Што зменіцца ў Беларусі 1 ліпеня

Неўзабаве ў Беларусі стартуе чарговы этап уступнай кампаніі. Большасць ВНУ пачне прымаць дакументы з 12 да 17 ліпеня. Выдача сертыфікатаў цэнтралізаванага тэставання і цэнтралізаванага экзамену стартуе з першага чысла. Але гэта не адзіныя ліпеньскія новаўвядзенні. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Медычныя даведкі для кіроўцаў і некаторыя віды дыягностыкі павінны патаннець. Міністэрства аховы здароўя з ліпеня зноў усталявала новыя кошты на паслугі ў прыватных медцэнтрах. У выніку цэны на некаторыя віды стаматалагічных паслугаў знізяцца шматкроць.

Лекарка, якая працуе ў Беларусі, на ўмовах ананімнасці спрагназавала для «Белсату» вынік гэткіх зменаў:

«Усе абмежаванні максімальнага кошту лячэння будуць адбівацца на выбары тэхнік і матэрыялаў у бок таннейшых. А гэта часцей за ўсё прыводзіць да пагаршэння якасці лекавання».

Аплочваць бальнічныя лісты пачнуць у залежнасці ад працоўнага стажу: 100 % заробку з першага ж дня хваробы, калі стаж перавышае 10 гадоў. А калі яго бракуе – 80 %. Мінімальны памер бальнічнага прывяжуць да мінімальнай зарплаты, цяпер гэта 626 рублёў.

Зменіцца і сістэма разліку сярэднядзённага заробку: улічаць не толькі заробкі і прэміі, а і ўсе іншыя выплаты, з якіх робяць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка прызналася, што падрыхтоўка да гэткіх захадаў патрабавала пэўных намаганняў і часу:

«Вельмі шчыльна працавалі з усімі цэнтрамі для забеспячэння бюджэтных арганізацыяў, падключылі іх да гэтай сістэмы, адпрацоўвалі, вучылі іх. Цяпер яны ўсе ўжо рэалізоўваюць свой функцыянал у сістэме. І мы гатовыя ўжо з 1 ліпеня пачынаць гэтую працу».

Большасць пенсіянераў пачне атрымліваць пенсіі праз банкі. Гэта грамадзяне да 70 гадоў і інваліды ІІІ групы, якія жывуць у Менску, у абласных і раённых цэнтрах. Але людзі старэйшага веку і інваліды І ды ІІ групаў, а таксама вяскоўцы змогуць атрымліваць пенсіі па-ранейшаму.

Чакаецца і чарговая аптымізацыя сацыяльных паслугаў. Гарантаваны дзяржаваю сацпакет урэжуць для беспрацоўных і бацькоў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Прыватнікаў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, прымусяць атрымаць ліцэнзію на такую дзейнасць.

Цяжэй будзе ўладкаваць нямоглага ў дом-інтэрнат.

Сацслужбы таксама змогуць арганізоўваць пахаванне самотных падапечных, якія памруць у такіх установах. Апроч таго, памер дапамогі на пахаванне трохі падвысіцца і складзе 2219 рублёў.

Марына Яновіч, «Белсат».

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама