2023 стаў годам рэпрэсіяў і эміграцыі

Рэпрэсіўная сістэма шукае новыя спосабы пераследу нелаяльных Лукашэнку людзей, у тым ліку скіроўвае тэрор супраць іхных сваякоў. І галоўная асаблівасць палітычнага тэрору ў Беларусі – яго перманентнасць, пастаянства пад маскаю клопату пра насельніцтва. Гэтак праваабаронцы падсумоўваюць унутрыпалітычныя вынікі 2023-га года. Але яны адзначаюць, што насуперак рэпрэсіям, садызму і правакацыям унутры Беларусі набіраюць моц і прарастаюць новыя нітачкі салідарнасці між людзьмі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вы можаце не цікавіцца палітыкай – палітыка ўсё роўна зачэпіць вас. 2023-ці год для беларусаў запомніцца, як год скарачэння свабодаў і працягу сыходу ў эміграцыю.

«Год, у які беларусам унутры Беларусі было яшчэ цяжэй. Людзі сустракаюцца з тым, што не хапае спецыялістаў, якія аказвалі ім паслугі. І гэта не толькі медыкі, пра якіх усе ведаюць, бо медыкі на слыху», – нагадвае рэдактар выдання «Беларускі Штогоднік» Вадзім Мажэйка.

Чаму з’язджаюць медыкі, праграмісты, зваршчыкі і кухары? Бо ў Беларусі з кожным днём усё больш дазволена міліцыі і КДБ, ды агулам чыноўнікам і інспектарам. І ўсё менш дазволена грамадзянам. Практычна немагчыма паскардзіцца на парушэнні законаў у газету ці на простай лініі начальніка выканкаму. Нельга нават выбраць сабе музыку на Новы Год: у Берасці ідэолагі правяраюць рэпертуар у караоке.

«2023 для Беларусі быў унутраным годам стабільнасці (так сказалі б аптымісты) і стагнацыі (так сказалі б песімісты). Бо не было яркай падзеі, якая хоць у якісьці бок вырашала палітычны крызіс», – падсумоўвае Вадзім Мажэйка.

Штомесяц праваабаронцы фіксуюць 300-600 выпадкаў палітычных рэпрэсіяў.

«Людзі працягваюць спрабаваць і рэалізоўваць свае правы, карыстацца імі: свабода выказвання меркаванняў, свабода мірных сходаў і іншыя. І ў той жа час беларускія ўлады працягваюць рэпрэсаваць людзей», – тлумачыць Наталля Сацункевіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

Увесь год лічба афіцыйна прызнаных палітвязняў трымалася і трымаецца на ўзроўні каля паўтары тысячы чалавек. Хаця фіксаваць рэпрэсіі становіцца ўсё цяжэй. Сёлета адбыўся суд над кіраўнікамі старэйшай праваабарончай арганізацыі «Вясна»: Уладзімірам Лабковічам, Валянцінам Стэфановічам і Нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.

«Увесну ім вынеслі прысуд, яны атрымалі ад 7 да 10 гадоў зняволення. І зараз у калоніях адбываюць свой тэрмін. І як іншыя палітвязні, сутыкаюцца з жорсткімі ўмовамі ўтрымання, ім не дазваляюць сустрэчы з адвакатамі, у іх няма кантакту з роднымі», – нагадвае Наталля Сацункевіч.

Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да так званага Адзінага дня галасавання ў лютым. Намеснік міністра ўнутраных справаў Карпянкоў трэнуе спецназ разам з баевікамі «Вагнэра». Старшыня Цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка дае тлумачэнні, як удзельнічаць у кампаніі, зарэгістраваным і лаяльным Лукашэнку партыям і арганізацыям. А ўсе апазіцыйныя партыі ў 2023-ім проста ліквідавалі.

«Усе 30 гадоў беларускія партыі працавалі ў апазіцыі, і не тое што ў еўрапейскім сэнсе апазіцыі, а ў маргінальным стане, калі іх спрабавалі шальмаваць, не дапускалі да медыяў, не давалі працаваць з людзьмі, арыштоўвалі, звальнялі з працы», – тлумачыць намесніца старшыні «Абʼяднанай грамадзянскай партыі» Ганна Красуліна.

Дэмакратычныя сілы ў Беларусі працягнуць дзейнічаць і ва ўмовах падполля:

«Працаваць, рыхтаваць кадры, адбудоўваць новыя структуры за мяжой, выбудоўваць каардынацыю і камунікацыю з беларусамі», – працягвае Ганна Красуліна.

Галоўная выснова 2023-га года для Беларусі – ніхто не перагарнуў старонку і не забыў 2020-га. І саўдзел Беларусі ў вайне Лукашэнку таксама не даравалі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама