Украінскія абаронцы адкінулі расейцаў і перайшлі ў контрнаступ на херсонскім накірунку

95-ы дзень вайны. Расейцы зазнаюць няўдачы на луганскім кірунку. Учора іх адкінулі ад Севераданецку, сёння – ад стратэгічна важнай трасы Лісічанск – Бахмут, паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі.

«Вораг не мае поспеху. Там, дзе яму ўдалося замацавацца, у гатэлі «Мір», гэта ў ваколіцах Севераданецку, там яны і застаюцца. Яны там зазнаюць страты, бо нашыя пастаянна абстрэльваюць, выбіваюць з гатэлю. Яны пакуль хаваюцца, але далей прайсці ня могуць», – кажа кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Гэтую трасу называюць «дарогай жыцця». Па ёй возяць гуманітарныя грузы і ўсё неабходнае для ўкраінскіх абаронцаў.

«Што датычыць іншых паселішчаў і агулам іншай тэрыторыі Луганскай вобласці, падкантрольная Украіне, то, калі сцісла: абстрэлы ідуць усёй тэрыторыі. У кірунку Залатое – Кацярынаўка – Тошкаўка. Нашыя хлопцы з Тошкаўкі выбілі ворага і замацаваліся там. У кірунку Папаснай да нас прыйшло падмацаванне, у кірунку Камышувахі – Папаснай таксама адкінулі ворага на пару кіламетраў», – распавядае Сяргей Гайдай.

На херсонскім кірунку ўкраінская армія пераходзіць у контрнаступ, паведамляе Генштаб краіны. Пра маштабную аперацыю пакуль гаворкі не ідзе. Украіна хутчэй пакрокава замацоўвае свае пазіцыі, каб пасля перайсці да больш грунтоўных дзеянняў, кажа вайсковы аглядальнік Ігар Леўчанка.

«Гэтая аперацыя праводзіцца на правым беразе Дняпра, і яе задача палягае на тым, каб знішчыць правабярэжную групоўку акупанта ў Херсонскай вобласці ды поўнасцю адціснуць пагрозу ад Мікалаева, ад Крывога Рога і стварыць перадумовы для вызвалення таго ж Херсону, Новай Кахоўкі», – тлумачыць ваенны аглядальнік з Украіны Ігар Леўчанка.

«Усё адновім, адбудуем і напоўнім жыццём», – сказаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сёння, наведваючы Харкаў. Падчас візіту ён узнагародзіў вайскоўцаў.

Абстрэлы Харкаўшчыны ўсцяж працягваюцца. З пачатку вайны ў горадзе і вобласці разбураныя звыш дзвюх тысяч дамоў, забітых жа, паводле прыкладных ацэнак, – больш за дзвесце трыццаць.

Гукі ракетаў сёння было чуваць таксама і ў Мікалаеве. Бамбавалі жылыя кварталы. Ёсць ахвяры, паведаміў мэр гораду Аляксандр Сенкевіч у сваім тэлеграм-канале. Днямі незалежнае расейскае выданне «Медуза» са спасылкаю на крыніцы ў Крамлі апублікавала інсайт: нібы Расея рыхтуецца да чарговай спробы ўзяць Кіеў. Але ці хопіць на гэта сілаў?

«Абсалютна недастаткова ні сілаў, ні сродкаў. Расейская армія выматаная, і я думаю, што ў сучаснай ваеннай аперацыі без правядзення нейкага гіпатэтычнага масавага прызыву, татальнай мабілізацыі расейскага насельніцтва, стварэння шматмільённай арміі гэта немагчыма», – кажа Ігар Леўчанка.

Пакуль Пуцін збірае сваю армію з рэшткаў, Украіна атрымоўвае ад Захаду новую зброю. Ракеты «Гарпун» ад Даніі, самаходныя гаўбіцы эМ-109 ад ЗША. А неўзабаве мае атрымаць і рэактыўныя сістэмы залпавага агню з дальнасцю 300 кіламетраў.

Надзея Бельская, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама