Пачаліся ператрусы ў «справе Панамарова» ў Расеі

Раніца ў сямі рэгіёнах Расеі пачалася з ператрусаў. Усе яны, паведамляе «РИА Новости», праходзяць у рамках справы былога дэпутата Дзярждумы Іллі Панамарова, які працяглы час жыве ва Украіне. Паводле агенцтва ТАСС, ФСБ уварвалася да адміністратараў тэлеграм-каналаў і да ўдзельнікаў З’езду народных дэпутатаў – падзея праходзіла ў пачатку лістапада ў Польшчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Зʼезд народных дэпутатаў» прыняў шэраг заяваў і актаў супраць расейскага кіраўніцтва. У ім браў удзел шэраг палітычных дзеячаў, якія эмігравалі з Расеі, у тым ліку былы дэпутат Дзярждумы Генадзь Гудкоў, былы адвакат Марк Фейгін. Арганізатарам падзеі выступіў Ілля Панамароў», – піша агенцтва ТАСС.

Таксама, паведаміў ТАСС, ператрусы прайшлі ў тых, хто ў верасні вылучаўся на муніцыпальных выбарах ад платформы «ВыДвижение» – гэта сайт, які дапамагаў балатавацца незалежным дэпутатам. Да яе сузаснавальніка, дацэнта МДУ Міхаіла Лабанава а шостай раніцы таксама ўварваліся аператыўнікі і павалілі яго і жонку на падлогу. Летась у верасні навуковец балатаваўся на выбарах у Дзярждуму.

Падчас ператрусу, заявіў Лабанаў, яго білі ў твар і грудзі. Следчы пры гэтым згадваў імя Панамарова. Лабанаў кажа, што ніколі не быў знаёмы і ніяк не звязаны з ім. На выкладчыка МДУ склалі пратакол аб непадпарадкаванні паліцыі. Акрамя Лабанава, ператрусы прайшлі ў маскоўскіх муніцыпальных дэпутатаў Сяргея Цукасава і Уладзіміра Залішчака. Таксама пра ператрусы паведамілі цюменскія журналісты Артур Галіеў і Мікіта Кіфарук.

«Пра некаторых людзей, да якіх прыйшлі, я нешта чуў, пра большасць – нічога. Я расцэньваю ўсё, што адбываецца, як, па-першае, запалохванне тых, хто застаецца ў Расеі, каб яны баяліся са мной узаемадзейнічаць. Па-другое, як сведчанне добрай працы маёй службы бяспекі і няздольнасці спецслужбаў выявіць рэальныя партызанскія, актывісцкія і журналісцкія сеткі, з якімі мы працуем», – заявіў Ілля Панамароў.

У Іллі Панамарова неадназначная рэпутацыя ў асяродку расейскай апазіцыі. З 2007 да 2016 года ён быў дэпутатам Дзярждумы. Галасаваў супраць анексіі Крыму. Затым зʼехаў у ЗША, а апошнія гады жыве ва Украіне і нават зрабіўся грамадзянінам гэтай краіны. Пасля пачатку адкрытай расейскай агрэсіі Панамароў заяўляў аб стварэнні Нацыянальнай рэспубліканскай арміі і легіёну «Свобода России». Экс-дэпутат запэўнівае, што менавіта ягоныя партызаны датычныя да забойства Дарʼі Дугінай ды іншых дыверсіяў у Расеі. Але ніякіх доказаў таго, што гэтыя арганізацыі сапраўды існуюць, няма.

Таксама сёння, паведамляе «Baza», супрацоўнікі ФСБ затрымалі дваіх маладзёнаў. Яны нібыта меліся падпаліць электрападстанцыю ў Екацярынбурзе. Распачатая справа аб рыхтаванні да тэракту.

Марыя Аляксандрава, Ірына Юрʼева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама