Расея пагражае адключыць газ Еўропе

«Няма аплаты – няма газу», – заявіў Дзмітрый Пяскоў. Гэтак афіцыйны прадстаўнік Крамля адказаў на пытанне, ці адключыць Расея газ еўрапейскім краінам, якія адмаўляюцца аплочваць паліва ў рублях.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тое, што мы не будзем бясплатна пастаўляць газ, – адназначна. Гэта можна сказаць з абсалютнаю перакананасцю. У нашай сітуацыі займацца агульнаеўрапейскай дабрачыннасцю наўрад ці магчыма і наўрад ці мэтазгодна», – падкрэсліў Дзмітрый Пяскоў.

Перавесці плацяжы ў рублі для гэтак званых недружалюбных краінаў даручыў на мінулым тыдні Пуцін у адказ на санкцыі за вайну з Украінай. І палітыкі, і эканамісты адзінагалосна цвердзяць: патрабаванне Расеі парушае кантрактавыя абавязкі краіны.

«Ёсць доўгатэрміновыя кантракты, там запісаная валюта разлікаў, там запісаны парадак разлікаў. Калі адзін бок гэта парушае і адмаўляецца пастаўляць газ, згодна з кантрактам, то гэта парушэнне кантракту, якое вядзе да таго, што гэты бок любыя арбітражы прызнаюць вінаватым і прымусяць за гэта расплачвацца», – перакананы расейскі эканамічны аналітык Міхаіл Круціхін.

Абяцанне ж адключыць газ Еўропе аналітыкі лічаць шантажом з боку Расеі.

«Такога тыпу словы – шантаж і сведчанне, што Расея ў роспачы ды шукае новых спосабаў стабілізаваць сітуацыю. Бо змушэнне аплаты ў рублях мае мэтаю стымуляваць павелічэнне попыту на рубель, каб узмацніць пазіцыі гэтай валюты», – кажа аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Мацей Заневіч.

Калі ж Расея выканае сваю пагрозу і адключыць газ Еўропе, пацярпяць абодва бакі, падкрэслівае Мацей Заневіч:

«З аднаго боку, газ вельмі патрэбны Еўразвязу. Сёння каля 40 адсоткаў газу, што выкарыстоўваецца ў Еўразвязе, – з Расейскай Федэрацыі, і ў момант немагчыма яго замяніць, хоць і ёсць магчымасць функцыянаваць без яго. Але Расея таксама пацярпіць ад гэтага, бо 70 адсоткаў газу, які яна экспартуе, трапляе ўласна на еўрапейскі рынак».

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў гэта не першая спроба Расеі адключыць газ Еўропе, нагадвае Міхаіл Круціхін. Але альтэрнатывы экспарту энерганосьбітаў Расея не мае, да таго ж, спыніўшы пастаўкі газу ў Еўропу, давядзецца перакрываць газавыя свідравіны, бо перанакіраваць газ у іншыя краіны адразу немагчыма.

«Падобнымі рашэннямі, падобнымі паводзінамі Расея знішчае ўласную эканоміку, уласны федэральны бюджэт. Што з гэтага атрымаецца, я прадказваць пакуль не буду, паглядзім. Але пакуль курс ідзе на знішчэнне нацыянальнай эканомікі палітычнымі рашэннямі з Крамля», – кажа Міхаіл Круціхін.

Еўропа разглядае магчымасці ўвогуле адмовіцца ад расейскіх энерганосьбітаў, але ўсе яны разлічаныя на некалькі гадоў. Пакуль жа ўслед за краінамі «Вялікай сямёркі», якія днямі адхілілі патрабаванне Расеі, адмовіўся плаціць за газ у рублях і Еўразвяз.

Ірына Дарафейчук, «Белсат».

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама