Сярэдні заробак налета абяцаюць больш за дзве тысячы рублёў

Сярэднемесячны заробак налета сягне дзвюх тысяч рублёў – заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Рэальныя даходы беларусаў, такім чынам, вырастуць на тры з паловаю адсотка, не дагнаўшы інфляцыю. Калі казаць пра бюджэтную сферу, заробкі там хочуць павысіць на 12 %. Падрабязней пра даходы беларусаў і планы чыноўнікаў адносна «мабілізацыі» у эканоміцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Растуць заробкі ў бюджэтнай галіне – асабліва ў адукацыі і ахове здароўя. Сярэдні заробак настаўнікаў па выніках ліпеня склаў Br 1542 рублі, Br 1246 – у выхавальнікаў садкоў. Лекары зарабляюць тры тысячы – удвая больш, чым сярэдні медперсанал.

Летась рэальныя заробкі лекараў падняліся на 18 %, а ў педагогаў – на 12,2 %.

«Павялічылі надбаўку для настаўнікаў. Гэтая надбаўка будзе мець уплыў і ў наступным годзе. Ніжэй яна ўжо не зробіцца», – кажа міністр эканомікі Беларусі Юрый Селіверстаў.

Агулам бюджэтнікаў – 800 тысяч, і сёлета іхныя заробкі вырастуць на 15 %. У 2024 годзе фонд заробкаў вырасце больш чым у 1,5 разы – да Br 26 млрд. Хоць бюджэтнікі самыя нічога не вырабляюць і не прадаюць, іхныя заробкі павінныя быць прывязаныя да вытворчасці працы занятых у рэальнай эканамічнай галіне. Такой прывязкі няма, таму даходы бюджэтнікаў растуць неапраўдана, кажа эканаміст Аляксей Харкевіч:

«Беларускі рэжым лічыць важным, каб цяпер бюджэтнікі адчувалі нейкую абароненасць, каб не дапускалі шарахання. У першую чаргу сілавікі і чыноўнікі рознага рангу. На гэтыя катэгорыі грамадзянаў і нацэлены гэты рост заробкаў».

Магчыма, бонусы для бюджэтнікаў – адная з задачаў «мабілізацыйнага падыходу да развіцця эканомікі», пра які казаў сёння прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка. Хваліўся добрымі прагнозамі на гэты год і разам з Саветам міністраў планаваўся на год наступны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія рублі. Фота: Белсат

«Тэмп росту ВУП у 2023 годзе мае скласці 103,8 % – гэта вышэй за тэмпы росту сусветнай эканомікі. […] Страты рынкаў недружалюбных краінаў цалкам кампенсаваныя», – казаў Раман Галоўчанка.

Экспарт, перадусім у Расею, плануюць захаваць у падобных абʼёмах. Асноўны паказнік росту эканомікі – ВУП – павысяць на 1,9 %.

«Ацэньваем, што даходы кансалідаванага бюджэту вырастуць на 6 % будзе парадку Br 67 млрд. Калі казаць па рэспубліканскім і мясцовым, то мясцовыя бюджэты фармуюцца з даходам парадку 12 %. Рэспубліканскі – 6 %», – паведаміў Юрый Селіверстаў.

Рост у гэтым і наступным годзе – пасля крызіснага 2022-га – адзначаюцца ў бальшыні эканомік свету. Эканаміст звяртае ўвагу, што паказнікі адлюстроўваюць толькі адзін бок эканамічнага здароўя.

«Калі задацца мэтаю выканаць пэўны параметр – можна яго аўральным спосабам выканаць. Нават штучнымі крокамі. Той жа ВУП наўпрост звязаны з заробкамі чыноўнікаў, настаўнікаў – гэта іх чысты даход, які ўключаецца ў ВУП. Гэта тая крыніца росту якая заўжды ёсць у руках уладаў. Плюс у іх ёсць друкавальны станок», – прывёў прыклады эканаміст.

Такім чынам, можна стварыць часовы эфект і закрыць гадавыя справаздачы. Паралельна працягваць працу над прыстасоўваннем эканомікі да працы ў новых рэаліях. Чыноўнікі сёння абвесцілі, што вядуць працу над асвойваннем крэдыту на імпартазамяшчэнне, а значыць, развіваюць праекты, якія маюць зарабляць у межах так званай Саюзнай дзяржавы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама