіў прэс-сакратар Арміі абароны Ізраілю Даніель Гагары.

Пра недапушчальнасць гуманітарнай катастрофы вялося і ў ААН. Генасамблея прыняла рэзалюцыю, што заклікае да неадкладнага спынення агню. За рэзалюцыю прагаласавалі сто дваццаць краінаў, сярод якіх – і прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі. Прапанаваную Канадай папраўку, што прадугледжвае асуджэнне нападу «Хамасу» на Ізраіль, не падтрымалі.

«Абуральна, што ў гэтай рэзалюцыі не названыя вінаватыя ў тэрарыстычных нападах сёмага кастрычніка: «Хамас». «Хамас». Гэта абуральна. Яшчэ адное ключавое слова, адсутнае ў гэтай рэзалюцыі: закладнікі. У гэтай рэзалюцыі нічога не гаворыцца пра нявінных людзей – у тым ліку пра суграмадзянаў многіх з вас, прысутных у гэтай зале, – у многіх з вас, прысутных сёння тут, ёсць суграмадзяне, якія застаюцца закладнікамі «Хамасу», – паведаміла сталая прадстаўніца ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд.

Тым часам антыізраільскія мітынгі ахопліваюць усё больш краінаў. Яны прайшлі ў Іярданіі, Турцыі, ЗША, Нідэрландах, Тунісе, Францыі, а таксама ў Турцыі, дзе апошнімі тыднямі разгарнулася кампанія байкоту брэндаў McDonald’s, Burger King, Starbucks, Coca-Cola, што нібыта падтрымліваюць Ізраіль.

Андрэй Сульжыц «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама