Лукашэнка зрабіў стаўку на «вагнэраўцаў»?

Польшча ўзмоцніць свае ўсходнія межы ў сувязі з планаваным размяшчэннем баевікоў ПВК Вагнэра ў Беларусі. Пра гэта паведаміў польскі віцэ-прэм’ер Ярослаў Качыньскі на надзвычайным паседжанні камітэту Рады Міністраў у справах нацыянальнай бяспекі і абароны. Чакаецца, што да нашых межаў накіруюць амерыканскія танкі «Абрамс».

«Танкі «Абрамс» будуць часткай баявой тэхнікі Войска Польскага і будуць непранікальным агнявым валам. Яны закрыюць Берасцейскія вароты. Як вядома, у геастратэгіі Берасцейскія вароты – гэта паласа зямлі, якая цягнецца з Далёкага Усходу, даходзіць да ракі Вісла. І нашая задача – закрыць гэтыя вароты, стрымаць агрэсара, не даць агрэсару ўвайсці на польскую зямлю», – заявіў міністр абароны Польшчы Марʼюш Блашчак.

Тым часам, уплывовае амерыканскае выданне «The New York Times» апублікавала спадарожнікавыя здымкі тэрыторыі закінутай вайсковай часткі 61 732 у вёсцы Цэль пад Асіповічамі. На кадрах бачна, што там узводзяцца часовыя збудаванні. Выданне адзначае, што гэта сведчыць аб магчымым месцазнаходжанні тэрарыстаў ПВК Вагнэра ў Беларусі. Экс-супрацоўнік СБУ Іван Ступак адзначае, што ў гэтых баевікоў будуць такія ж правы, як у кадыраўцаў у Маскве, і яны нясуць сурʼёзную пагрозу мірным беларусам:

«Вось гэтая ўся жорсткасць – рэзаць геніталіі, адразаць галовы, разбіваць галовы кувалдамі… Калі гэта рабілі падчас баявых дзеянняў з нашымі ваеннапалоннымі, то вы павінны разумець, што мірным жыхарам найбліжэйшых вёсак Рэспублікі Беларусь… Дзе ён там будзе, Асіповічы, так? Менск… таксама не абаронены!»

Нашыя гледачы паведамілі, што «Беллёгпрам» рыхтуе тэрміновы заказ для вагнэраўцаў. Нібыта, на ватна-прадзільную фабрыку ў Антопалі запрашаюць тэрмінова рабочых з фабрыкі «Палессе» шыць матрацы для прыгожынскіх баевікоў колькасцю 8000 штук. Цікава, што гэтая лічба супадае з польскімі ацэнкамі колькасці байцоў ПВК Вагнэра ў Беларусі. Каб спраўдзіць гэта, мы патэлефанавалі на антопальскае прадпрыемства.

«Я як дырэктар гэтай фабрыкі заяўляю, што ніякіх тут заказаў, вагнэраўцаў ці нейкіх яшчэ бандфармаванняў тут не было і не будзе! Пакуль я дырэктар! Зразумела я растлумачыў ці не?» – заявіў дырэктар Антопальскай ватна-прадзільнай фабрыкі Алег Юхнік.

Адрэагавалі на падзеі і ў Літве. Тамтэйшыя ўлады ўвялі больш жорсткія правяранні на мяжы грамадзянаў Беларусі і Расеі, у тым ліку тых, якія едуць праз Літву транзітам. Афіцыйная Вільня не выключае, што калі ўзровень пагрозы вырасце яшчэ больш, мяжу з нашай краінай могуць закрыць.

Адзіным, хто выйграе ўва ўсёй гэтай сітуацыі, ёсць Лукашэнка – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Сяргей Навумчык. Паводле эксперта, мяцеж Прыгожына паказаў, што разлічваць на армію дыктатар не можа, а «вагнэраўцы» за грошы будуць гатовыя выконваць любыя ягоныя загады:

«Група наймітаў – гэта тое, што трэба для Лукашэнкі. І таму, вядома, вагнэраўцы могуць стварыць вельмі вялікую пагрозу ў сітуацыі, калі беларускі народ будзе абараняць сваё канстытуцыйнае права, права на выбар сваёй улады, права на выбар сваёй будучыні».

У сваю чаргу шэраг расейскіх і заходніх СМІ паведамляе, што галоўнакамандуючы Вайскова-касмічных сілаў Расеі Сяргей Суравікін быў арыштаваны пасля мяцяжу Прыгожына. Палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан сцвярджае, што калоны з баевікамі маглі б быць знішчаныя авіяцыяй за лічаныя хвіліны. Але Суравікін…

«Ён або аддаў каманду не чапаць калоны і проста побач палётаць, або не даў каманды на яе знішчэнне, што павінен быў зрабіць паводле сваіх службовых абавязкаў. Значыць, ён іх сапраўды не выканаў наўмысна», – кажа Раман Світан.

У Галоўным упраўленні выведкі Украіны сёння заявілі, што гісторыя з «вагнэраўцамі» – гэта не канец смуты ў Расеі. Паводле ацэнак ведамства, там пачалася адкрытая вайна паміж Міністэрствам абароны і ФСБ, у выніку якой будуць фізічныя знішчэнні.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама