Украіна ўвяла новыя санкцыі супраць Беларусі. Але ці слушныя яны?

Кіеў уводзіць новыя санкцыі супраць Менску. У абноўлены спіс дадаліся яшчэ 23 айчынныя прадпрыемствы. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі просіць Еўразвяз актываваць у адносінах Беларусі як суўдзельніка расейскай агрэсіі аналагічныя санкцыі. Чым пагражаюць Беларусі новыя абмежаванні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларуская чыгунка, Гомельскі хімічны завод, «Беларуськалій» і яшчэ 20 беларускіх прадпрыемстваў трапілі пад санкцыі Украіны.

«Іх выкарыстоўвае дзяржава-агрэсар, каб перавозіць чыгункаю вайсковую тэхніку і салдатаў, – заявіў напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. – Іхныя актывы ва Украіне блакуюцца, наяўная маёмасць будзе выкарыстоўвацца для нашай абароны. Мы будзем працаваць над тым, каб аналагічнае блакаванне было ўжытае і іншымі краінамі».

Пераважна абмежаванні скіраваныя супраць юрыдычных і фізічных асобаў з Расеі, беларускія прадпрыемствы займаюць 12% санкцыйнага спісу. Гэта не прывядзе да глабальных зменаў у Беларусі, бо сувязі з Украінаю і так зведзеныя да мінімуму, лічыць палітолаг Пятро Алэшчук:

«Ва ўкраінскім грамадстве гэтае пытанне ўздымалася вельмі даўно. Пра адказнасць прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якія звязаныя з агрэсіяй Расеі ва Украіне. Гэта значыць, у тым ліку і задавальненне запытаў украінскага грамадства».

Галоўнаю ж мэтаю гэтых санкцыяў палітолаг называе намер паслаць пэўны сігнал уладам Беларусі. Маўляў, любыя больш агрэсіўныя дзеянні з боку Беларусі ў дачыненні Украіны пацягнуць за сабою санкцыі, у тым ліку з боку Еўразвязу.

«Напрыклад, у Расеі ды расейскага рэжыму ёсць запас трываласці, які дазваляе яму існаваць ва ўмовах даволі жорсткіх санкцыяў. Таму я думаю, што беларускаму рэжыму варта задумацца, а ці ёсць у яго такі запас трываласці, каб абсякаць цалкам любыя кантакты і эканамічныя сувязі не толькі з Украінай, але і агулам з усёй Еўропай», – тлумачыць палітолаг Пятро Алэшчук.

Украінскія санкцыі будуць дзеяць цягам 10-ці гадоў. Раней афіцыйны Кіеў ужо прыняў абмежаванні ў дачыненні расейскіх і беларускіх прапагандыстаў, у тым ліку працаўніка каналу СТВ Грыгорыя Азаронка. І Украіна далёка не першая, хто робіць такія захады.

«Я вось думаю, вось прыбалты-бамжы, хоць бы на аркушы якім нешта напісалі. Ну вось бачыце, старая дэмакратыя Брытаніі і гэтак далей. Потым унесла асобна Канада чамусьці, хаця я да Канады ніколі ў жыцці, я Трудо ні разу нават ***ам не назваў, хаця ён заслугоўвае гэтага», – распавядае пра сваю сітуацыю Грыгорый Азаронак.

Персанальныя санкцыя скіраваныя на абмежаванне мабільнасці ды фінансавых аперацыяў фізічных асобаў.

«Гэта пасыл скіраваны і на іншых удзельнікаў прапагандысцкай прасторы Беларусі: калі яны хочуць трапіць у спісы і не мець магчымасці наведваць краіны, якія ўвядуць гэтыя санкцыі, перадусім ЕЗ, ЗША, Вялікабрытанію, яны павінны разумець усе гэтыя рызыкі», – зазначае намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павал Латушка.

Неўзабаве рыжым Лукашэнкі чакаюць новыя санкцыі. Да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіны Еўразвяз абяцаў увесці 10-ы пакет супраць краінаў-агрэсараў. Ён будзе спрыяць закрыццю пралазаў для абыходу папярэдніх санкцыяў.

«Гэта будзе тычыцца тавараў падвойнага прызначэння, менавіта імпарту на тэрыторыю Беларусь, тавары, якія звязаныя з тэхналогіяй авіяцыйнай, касмічнай, тавары, якія пастаўляюцца на тэрыторыю Беларусі і могуць пазней пастаўляцца ў Расею. Фактычна гэта тыя тавары, якія будуць дапамагаць развіццю вайскова-прамысловага комплексу Расеі», – тлумачыць намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі Павал Латушка.

10-ы пакет санкцыяў амбасады Еўразвязу абмяркуюць на адпаведным паседжанні ўжо заўтра, але апошняе рашэнне – за кіраўнікамі краін – сябраў ЕЗ.

«Пакуль я не бачу, каб увогуле санкцыі дзейнічалі. Мы бачым праз 2 гады тую ж сітуацыю, якая была ў 20 годзе, яна не стабілізуецца, палітвязні не выходзяць, рэжым не ідзе ні на якія размовы», – каментуе сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

На думку Вольгі Кавальковай, вынікам санкцыйнай палітыкі ў дачыненні Беларусі стала толькі большая залежнасць нашай краіны ад Расеі ды паскарэнне інтэграцыйных працэсаў:

«Я лічу, што санкцыі павінны быць рознымі супраць Расеі і супраць Беларусі, бо Беларусь не ваюе, яна не ўступіла ва Украіну, хаця і прадстаўляе сваю тэрыторыю для нападу. Але калі аднолькавыя санкцыі, то ніякага манеўра, ніякай развагі, што трэба з кімсьці размаўляць і дамаўляцца, як захаваць краіну».

Паводле Кавальковай, цяпер неабходна ацаніць уплыў ужо ўведзеных санкцыяў і правесці грамадскую дыскусію, каб разабрацца, як абмежаванні ўплываюць на рэжым і на жыццё беларусаў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама