Візіт Лукашэнкі ў Абхазію: што гэта было?

«Мы прыехалі з дабром. І калі мы нечым вам можам дапамагчы, пры тым гэта ўзаемавыгаднае будзе супрацоўніцтва, а кірунак яго ёсць, мы гэта зробім». Такімі словамі Аляксандр Лукашэнка пачаў свой нечаканы візіт у Абхазію 28 верасня. Адметна, што непрызнаную рэспубліку ён наведаў упершыню. Яшчэ ў 2015 годзе, пасля перамоваў у Тбілісі з прэзідэнтам Гіёргіем Маргвэлашвілі, Лукашэнка заяўляў, што Беларусь прызнае, цытата, «тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ў яе міжнародна прызнаных межах». Што ж адбылося цяпер?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Для Лукашэнкі, напэўна, было так неабходна паказаць Маскве: я з вамі, я гатовы зрабіць нейкія крокі, якія вам спадабаюцца. Ён там сказаў – ізноў гэтая рыторыка пра старэйшага брата Пуціна. Гэта ўсе такія словы, якія павінны падабацца Расеі і падабацца Пуціну», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

«Гэтыя два дыктатары, два тырана, выбралі шлях правакацыі міжнароднай супольнасці і шлях ігнаравання ўсіх правілаў, якія былі створаны з другой сусветнай вайны», – кажа нам дэпутат Еўрапарламента Сяргей Лагадзінскі.

Візіт у Сухумі Лукашэнка здзейсніў пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы, пра што ён сам расказваў на сустрэчы з так званым «прэзідэнтам» Абхазіі Асланам Бжаніяй:

«Абмяркоўваючы праблемы Абхазіі з нашым старэйшым братам, з Уладзімірам Уладзіміравічам, шмат вельмі, да ночы абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Ён вельмі пагружаны, больш за мяне, у праблемы і справы Абхазіі. Мы прыйшлі да адной высновы: што Абхазія ёсць, яе з карты не сцерці, ніякія санкцыі не змогуць гэта зрабіць».

Аляксандр Лукашэнка і Аслан Бжанія глядзяць выступ абхазскага танцора. Пінцуд, Грузія. 28 верасня 2022 года. Фота: apsnypress.info

Лукашэнка афіцыйна не прызнаў незалежнасці Абхазіі. Але ягоны візіт у непрызнаную рэспубліку – нагода для новых санкцыяў з боку Еўрапейскага Звязу, мяркуе дэпутат Еўрапарламенту Рышард Чарнэцкі:

«Гэты візіт ёсць не толькі знакам падтрымання Пуціна беларускім дыктатарам у ягонай вайне ва Усходняй Еўропе (Украіне), а таксама ўмяшаннем у замежную палітыку Паўднёвага Каўказу. Я ўпэўнены ў тым, што Еўразвяз не мусіць маўчаць у гэтым вельмі далікатным і важным пытанні».

Цяпер у Грузіі жыве шмат беларусаў, вымушаных пакінуць сваю краіну праз рэпрэсіі. На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, візіт Лукашэнкі ў Сухумі на палітычных эмігрантах адбіцца не павінен. А якімі будуць адносіны афіцыйнага Тбілісі і Менску?

«Калі ўзяць беларуска-грузінскія адносіны, то гэты візіт, безумоўна, паўплывае на пагаршэнне гэтых адносін. І гэта тычыцца ўрада Грузіі, і асабліва гэта датычыцца насельніцтва Грузіі, якое вельмі непрыемна ўспрыняла гэты візіт Лукашэнкі», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Пасля расейска-грузінскай вайны 2008 года адносіны Лукашэнкі і Грузіі можна было назваць ва ўсіх сэнсах сяброўскімі. Напрыклад, у 2012 годзе Міхаіл Саакашвілі і Аляксандр Лукашэнка разам глядзяць фінал чэмпіянату Еўропы па футболе. Ні дзе-небудзь, а ў Кіеве. У лютым гэтага года былы прэзідэнт Грузіі ў Тбіліскім гарадскім судзе і ўвогуле распавёў унікальную гісторыю:

«Я чатыры разы таемна сустракаўся з Лукашэнкам у Лондане. Упершыню расказваю пра гэта. Гэта была таемная дыпламатыя. Тое, што Лукашэнка да гэтага часу не прызнаў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, ёсць вынікам маіх паездак у Лондан».

Пракаментавала візіт Лукашэнкі ў Абхазію і прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі:

«Не магу не адзначыць, наколькі непрымальна і трывожна тое, што адбылося. Гэта вельмі цынічны падыход, калі прэзідэнт Беларусі прыбывае ў Абхазію ў парушэнне закону «Аб акупацыі», у парушэнне ўсіх нормаў і прынцыпаў міжнароднага права, а таксама ў парушэнне нашых нібыта сяброўскіх адносінаў. Я вельмі радая, што да гэтага часу зацягвала і не падпісвала прызначэння новага амбасадара Грузіі ў Беларусі. Мы павінныя абараняць нашыя правілы, нашую тэрыторыю, нашыя прынцыпы, і мы мусім патрабаваць гэтага ад усіх».

Лукашэнка трымаўся да апошняга. Будучы загнаным у кут, ён здзейсніў тое, што шмат якія эксперты назвалі стрэлам сабе ў галаву. Падобна, гэта разумеюць і дзяржаўныя беларускія СМІ, якія ваяж Лукашэнкі ў Сухумі назвалі ўсяго толькі, цытата, «візітам у гістарычныя месцы паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Чорнага мора».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама