Дзе ў Беларусі жывецца лепш

Менскі раён больш не лідаруе паводле заробкаў, сведчыць Белстат. Паводле статыстыкі, у першым квартале сёлета жыхары сталічнага рэгіёну атрымалі амаль на 250 рублёў менш за жыхароў Астраўца і ваколіцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта шмат з чым звязана: і са сходам бізнесу, і людзей, і ІТ-бізнесоўцаў. З усіх франтоў нешта ідзе ўніз», – кажа доктар навук, эксперт у справе эканомікі і права Яраслаў Кот.

У лідарах багатых рэгіёнаў апынуўся Рэчыцкі раён. У сярэднім тамтэйшыя жыхары штомесяц бачаць у разлікоўках 2467,3 рублёў да выліку падаткаў. Закрываюць топ-5 рэгіёнаў з высокім заробкам Салігорскі і Дзяржынскі раёны.

«У дыктатурах усе прамысловасці падаюць, акрамя тых, што неяк з прыроднымі рэсурсамі звязаныя. У Рэчыцы ёсць “Беларуснафта” і даччыныя прадпрыемствы. Іх 13 падраздзелаў па Рэчыцкім раёне», – дадае Яраслаў Кот.

На што трацяць свой заробак беларусы, таксама паказаў Белстат. Паводле афіцыйных звестак, сярэдняя статыстычная сям’я мае на месяц 2221,4 рубля. Каля 40 адсоткаў ад гэтай сумы – 590 рублёў – ідзе на харчы. Для параўнання, у суседніх Літве, Латвіі і Польшчы гэты паказнік ніжэйшы ўдвая – сведчыць аналітыка агенцтва «Пікодзі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грошы. Фота: Белсат

«Напрыканцы мінулага года гэты паказнік быў 34 з нечым адсоткаў, а зараз зноў – амаль 40 адсоткаў. Гэта гаворыць пра гэтую самую беларускую стабільнасць. Канешне, у нас стабільнасць толькі ў тым, што з года ў год беларус траціць асноўную частку свайго даходу менавіта на прадукты харчавання», – зазначае вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Увогуле адчуваюць нястачу грошай на ежу 330 тысяч беларусаў. Іхны заробак ніжэйшы за пражыткавы мінімум, які сёння складае 406 рублёў. Але і на гэтую суму пражыць амаль немагчыма, мяркуе Аляксандр Кныровіч:

«Ведаеце, як у старых жартах? Трэба прапанаваць тым людзям, якія напісалі, што можна пражыць за гэтую лічбу, пайсці і паспрабаваць пражыць. За тое, што патрэбна, заплаціць і паглядзець, на колькі кілаграм яны схуднеюць за гэты самы месяц».

На нехарчовыя тавары беларусы выдаткоўваюць яшчэ траціну свайго заробка. Чвэрць – на аплату камунальных ды іншых паслуг.

Вызначыўся Белстат і з фінансава дэпрэсіўнымі рэгіёнамі. Больш беларусаў за рысаю беднасці жыве ў Магілёўскай, Гомельскай і Берасцейскай вобласцях. Менш – у Менску: сёння ў сталіцы на ежу не стае прыблізна 23-ом тысячам асобаў.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама