Улады паднялі падаткі для прадпрымальнікаў, але не для ўсіх

Улады паднялі падаткі для прадпрымальнікаў, каб стварыць роўныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадарання, распавяла намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч. Бо, маўляў, заводам цяжэй зарабляць грошы, чым іпэшнікам. Але ўлады, калі захочуць, даюць абраным кампаніям неверагодныя падатковыя льготы. І ніякімі роўнымі ўмовамі для бізнесу нават не пахне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Канкурэнтнае асяроддзе паміж юрыдычнымі асобамі ды іпэшнікамі парушанае – заявіла намесніца міністра эканомікі ў эфіры ОНТ. Гэтак яна пракаментавала падвышэнне падаходнага падатку для ІП да дваццаці адсоткаў. Маўляў, ствараем для ўсіх роўныя ўмовы. Вядоўца праграмы адзначыў, што ўмоўнаму «Амкадору» цяжэй зарабляць грошы, чым іпэшнікам. І намесніца міністра з гэтым ахвотна пагадзілася.

Аднак страты «Амкадору», які належыць Аляксандру Шакуціну, пакрываюць за кошт бюджэтных сродкаў. А бізнес ягоных сваякоў вызвалялі ад падаткаў, распавядае Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Вось такія роўныя ўмовы: набліжаным бізнесоўцам – персанальныя падатковыя льготы, а тысячам звычайных іпэшнікаў – падвышэнне ставак. Унікаюць значнай часткі адлічэнняў у бюджэт і рэзідэнты індустрыйнага парку «Вялікі Камень». Яны першапачаткова меліся працавалі на экспарт, таму і атрымалі льготы. Але цяпер экспартуецца менш за палову прадукцыі парку, кажа эканаміст Алег Мазоль.

«Парк атрымлівае падатковыя і мытныя льготы, а прадукцыю пастаўляе на рынак Беларусі, што стварае няроўныя ўмовы канкурэнцыі і дыскрымінуе беларускія кампаніі, якія такімі льготамі не карыстаюцца», – адзначыў Алег Мазоль.

Ужо не кажучы пра іпэшнікаў, умовы працы якіх увесь час ускладняюць. Ні Лукашэнка, ні ягоныя чыноўнікі не разумеюць іхнай важнасці для эканомікі, мяркуе Яраслаў Кот з Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою.

Але ўлады лічаць індывідуальнае прадпрымальніцтва перажыткам мінулага, адзначае эксперт.

І, падобна, узялі курс на тое, каб прымусіць іпэшнікаў рэгістраваць фірмы.

Як адрэагуюць прадпрымальнікі на чарговы стымул у выглядзе падвышэння падатку да 20 адсоткаў? Імаверна, частка пачне працаваць нелегальна. Вось што напісала адна беларуская прадпрымальніца ў лісце да Аляксандра Кныровіча, вядоўцы праграмы «Атмасфера» на «Белсаце».

«Цяпер спыняю сваю ІП-дзейнасць і пераходжу на крыпту. Гэта значыць, цалкам у цень. І кукіш дзяржава ад мяне чаго атрымае больш. Рэзкаваты пераход за год ад 3-х адсоткаў на 16, а на 20 – і тым больш. Выходжу з гэтага “аўтобуса” і іду пешшу», – працытаваў Аляксандр Кныровіч аўтарку ліста.

Паводле выдання «Office Life», летась іпэшнікаў у Беларусі паменела амаль на 10 тысячаў. Зрэшты, новыя фірмы беларусы адкрываюць. Напрыклад, у суседняй Польшчы. Пасля 2020-га года колькасць беларускіх бізнесаў у гэтай краіне імкліва расце. Польскіх кампаніяў, дзе заснавальнікамі значацца нашыя суайчыннікі, ужо амаль 5 тысячаў. Асабліва папулярны кірунак дзейнасці сярод беларусаў – грузаперавозы.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама