ЗША спрабуюць спыніць снарадавы голад

Вайсковы завод, даражэйшы за паўмільярда долараў, пабудавалі ў ЗША. Прадпрыемства зоймецца вытворчасцю 155-міліміметровых снарадаў для гаўбіцаў. Вырабленыя боепрыпасы скіруюць на забеспячэнне артылерыйскіх разлікаў Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны выкарыстоўваюцца практычна ва ўсёй наменклатуры ствольнай артылерыі, як гаўбічнага буксіраванага тыпу, так і самаходных артылерыйскіх установак заходняга ўзору. Гэта асноўны артылерыйскі калібр. Ён найбольш хадавы для знішчэння суперніка на вялікіх адлегласцях і мае значна лепшыя характарыстыкі па далёкасці», – кажа вайскова-палітычны аглядальнік групы «Iнформацiйний спротив» Аляксандр Каваленка.

Прадпрыемства вырабляе трыццаць тысяч гаўбічных снарадаў штомесяц, аднак да канца года магутнасці заводу павялічаць утрая. Чакаецца, што такі крок забяспечыць патрэбы ўкраінскага фронту, які выкарыстоўвае ад чатырох да сямі тысячаў дальнабойных боепрыпасаў штодня, а таксама закрые прарэху ў бяспецы саюзнікаў.

Мінулыя пастаўкі, якія часта ажыццяўляліся з дзяржаўных запасаў вайсковых партнёраў Украіны, прывялі да дэфіцыту боепрыпасаў, неабходных для іх уласнай абароны.

«155 калібр будзе дазваляць дамінаваць над аднатыпнай расейскай артылерыяй, але ёсць і іншы вельмі важны момант: 100 тысяч у месяц – гэта тая колькасць, якая цалкам можа забяспечыць украінскія войскі, для таго, каб якасна праводзіць контрбатарэйную барацьбу і дамінаваць у далейшым над расейскімі артылерыстамі», – дадае Аляксандр Каваленка.

Неўзабаве дадатковыя лініі для вытворчасці артылерыйскіх снарадаў запусцяць і ў амерыканскіх штатах Арканзас і Аява. Плануе павялічыць выраб узбраення і Еўразвяз – да мільёна чатырохсот тысяч снарадаў на год.

Паралельна з гэтым заходнія палітыкі разважаюць пра адмену забароны выкарыстоўваць пастаўленую імі зброю на тэрыторыі Расеі. З адпаведнымі заявамі ўжо выступіла прэм‘ер-міністарка Фінляндыі Эліна Вальтанэн і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

«Атрымліваецца так: калі расейскі салдат, які стаіць за 100 метраў ад дзяржаўнай мяжы, – гэта нелегітымная цэль, а калі ён заходзіць на тэрыторыю Украіны, акупуе ўкраінскую тэрыторыю – тады можна біць па гэтым салдату. Таму ва Украіне да гэтых забаронаў ставяцца з неразуменнем», – зазначае дырэктар «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія снарады. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Калі забарона будзе знятая, Збройныя сілы Украіны атрымаюць права збіваць расейскія вайсковыя самалёты яшчэ на падлёце да сваіх межаў. Адсочваць іх набліжэнне таксама стане лягчэй – урад Літвы накіруе краіне 13,5 мільёна еўраў на набыццё радараў паветранага назірання.

Новыя абставіны могуць падштурхнуць афіцыйны Крэмль да глыбейшага ўцягвання Беларусі ў вайну, мяркуе Міхайла Самусь:

«Калі з тэрыторыі Беларусі цяпер будзе зроблена хаця б нейкая акцыя, я ўпэўнены, што першымі паляцяць беспілотнікі. Украінскія беспілотнікі зараз дасягаюць на тэрыторыі Беларусі любы аб’ект. І другое, вядома ж, амерыканская зброя сапраўды таксама будзе ўжытая. Усе вайсковыя аб’екты Беларусі будуць знішчаныя».

Лукашэнкаўскі рэжым актыўна супрацоўнічае з расейскімі агрэсарамі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Па дадзеных маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», толькі за першы год вайны з тэрыторыі нашае краіны па ўкраінскіх гарадах запусцілі больш за семсот дваццаць ракетаў. Аднак у кастрычніку дваццаць другога напады спыніліся і з тых часоў пакуль што не аднаўляліся.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама