Пункт адліку: тры гады таму затрымалі Сяргея Ціханоўскага

Масавыя рэпрэсіі, якія ахапілі ўсю Беларусь, цягнуцца ўжо тры гады. Менавіта столькі прайшло з моманту затрымання Сяргея Ціханоўскага, блогера, які хацеў пабудаваць «Краіну для жыцця» і гэтым самым вельмі напужаў Лукашэнку. За тры гады, што Ціханоўскі сядзіць у турме, сітуацыя стала толькі горш. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Самавольства ў Горадні адбываецца, самавольства. Такога ўзроўню правакатараў яшчэ не было!» – казаў Сяргей Ціханоўскі перад тым, як тры гады таму на перадвыбарчым пікеце ў Горадні яго – блогера і аўтара каналу «Страна для жизни» – затрымалі.

«Я задала пытанне чалавеку, ён ад мяне ўцякае, я хачу атрымаць адказ!», – на гэткі заклік правакатаркі два сілавікі кінуліся за блогерам, іх абступілі людзі, адзін з міліцыянтаў упаў. Разам з Ціханоўскім затрымалі і ягоных паплечнікаў. Ім выставілі абвінавачанні паводле 4 крымінальных артыкулаў. А ў снежні 2021 года ў Гомельскім абласным судзе Ціханоўскаму агучылі вырак: 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сёлета яму дадалі яшчэ паўтара года зняволення.

Вось ужо 3 месяцы ад палітвязня няма ніякай інфармацыі, ягоная сям’я не ведае, ці жывы Сяргей.

«Яшчэ ў лютым прапагандысты пускалі чуткі ў сваіх каналах пра тое, што ён загінуў у турме. І, канечне, калі я бачыла такое, маё сэрца проста разрывалася ад пераймання за яго і ягонае жыццё», – распавяла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў сённяшнім звароце да беларусаў.

Сяргей Ціханоўск збірае подпісы ў Баранавічах, Беларусь. 27 траўня 2020 года. Фота: Белсат

У месцах зняволення людзі зазнаюць ціск, ім абмяжоўваюць кантакты з вонкавым светам, забараняюць перадачы нават самых абходных рэчаў, напрыклад, лекаў.

«Цяпер у турмах з палітвязнямі адбываюцца сапраўдныя жудасці. Не так даўно з-за праблем з сэрцам памёр Мікалай Клімовіч, Уладзімір Бондар цалкам аглух у карцары, а Вікторыю Кульшу душыў назіральнік», – нагадвае Святлана Ціханоўская.

Многія з вязняў праходзяць праз штрафны ізалятар як асобную форму катавання. Каб хоць неяк супрацьстаяць карнай сістэме, зняволеныя абʼяўляюць галадаванне. Адзін з апошніх вядомых выпадкаў – Юрый Зянковіч.

«Лукашэнку і ягонай сістэме недастаткова проста ізаляваць людзей, ім трэба іх зламаць, ім трэба, каб яны на каленях каяліся, як там казаў Лукашэнка. Менавіта гэтага, не выключаю, што спрабуюць дамагчыся, прашэння аб памілаванні або нейкага інтерв’ю а-ля Пратасевіч», – распавядае паплечнік Юрыя Зміцер Шчыгельскі.

І пераслед сілавікоў не спыняецца. Толькі за сёння стала вядома пра як найменей 5 затрыманых у Гомлі нібы за падпіску на апазіцыйныя тэлеграм-каналы. У Менску за ўдзел у пратэстах судзяць сямейную пару. У Ваўкавыску прыйшлі па дырэктара школы.

«Яны зараз займаюцца тэрорам у адносінах няўгодных, у адносінах апазіцыйна настроеных людзей. Фактычна гэта палітычны тэрор, які мае форму такую нейкую нават асабліва непрыкрытую крымінальнага пераследу», – тлумачыць сітуацыю праваабаронца, арганізатар «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў.

Пад пагрозаю затрымання цяпер – кожны беларус, упэўнены ён. Таму многія абіраюць пакінуць краіну. Як, напрыклад, Алена (імя змененае), якая зазнала гвалт ад сілавікоў у 20-м.

«Нас кінулі на зямлю і пачалі збіваць нагамі. Нягледзячы, дзяўчаты ці хлопцы, збівалі нас і дубінамі, і па галаве, па ўсіх частках цела. На шчасце, калі можна так сказаць, у мяне пацярпелі толькі ногі», – на ўмовах ананімнасці распавядала нам палітуцякачка.

Цяпер вельмі важна падтрымоўваць палітвязняў ды іхных сваякоў. Праваабронцы заклікаюць пісаць лісты і дасылаць паштоўкі. Нават калі іх не прапусцяць у калоніі, адміністрацыя будзе ведаць: пра чалавека памятаюць. Таксама можна рабіць данаты. Гэтак, ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» вынайшла досыць незвычайны спосаб.

«Мы пачалі збіраць малюнкі палітзняволеных і рабіць з іх паштоўкі. Паштоўкі, якія людзі маглі набыць у абмен на данат. Усе гэтыя данаты, якія ідуць на наш праект, мы потым пераводзім ініцыятыве «Dissidentby», якая потым збірае пасылкі для палітзняволеных і дапамагае іх родзічам», – тлумачыць валанцёрка ініцыятывы «Вольныя паштоўкі» Ганна Шымановіч.

За данаты на падтрыманне палітвязняў праект «Вольныя паштоўкі» дорыць кубкі, торбы, а таксама кніжкі з вершамі, напісаныя палітвязнямі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама